Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Нямеччыне ўпершыню можа зьявіцца канцлерка


Алена Струвэ, Менск 18 верасьня ў Нямеччыне адбудуцца датэрміновыя выбары ў Бундэстаг. Як паказваюць апытаньні грамадзкай думкі, найбольшую колькасьць галасоў на іх могуць набраць хрысьціянскія дэмакраты на чале з Ангелай Мэркель. Тым ня менш, пераможцам усё ж стане вялікая кааліцыя партыяў СДП і ХДС. Залежна ад складу будучай кааліцыі, замежнапалітычныя назіральнікі робяць прагнозы што да вонкавай, у тым ліку, усходняй палітыкі новага кабінэту Нямеччыны.

Упершыню за апошні час канчатковыя падлікі галасоў будуць абвешчаныя не на наступны пасля выбараў дзень, а тыдні праз тры, прыкладна на пачатку кастрычніка. Справа ў тым, што днямі ў Дрэздэне загінула кандыдатка ад ультраправай нацыянал-дэмакратычнай партыі. Партыя гэта ня самая моцная ў Нямеччыне, але ўсё ж мае падтрымку на ўсходзе краіны. Улічваючы вялікую бюракратыю ў Нямеччыне, выбары ў гэтай акрузе адбудуцца на некалькі тыдняў пазьней. Вынікі, паводле аглядальнікаў, могуць быць самымі рознымі.

У гэтым зьвязку прагнозы адносна складу будучай кааліцыі назіральнікі робяць з пэўнай асьцярожнасьцю. Але ва ўплывовых выданьнях і электронных СМІ ужо можна пазнаёміцца з магчымымі варыянтамі разьмеркаваньня партфэляў у будучым урадзе.

Мой суразмоўца — палітычны аглядальнік Нямецкага радыё Райнгард Ляўтэрбах перакананы, што ўпершыню ў нямецкай гісторыі зьявіцца канцлерка (нямецкія дэпутаткі ў свой час адстаялі права на тое, каб ўсе пасады і прафэсіі ў нямецкай мове мелі ня толькі мужчынскую, але і жаночую форму — канцлерка, міністарка і гэтак далей). Гэта лідэр нямецкай апазыцыі ад ХДС-ХСС 50-гадовая Ангела Мэркель, якая апошнім часам неаднойчы заяўляла пра неабходнасьць зьменаў ва ўсходняй, у тым ліку і беларускай палітыцы Бэрліна.

(Ляўтэрбах: ) “Магчыма, Мэркель у якасьці канцлеркі будзе больш рашуча выступаць у гэтым пытаньні. Яе партыя неаднойчы выступала за ўмацаваньне атлянтычнага вэктару, за больш рашучыя крокі ў дачыненьні афіцыйнага Менску. Аднак, традыцыйная кааліцыя хрысьціянскіх дэмакратаў зь лібэраламі, хутчэй за ўсё цяпер у новым урадзе не атрымаецца з прычыны недахопу галасоў. Урад будзе, хутчэй за ўсё, скаладацца зь вялікай кааліцыі з сацыял-дэмакратамі, і тады гэтак званыя рэфарматарскія імпульсы будуць меншымі. Міністрам замежных справаў, хутчэй за ўсё, будзе хто-небудзь з сацыял-дэмакратаў. Бо традыцыйна МЗС займае кааліцыйная партыя”.

У апошнім нумары “Der Spigel” называецца кандыдатура пераемніка Фішэра. Гэта цяперашні міністар унутраных справаў 70-гадовы Ота Шылі.

(Ляўтэрбах: ) “Не выключаю, што ад сацыял-дэмакратаў такім міністрам будзе спадар Ганс-Ульрых Клёзэ, які выступае за праатлянтычны курс у сацыял-дэмакратыі ў тым ліку і за больш жорсткую лінію што да беларускага рэжыму. Ён вельмі прымальны для Мэркель, якая хоча палепшыць дачыненьні за Амэрыкай”.

Як паведамілі “Свабодзе” ў нямецкай амбасадзе ў Менску, сачыць за тым, як праходзяць выбары ў самых розных кутках Нямеччыны, можна будзе і ў Менску, у міжнародным адукацыйным цэнтры. Гэтая выбарчая імпрэза, на якую запрошаныя беларускія палітыкі, грамадзкія дзеячы, журналісты, стала ўжо традыцыйнай у Беларусі. Беларускім удзельнікам будзе прапанавана зрабіць уласныя прагнозы адносна вынікаў выбараў у Бундэстаг. Пераможцы атрымаюць памятныя сувэніры.
XS
SM
MD
LG