Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлу Севярынцу дазволілі раз на месяц наведваць царкву


Валер Каліноўскі, Менск Паўлу Севярынцу, які адбывае пакараньне – два гады абмежаваньня волі – у вёсцы Малая Сітна Полацкага раёну, дазволілі раз на месяц наведваць царкву, аднак дазвол абцяжараны такімі ўмовамі, якія фактычна не дазваляюць яму скарыстацца гэтым правам.

Асуджаны на два гады "хіміі" Павал Севярынец зьвярнуўся да начальніка спэцкамэндатуры з просьбай дазволіць яму наведваць царкву яшчэ ў канцы жніўня. Спадар Севярынец напісаў, што яму, як хрысьціяніну, належыць бываць у царкве мінімум раз на тыдзень, у нядзелю.

Адказ ад начальніка папраўчае ўстановы Аляксандра Дамуця прыйшоў днямі. Пра гэта паведаміла маці апазыцыйнага палітыка Тацяна Севярынец, якая ў мінулыя выходныя наведвала яго ў месцы зьняволеньня.

(Тацьцяна Севярынец: ) “У якасьці выключэньня яму дазволена быць у царкве ў Полацку адзін раз на месяц. Таму што там насамрэч у акрузе 40 кілямэтраў няма ніякіх храмаў. Але прыйшоў участковы і растлумачыў, што ямы дазволена наведваць Полацак, але толькі тры гадзіны знаходзіцца ў горадзе”.

Аднак розьніца паміж ранішнімі і вечаровымі аўтобусамі ў Полацку складае 7 гадзін, такім чынам выканаць гэтае абмежаваньне ён ня здольны.

Павал будзе дабівацца магчымасьці нармальна езьдзіць у царкву і не раз на месяц, а кожную нядзелю.

Вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла зазначыў Радыё Свабода, што патрабаваньне Паўла Севярынца абсалютна законнае. Адміністрацыя калёніі абавязаная даваць яму магчымасьць наведваць царкву ў межах Полацкага раёну.

Тое, як вырашыла ягоную просьбу адміністрацыя папраўчай установы, спадар Паганяйла трактуе як стварэньне ўмоваў, немагчымых для рэалізацыі гэтых правоў. Забесьпячэньне рэлігійных патрэбаў вязьняў не зьяўляецца для беларускай папраўчай сыстэмы нечым незвычайным, тым больш што тычыцца асуджаных на абмежаваньне волі, так званую "хімію". Таму дзеяньні адміністрацыі калёніі спадар Паганяйла назваў адмысловым парушэньнем правоў Паўла Севярынца.

(Паганяйла: ) “У дадзеным выпадку мы маем справу з тым, што ўлады ня хочуць выконваць ягоныя патрабаваньні толькі таму, што ён зьяўляецца палітычным вязьнем і да яго асаблівыя адносіны. І мясцовая адміністрацыя ды ўсякая іншая баіцца пайсьці насустрач, маўляў, а як бы чаго ня выйшла. Але Павал мусіць быць настойлівым і патрабаваць выкананьня законаў, ажно да звароту ў суд.”

Гары Паганяйла заявіў, што Беларускі Хэльсынскі камітэт гатовы дапамагчы Паўлу ў адстойваньні сваіх правоў.

***

Нагадаем, што Павал Севярынец быў асуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі за ўдзел у акцыі пратэсту апазыцыі супраць фальсыфікацыі вынікаў леташняга рэфэрэндуму аб працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. На “хіміі” ён працуе штабялёўшчыкам на пагрузцы лесу з 8 да 16 гадзінаў шэсьць дзён на тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG