Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ураган "Катрына" і замежная палітыка ЗША – ці ёсьць сувязь?


Юры Дракахруст, Прага Увага амэрыканскага ўраду занятая цяпер ліквідацыяй наступстваў урагану ў Луізіяне і іншых паўдзённых штатах. Адначасна ў мэдыях і палітычных колах не спадае хваля крытыкі на адрас уладаў за недастатковыя дзеяньні па барацьбе са стыхійным бедзтвам. Як гэтая сытуацыя адаб''ецца на зьнешняй палітыцы Злучаных Штатаў? Ці скарыстае апазыцыйная дэмакратычная партыя няпростае палітычнае становішча Джорджа Буша, каб уплываць на замежную палітыку ЗША?

Ад тэрарыстычных атакаў 11 верасьня 2001 году да апошняга часу прэзыдэнцтва Джорджа Буша было сфакусаванае на зьнешняй палітыцы. Зараз увага кіраўніка ЗША цалкам занятая наступствамі ўрагану Катрына. Аднак вайна ў Іраку не спыняецца, увагі патрабуюць складаныя адносіны з такімі краінамі, як Кітай і Расея. Патрык Башэм, дасьледчык палітыкі з вашынгтонскага КАТО-інстытуту нагадвае, што зьнешняя палітыка ў Амэрыцы заўсёды была закладніцай унутранай палітыкі. Ён прыгадаў, што пасьля перамогі летась на сваіх другіх прэзыдэнцкіх выбарах Буш заявіў, што “зарабіў палітычны капітал”. Цяпер прэзыдэнту даводзіцца яго траціць – гаворыць Патрык Башэм.

(Башэм: ) "Пакуль прэзыдэнт палітычна вымушаны рэагаваць на крытыку ягоных дзеяньняў падчас урагану. Гэта забірае частку ягонага часу і ўвагі, якія ў іншым выпадку ён мог бы засяродзіць на замежных справах, і самае галоўнае – гэта забірае частку ягонага палітычнага капіталу, якую ён мог бы скарыстаць для правядзеньня і прапаганды сваёй зьнешняй палітыкі, асабліва ў Іраку, бо зараз гэты палітычны капітал патрэбны яму ўнутры краіны".

Патрык Башэм мяркуе, што няўдачы амэрыканскіх урадавых установаў падчас змаганьня з ураганам яшчэ больш пагоршаць стаўленьне людзей у сьвеце да Амэрыкі і яе замежнай палітыкі.

Дэмакратычная партыя ўвесь час крытыкуе адміністрацыю Буша за тое, як вядзецца вайна ў Іраку, а цяпер дадалася тэма ўрагану. Экспэрт КАТО-інстытута лічыць, што гэтыя два сюжэты могуць даць апазыцыі галоўную, прычым не ідэалягічную тэму ўжо для выбарчай кампаніі ў палату прадстаўнікоў, якая адбудзецца ў наступным годзе.

(Башэм: ) "Гэта вакно магчымасьцяў для дэмакратаў, каб лепш скіраваць сваю крытыку на адміністрацыю Буша і ці не ўпершыню прадставіць нейкую пасьлядоўную апазыцыю, знайсьці тэму, якая палягае ня ў тым, што гэтыя хлопцы ў адміністрацыі прэзыдэнта занадта кансэрватыўныя, а ў тым, што яны некампэтэнтныя: яны кепска вядуць вайну, яны кепска змагаюцца з унутранымі крызысамі".

Аднак Алан Ліхтман, прафэсар гісторыі з унівэрсытэту Вашынгтона лічыць, што такая тактыка дэмакратаў ня будзе працаваць. Ягонае назіраньне наконт псыхалягічных асаблівасьцяў амэрыканцаў тычыцца, магчыма, ня толькі іх.

(Ліхтман: ) "Аргумэнты наконт некампэтэнтнасьці ніколі ня ўзьдзейнічалі на амэрыканцаў. Некаторыя памятаюць, як у 1988 годзе дэмакратычны кандыдат Майкл Дукакіс вёў кампанію супраць бацькі цяперашняга прэзыдэнта пад лёзунгам не ідэалягічнай кампэтэнтнасьці. І згарэў Дукакіс. Амэрыканцы хочуць чагосьці большага, чым кампэтэнтнасьць, яны хочуць бачаньня будучыні, хочуць лідэрства і хочуць сьмеласьці. І пакуль ня бачна, каб хтосьці з дэмакратаў мог бы забясьпечыць гэта".

Прафэсар Ліхтман адзначае, што цяперашні прэзыдэнт ніколі не дазваляў нікому і нічому, нават росту грамадзкай незадаволенасьці, прымусіць яго зьмяніць свой палітычны курс. Ураган Катрына ёсьць сур''ёзнай праблемай для адміністрацыі – адзначае Алан Ліхтман – аднак і гэта не прывядзе да зьменаў у зьнешняй палітыцы ЗША.
XS
SM
MD
LG