Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад пачатку году ў Афрыцы загінула дзесяць беларускіх пілётаў


Ігар Карней, Менск Некалькі дзён таму ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якая да нядаўняга часу мела назву Заір, пацярпеў катастрофу чарговы самалёт украінскай вытворчасьці, які праз тэрыторыю гэтай краіны ляцеў у суседняе Конга. Усе пасажыры і пілёты Ан-26 загінулі. Ад пачатку мясцовыя мэдыі паведамлялі, што кіравалі самалётам украінскія грамадзяне, аднак сёньня інфармацыя была адкарэктаваная: праўдападобна, што сярод загіблых – два беларусы і адзін расеец. Мяркуецца, што прычынай трагедыі стала дрэннае надвор''е. Аднак пілёты, якія ў розныя часы працавалі ў гэтым рэгіёне Афрыкі, не выключаюць, апроч усяго, атак груповак паўстанцаў ці тэхнічнай аварыі на маральна і матэрыяльна састарэлым транспарце.

Беларускае зьнешнепалітычнае ведамства афіцыйна пакуль не пацьвярджае факт гібелі беларускіх пілётаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК, былым Заіры), звыкла кажучы, што працуе ў шчыльным кантакце з расейскімі прадстаўніцтвамі як у Конга, так і ў ДРК.

Паводле Афрыканскай асацыяцыі авіяліній, за апошнія 10 гадоў па ўсёй Афрыцы афіцыйна зарэгістравана 210 авіякатастрофаў. Сярод асноўных прычынаў – недахоп сучасных лётнішчаў, навігацыйнага абсталяваньня й перагрузка самалётаў.

Як паказьнік ігнараваньня ўсялякіх нормаў бясьпекі, прыводзяцца такія факты: у шэрагу выпадкаў на пасадку пасажыры ідуць альбо са сваімі зэдлікамі, альбо салён камплектуецца плястыкавымі крэсламі, як у кавярні.

Можна нагадаць, што сёлета гэта ўжо трэцяя буйная авіякатастрофа ў Афрыцы, у якой гінуць беларусы. На пачатку году ў Танзаніі загінулі шэсьць грамадзянаў Беларусі. Празь некалькі месяцаў авіякампанія “Гродна” страціла ў Афрыцы другога запар пілёта (папярэдні памёр ад малярыі). Як распавёў лётчык Аляксандар Баравы, які браў удзел у гуманітарных апэрацыях у Афрыцы ад імя ААН, у гэтай статыстыцы адсутнічае прынцыповы бок – частка пілётаў памірае ўжо пасьля вяртаньня дадому, перадусім, ад наступстваў ліхаманкі і малярыі.

(Баравы: ) “У эўрапейца арганізм ад пачатку арыентаваны такім чынам, што, нават калі ён прастудзіўся, нават калі падазрэньне ўсяго толькі на насмарк, пачынае пічкаць сябе ўсялякімі лекамі, алькаголем і г.д. А калі чалавек захварэў на малярыю, то сьпіртное толькі паскорыць адыход на той сьвет. Трэба да гэтых афрыканскіх хваробаў ставіцца вельмі сур''ёзна. Я сам двойчы хварэў на малярыю; хтосьці пасьпяваў і па тры, і па чатыры разы. Але калі чалавек з галавой і ўсё робіць своечасова, то рэабілітавацца можна. Галоўнае, прайсьці адпаведны курс лекаваньня пасьля вяртаньня. Але тут як раз і пачынаюцца складанасьці, бо ў Менску такіх умоваў няма, ёсьць толькі ў Маскве”.

Што штурхае авіятараў шукаць працу ў рэгіёне, прызнаным з гледзішча авіяцыйнай бясьпекі самым ненадзейным? У той жа Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга гэтая катастрофа ўжо другая за тыдзень – 5 верасьня ў катастрофе аналягічнага Ан-26 загінулі ўсе пасажыры і тры украінскія пілёты.

Як апавядаюць самі лётчыкі, толькі адсутнасьць працы і малыя заробкі вымушаюць рызыкаваць жыцьцём і выходзіць у рэйсы на самалётах, якія, паводле нормаў бясьпекі, трэба было б адправіць на мэталялом. Дарэчы, у параўнаньні зь іншымі месцамі, заробак за падобную рызыку ў краінах Афрыкі проста мізэрны – блізу 700-800 даляраў на месяц. У Беларусі апошнім часам авіятары атрымліваюць прыкладна столькі ж, але ўладкавацца на працу ў дзяржаўную авіякампанію з-за вялікай канкурэнцыі вельмі ня проста.

Авіякатастрофы ў трэціх краінах, у якіх гінуць у тым ліку і беларусы, здараюцца з устойлівай рэгулярнасьцю. Апроч Танзаніі й Конга, яшчэ раней трагічныя весткі прыходзілі з Анголы і Шры-Ланкі. Як паведамляюць міжнародныя агенцтвы, 9 верасьня Міністэрства транспарту Конга адклікала ліцэнзіі на права палётаў у трох дзесяткаў зарэгістраваных авіякампаній з прычыны шматлікіх парушэньняў правілаў палётаў.
XS
SM
MD
LG