Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеру Леванеўскаму адмовілі ў пераводзе на “хімію”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі адмовілася перавесьці лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага ў калёнію-пасяленьне.

Пра тое, што Валеру Леванеўскаму адмовілі ў пераводзе з калёніі агульнага рэжыму ў калёнію-пасяленьне, паведаміў ягоны сын Уладзімер, спаслаўшыся на апошні ліст ад бацькі.

(Леванеўскі: ) “Ён напісаў, што 3 верасьня яму адмовілі ў зьмякчэньні пакараньня — у пераводзе ў калёнію-пасяленьне. Нібыты на той падставе, што ён ёсьць злосным парушальнікам турэмнага рэжыму. Цяпер ён працягвае абскарджваць прысуд і пакараньні, якія на яго наклалі ў турме”.

Валера Леванеўскага чатыры разы каралі за розныя парушэньні турэмнай дысцыпліны, у тым ліку накіроўвалі ў турэмны карцэр за парушэньне формы адзеньня. Вязень лічыць, што гэтак турэмная адміністрацыя помсьціла яму за скаргі, якія ён накіроўваў у вышэйшыя інстанцыі. Накладзеныя на гарадзенскага прадпрымальніка пакараньні ўжо сталі падставай для адмовы яму ў амністыі. Абскардзіць гэтыя пакараньні яму не ўдаецца, бо суды не прымаюць ягоных скаргаў да разгляду.

Калёнія-пасяленьне — гэта больш лёгкая форма адбыцьця пакараньня, якая падобна на гэтак званую “хімію”. Пераведзеныя на пасяленьне вязьні звычайна занятыя ў калгасах на некваліфікаванай працы, жывуць у інтэрнатах пад наглядам міліцыі, аднак маюць магчымасьць вольна перамяшчацца ў межах населенага пункту і кантактаваць з жыхарамі і гасьцямі. Апошні год свайго пакараньня на такім рэжыме быў былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту прафэсар Юры Бандажэўскі, які працаваў пастухом у калгасе Дзятлаўскага раёну.

Дзяжурны Івацэвіцкай калёніі адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра рашэньне адміністрацыі адносна Валера Леванеўскага.

Паводле Ўладзімера Леванеўскага, ягоны бацька таксама напісаў у лісьце пра тое, што стаў сьведкам спробы самагубства зьняволенага. Малады чалавек, які апынуўся на апошняй прыступцы ярархічнай лесьвіцы сярод вязьняў калёніі, спрабаваў перарэзаць сабе вены. Зьняволенага ўдалося выратаваць, цяпер ён знаходзіцца ў мэдычнай частцы. Валер Леванеўскі напісаў, што ў калёніі гэта ня першы выпадак спробаў самагубства. Валер Леванеўскі лічыць, што гэтай зьяве спрыяе культ гвалту, уласьцівы ўсёй пэнітэнцыярнай сыстэме краіны.

Нагадаем, лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага больш за год таму асудзілі да 2 гадоў зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Ва ўлётцы, якую напісаў Валер Леванеўскі напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў, было сказана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG