Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі камэнтуюць пляны Эўракамісіі наконт вяшчаньня на Беларусь?


Алесь Дашчынскі, Менск Эўрапейская камісія выдаткоўвае на стварэньне альтэрнатыўнага радыё і тэлевяшчаньня на Беларусь з 1 студзеня 2006 году два мільёны эўра. Удзельнічаць у конкурсе могуць радыёкампаніі, гадавы абарот якіх складае ня менш за тры мільёны эўра. Вяшчаньне на Беларусь павінна быць на беларускай і расейскай мовах. Як ставяцца да гэтых плянаў Эўракамісіі вядомыя ў Беларусі грамадзкія дзеячы і палітыкі?

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ выступіла з рэзкай заявай адносна моўнай палітыкі Эўразьвязу датычна Беларусі. У ёй гаворыцца, што “русіфікацыя ня мусіць быць палітыкай Эўразьвязу” і што менавіта русіфікацыі з Захаду ў Беларусі ніхто цярпець ня будзе. Паводле сяброў гэтай партыі, найлепш, каб вяшчаньне на Беларусь на беларускай мове дапамаглі арганізаваць суседзі — Польшча, Украіна, Латвія, Літва, якія ўжо маюць пэўны досьвед. Пляны расейска-беларускага вяшчаньня камэнтуе актывіст КХП/БНФ Валеры Буйвал:

(Буйвал: ) “Дзьвюхмоўе — гэта подлы варыянт, які выкарыстоўвае расейская імпэрыя адносна Беларусі супраць нашага народу, супраць нашай культуры ўжо цягам двухсот гадоў. І тое, што гэтае так званае дзьвюхмоўе, “двуязычие” бярэ на ўзбраеньне Эўразьвяз пад свае тэндэры — гэта ёсьць таксама далучэньне да гэтай подлай палітыкі. Мы, беларусы, будзем супраціўляцца гэтаму і будзем супраць гэтага пратэставаць”.

Старшыня саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч у ідэале выступае за вяшчаньне на беларускай мове. Аднак у цяперашняй няпростай сытуацыі ён ухваляе тое, што Эўракамісія абрала дзьвюхмоўны варыянт. Паводле Пашкевіча, эўрапейскія дыпляматы не зусім разумеюць актуальнасьць якраз беларускамоўнага вяшчаньня.

(Пашкевіч: ) “Аднак найпершая задача — сумясьціць нацыянальнае з агульнадэмакратычным. Таму на сёньня даронаму каню ў зубы не глядзяць. Але хацелася б, каб і гэтыя коні, якія паперадзе беларускага дзяржаўнага возу, былі б нацыянальнымі, беларускімі”.

Паводле спадара Пашкевіча, тым арганізацыям, якія цяпер выступаюць супраць расейскамоўных плянаў вяшчаньня на Беларусь, трэба скіраваць гэты пратэст на дзяржаўныя ўстановы ў Беларусі.

(Пашкевіч: ) “Аб’яднацца ў гэтым супольным абурэньні і выступіць у адрас Канстытуцыйнага суду, Савету рэспублікі, адміністрацыі прэзыдэнта, Савету міністраў і крытыкаваць не замежныя інстытуцыі, а якраз крытыкаваць інстытуцыі дзяржавы Рэспублікі Беларусь”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка нагадвае, што дзьвюхмоўная карэктыва была ўнесена Эўракамісіяй ва ўмовы тэндэру літаральна на колах. Гэта азначае, што пратэсты ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўрапарлямэнце былі выніковымі.

(Вячорка: ) “Разам з тым, на гэтым нельга ні ў якім разе спыняцца, таму што акрамя відавочных знакавых момантаў тут ёсьць яшчэ і момант функцыянальны. Калі дапускаць расейскую мову як асноўную, яна застаецца ўсё ж такі асноўнай, адной зь дзьвюх, гэта значыць, дапускаць і не абазнаных у беларускай сытуацыі журналістаў да асьвятленьня нашай сытуацыі. Таму трэба працягваць барацьбу пры дапамозе аргумэнтаў і надалей”.

Старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў ня бачыць вялікага сэнсу ў гэтым вяшчаньні — маўляў, у Беларусі цяпер можна прымаць пяцьдзясят замежных тэлеканалаў.

(Папоў: ) “Таму гэта палітычная акцыя. Быццам бы нашы людзі атрымліваюць недастаткова інфармацыі пра тыя працэсы, якія адбываюцца за мяжой. Калі яны будуць вяшчаць па нашых унутраных справах, то я ня думаю, што людзі, якія знаходзяцца за мяжой, лепш ведаюць нашу сытуацыю. Наагул, гэта пустая трата грошай, а ўжо на якой мове траціць грошы — гэта дэталі”.

Намесьнік начальніка ўправы інфармацыі беларускага МЗС Руслан Есін выказаў спадзяваньне, што беларускія радыёкампаніі таксама змогуць узяць удзел у эўрапейскім тэндэры.

(Есін: ) “У Эўропе дастаткова сваіх праблемаў, каб іх вырашаць, а ня траціць грошы на праекты, якія не спрыяюць умацаваньню дружбы і супрацоўніцтва паміж краінамі. Я хацеў бы выказаць непаразуменьне што да такіх праектаў, бо асноўная мэта — пашыраць супрацоўніцтва зь беларускімі мэдыямі, якія гатовыя да гэтага. Яны гатовы адлюстроўваць рэальную сытуацыю, якая адбываецца і ўнутры краіны, і на міжнароднай арэне. І мы найперш будзем падтрымліваць праекты, у якіх працуюць беларускія журналісты, якія асьвятляюць рэальную сытуацыю ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG