Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ёсьць хлеб і да хлеба — не патрэбныя ніякія правы чалавека”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Хуткія прэзыдэнцкія выбары; палітычная будучыня Аляксандра Лукашэнкі; стратэгія і тактыка дзеяньняў дэмакратычнай апазыцыі ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы — вось тэмы, што найбольш прыцягваюць увагу тых нашых слухачоў, якія даслалі на мінулым тыдні свае лісты на “Свабоду”. Сёньняшні агляд пошты пачну з допіса Віталя Лапіцкага зь Менску.

“Улада ў Беларусі — народная. А Лукашэнка — народны прэзыдэнт, якога падтрымлівае большасьць людзей. І як бы ні шалела ў бясьсільнай злосьці апазыцыя, зрабіць з гэтым яна нічога ня можа. Няма ў яе такога палітыка, які б здольны быў на роўных змагацца з Лукашэнкам. Ён іх усіх разам узятых пераплюне ў любой спрэчцы. Таму і сядзяць яны, як мышы пад венікам, баяцца нават рот раскрыць. Нідзе іх не відаць і не чуваць.

Можа, калі-небудзь Лукашэнка людзям і надакучыць, але здарыцца гэта няхутка, гадоў праз дваццаць ці трыццаць, наколькі яму здароўя хопіць. Людзі ж бачаць: ён стараецца, па замежжы ня езьдзіць і дзяржаўныя грошы там не марнуе, пэнсіі паднімае, усё наўкол будуецца, у тым ліку і на вёсцы. Лукашэнка ведае, чаго хочуць людзі: няхай будзем жыць небагата, але каб усе аднолькава. Каб не было мільянэраў, як у Расеі, каб не зачыняліся заводы і была праца, каб не разбуралі калгасы… А правы чалавека, аб якіх вы ўвесь час гаворыце — гэта нашым людзям не патрэбна. Калі ёсьць хлеб і да хлеба, не патрэбныя ніякія правы чалавека”.

Дапусьцім, спадар Лапіцкі, вы маеце рацыю: Аляксандар Лукашэнка — сапраўды народны прэзыдэнт, і яго падтрымлівае (паверым афіцыйнай статыстыцы) каля 70 працэнтаў грамадзянаў. Але чаму б яму ў такім разе не пайсьці на свабодныя і справядлівыя выбары? Дэмакратызаваць выбарчыя законы, дапусьціць у камісіі прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, дазволіць прысутнасьць любых замежных назіральнікаў, удзельнічаць у адкрытых тэледэбатах са сваімі палітычнымі апанэнтамі? Бо ня бачыце і ня ведаеце іншых палітыкаў вы, спадар Лапіцкі, зусім не таму, што іх не існуе, а толькі з той прычыны, што ім закрыты доступ да тэлеэфіру і дзяржаўных газэтаў, што партыям і грамадзкім арганізацыям фактычна забаранілі зьбіраць людзей на мітынгі і дэманстрацыі, што ў большасьці людзей няма магчымасьці атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю.

І наконт правоў чалавека. У любой аўтарытарнай дзяржаве, спрабуючы апраўдаць іхнае ігнараваньне, выкарыстоўваюць такую ж аргумэнтацыю, што і вы, спадар Лапіцкі. Маўляў, усё гэта — другаснае і незразумелае людзям, галоўнае, каб у чалавека былі хлеб, праца, дах над галавой. Але ў тым жа Савецкім Саюзе, дзе ігнаравалі правы чалавека нібыта якраз дзеля патрэбаў людзей, не было ўдосталь ні харчаваньня, ні жыльля, ні адзеньня. СССР і распадаўся на тле вялізных людскіх чэргаў, калі дэфіцытам стала ўсё — ад каўбасы да пральнага парашку. І гэтак жа пры любым аўтарытарным рэжыме. Заможна жывуць людзі якраз там, дзе дэмакратыя, вяршэнства закону (а не аўтакратычнага лідэра) і рынкавая эканоміка. Па-іншаму не бывае.

Наступны ліст ад Аляксандра Івановіча зь Менску. Слухач піша:

“Сьмешна атрымліваецца: партыі, грамадзкія арганізацыі ў нас ёсьць, а праводзіць сходаў ім нельга. Гэта ж усенародны сорам: ва ўсёй Беларусі, дзе набудавана гэтулькі палацаў, не знайшлося памяшканьня, каб правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў. Ва Ўраіне, у Расеі такое пытаньне не стаіць: Яўлінскі, Жырыноўскі ды іншыя апазыцыянэры праводзяць зьезды, дзе захочуць. А ў нас? Пры тым, што гэтыя палацы — уласнасьць агульнанародная, пабудаваныя яны на грошы ўсіх падаткаплатнікаў, у тым ліку і апазыцыянэраў.

А ўвогуле, дзеля чаго і дзеля каго будуюцца ў Беларусі гэтыя шматлікія палацы? Хіба падвысіўся наш жыцьцёвы ўзровень ад гэтых новабудоўляў? Мільёнам людзей у Беларусі патрэбныя не лядовыя палацы, а палацы мэдычнай дыягностыкі ды эфэктыўнага лячэньня. Каб прайсьці ультрагукавае абсьледаваньне, атрымаць накіраваньне ў шпіталь, трэба шмат месяцаў прастаяць у чарзе. А хвароба ў чарзе не стаіць. У паліклініках людзей, як на вакзале. Дактароў не хапае. Затое АМОНу, міліцыі дастаткова. Ці яшчэ адно вынаходніцтва ўлады: офісы партыяў не павінны разьмяшчацца ў жылых дамах. Дагэтуль былі — і нічога дрэннага не здаралася, а што цяпер зьмянілася?

У доме, дзе я жыву, трохпакаёвую кватэру (без асобнага ўваходу) займае міліцэйскі штаб народнай дружыны. Туды ўвесь час прыводзяць п’яных, хуліганаў, дэбашыраў. Гвалт, шум, нязручнасьці для жыхароў… Але гэта ўлада дазваляе — гэта ж не апазыцыйная партыя”.

Цікавыя назіраньні, спадар Івановіч, дзякуй вам за іх. Што да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, то за апошнія дні тут нібыта адбыліся зрухі: пасьля суцэльных адмоваў Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік менскай гарадзкой улады Міхаіл Паўлаў паабяцалі арганізатарам сваё спрыяньне ў пошуках залы. Але зусім відавочна — нават калі для Кангрэсу ў Беларусі ня знойдзецца памяшканьня, ён усё роўна адбудзецца, у той жа Расеі ці ва Ўкраіне. І наўрад ці ад гэтага выйграе беларуская ўлада — якраз наадварот, бо ў выніку падзея набудзе значна большы міжнародны розгалас.

Увогуле, апошнія гады пытаньні памяшканьняў, юрыдычных адрасоў, рэгістрацыяў і паўторных рэгістрацыяў сталі для большасьці палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў складанай і цяжкапераадольнай праблемай. На ўсе гэтыя тэхнічныя пытаньні патрабуецца шмат часу, грошай, нэрваў. Фармальна забароны на дзейнасьць партыяў і недзяржаўных арганізацыяў няма, але фактычна яны пастаўлены ў такія ўмовы, што паўнавартасна функцыянаваць ня могуць.

Наш слухач з Маладэчна Валянцін Цішко паведаміў пра тое, як чуваць “Свабоду” ў той мясцовасьці, дзе ён жыве, а таксама выказаў прапанову:

“Прапаную стварыць перадачу (альбо цыкль перадач, калі ў вас ёсьць такая магчымасьць) аб партызанскім падпольным руху ў Беларусі на сучасным этапе. Думаю, што гэтая тэма актуальная і выкліча вялікую цікавасьць слухачоў. Калі ідэя спадабаецца, буду рады падзяліцца са “Свабодай” сваімі думкамі на гэты конт”.

Ня думаю, спадар Цішко, што выпадае ўсур’ёз гаварыць пра існаваньне нейкага рэальнага партызанскага руху ці арганізаванага падпольля ў цяперашняй Беларусі. А вось што да разнастайных незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў — то гэта тэма актуальная, і мы раз-пораз зьвяртаемся да яе ў сваіх праграмах. Цікава было б даведацца і пра вашы назіраньні і развагі наконт гэтай зьявы.

Да пытаньня пра тое, якім чынам грамадзяне Беларусі могуць абараняць незалежнасьць сваёй краіны, зьвяртаецца ў сваім лісьце і Анатоль Жэрдзеў з Гомелю:

“Нядаўна ў тэлефанаваньнях на Радыё Свабода я пачуў, што ёсьць беларусы, гатовыя бараніць Беларусь нават са зброяй у руках. Падтрымліваю гэтую думку, але толькі з адным абмежаваньнем: стрэльбы патрэбна браць толькі дзеля абароны ад зьнешніх ворагаў. З гэтай нагоды, мо, і трэба ўжо ствараць ценявое кіраўніцтва, якое павінна папярэдзіць тых нахабных палітыканаў, якія хацелі б праглынуць Беларусь. Каб яны ведалі, што гэта ім ніколі ўжо ня ўдасца. Бо нават калі тысяча змагароў возьмецца за зброю, каб адстойваць незалежнасьць сваёй радзімы, то сёньня ўжо ня пачатак 20 стагодзьдзя, і побач з той тысячай паўстануць нашы суседзі добраахвотнікі. І іх будзе вельмі шмат”.

У сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў згадвае пра тое, як сваю незалежнасьць абаранялі ў студзені 1991 году літоўцы. Сам спадар Жэрдзеў у той час быў дэпутатам Гомельскага гарсавету, і на першай жа сэсіі пасьля драматычных падзеяў у Вільні падрыхтаваў і даў на подпіс іншым дэпутатам зварот са словамі падтрымкі літоўскага народу.

“Ня ўсе падпісалі яго, — згадвае слухач, — бо ў той час гэта было яшчэ небясьпечна. Але і 24 подпісы — гэта нямала. А пазьней, у лютым, мы наладзілі выезд у Вільню, каб ушанаваць памяць загінулых і выказаць падтрымку змагарам Літвы. Было некалькі аўтобусаў, у тым ліку адзін з жыхарамі Менску. Мяркую, што да 15-й гадавіны віленскіх падзеяў “Свабодзе” варта было б падрыхтаваць адну альбо некалькі перадачаў. Па-першае, таму, што памяць загінулых у той барацьбе нашых мужных і добрых суседзяў патрабуе таго. А па-другое, гэта прыклад для нас, беларусаў”.

Сапраўды, спадар Жэрдзеў, самаахвярнасьць і адзінства літоўскіх грамадзянаў, якія бяззбройнымі выйшлі на вуліцы Вільні абараняць незалежнасьць сваёй дзяржавы супраць савецкіх танкаў, паказалі, наколькі бескарысная і бездапаможная грубая сіла, калі ёй супрацьстаіць адзінства нацыі. І наўрад ці дэмакратычная Літва калі-небудзь забудзе, што генэрал Усхопчык, які ў тыя дні кіраваў карнымі савецкімі войскамі ў Вільні і павінен паўстаць перад літоўскім судом, уцёк ад правасудзьдзя ў Беларусь. І ня толькі знайшоў там прытулак, але і заняў пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пасаду намесьніка міністра абароны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG