Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 верасьня 1772 году нашае войска разьбіў Аляксандар Сувораў


RFE/RL Каляндар Свабоды – 11 і 12 верасьня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 11 і 12 верасьня.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

11-м верасьня ў царкоўным календары датуецца адсячэньне галавы Івана Прадцечы. У народзе гэты дзень называлі Іванам Галавасекам альбо Іванам Посным ці Калінавым. А яшчэ пра гэты дзень нашыя продкі казалі так: “Іван Прадцеча гоніць птушку далеча”.

11 верасьня ў 2001 годзе адбылася беспрэцэдэнтная тэрарыстычная атака на ЗША.

11 верасьня 1971 году памёр савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў.

Сярод слынных людзей сьвету, што прыйшлі на сьвет 11 верасьня ў розныя гады, згадаем амэрыканскага пісьменьніка О''Генры і латыскага паэта Яна Райніса. Таксама 11 верасьня ў 1877 годзе нарадзіўся Фэлікс Дзяржынскі, камуністычны дзеяч, стваральнік рэпрэсіўнае сыстэмы ў Савецкім Саюзе. Гэта ён быў старшынём ВЧК, пасьля ГПУ, быў ініцыятарам стварэньня ГУЛАГу. А нарадзіўся Фэлікс Дзяржынскі ў Беларусі, у былым маёнтку Дзяржынава пад Стоўбцамі.

Цяпер – гістарычныя даты сёньняшняга календара.

12 верасьня 1772 году шанцунак адвярнуўся ад нашых продкаў. Менавіта ў гэты дзень адбылася бітва пад Сталавічамі. Войска гетмана Міхала Казіміра Агінскага, якое змагалася супраць далучэньня беларускіх земляў да Расейскае імпэрыі, панесла паразу ад расейскіх палкоў на чале з Аляксандрам Суворавым. У жорсткім баі загінула больш за 3 тысячы абаронцаў незалежнасьці.

Задоўга да тае бітвы, калі Беларусь яшчэ не дзялілі паміж магутнымі імпэрыямі, 12 верасьня 1712 году на Наваградчыне прыйшоў на сьвет Сьцяпан Аскерка, якому выпала стаць эканамістам з сусьветным імем. Скончыўшы Слуцкую гімназію, а пасьля Кёнігсбэрскі і Бэрлінскі ўнівэрсытэты, Аскерка быў запрошаны на пасаду дарадцы юстыцыі да прускага караля Фрыдрыха ІІ. У сваіх эканамічных працах Сьцяпан Аскерка апісаў прускі шлях капіталізму ў сельскай гаспадарцы і ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак слова “плян”.

Сёньня спаўняецца 60 гадоў паэту і дасьледніку літаратуры Рыгору Семашкевічу. Ён нарадзіўся ў Дамашах пад Маладэчнам. Напісаў дзьве кнігі вершаў, аповесьць “Бацька ў калаўроце”, эсэ пра Ігната Буйніцкага і дасьледваньні пра Браніслава Эпімах-Шыпілу і беларускі рух у Пецярбургу. Манаграфіі Семашкевіча ўпершыню асьвятлялі абраныя ім тэмы і дагэтуль служаць для навукоўцаў першакрыніцамі. А ня стала літаратара ў 1982 годзе, на 37-м годзе жыцьця.
XS
SM
MD
LG