Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі працуюць на будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі "дoбраахвотна-прымусова"


Ганна Соусь, Менск Супрацоўнікаў прадпрыемстваў Першамайскага раёну Менску "добраахвотна-прымусовым" чынам далучаюць да некваліфікаванай працы на будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Адпаведныя лісты з адміністрацыі Першамайскага раёну атрымалі прадпрыемствы і фірмы, зарэгістраваныя ў гэтым раёне.

Супрацоўнік аднаго з сумесных прадпрыемстваў, зарэгістраваных у Першамайскім раёне, кандыдат тэхнічных навук спадар Валеры, цягам дня выносіў сьмецьце на будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Некалькі тыдняў таму ягоная фірма атрымала ліст з адміністрацыі Першамайскага раёну.

(Валеры: ) “Просім накіроўваць штодня аднаго чалавека” на працягу ці то тыдня, ці то двух тыдняў, я ўжо не памятаю. Мы сабраліся, у нас там падразьдзяленьне, і кажам: “Што, мужыкі, кожны – па аднаму дню, каб не было ляманту”. Адпрацавалі ў нас недзе чалавек дзесяць. Прыходзім ў 8.30 і чакаем да 9.30, пакуль дадуць працу. Мне, напрыклад, далі венік, і я падмятаў падлогу ў калідоры. Потым сьмецьце выносілі. Шкло мылі, падлогу мылі. Недзе пасьля абеду гэта ўсё сканчаецца, таму што бібліятэка яшчэ недабудаваная”.

На пытаньне Радыё Свабода, хто яму аплочваў працоўны час на будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі, спадар Валеры адказаў, што сумеснае прадпрыемства, дзе ён працуе.

(Валеры: ) “Лічыцца, што ў нас працоўны дзень. Можа, памятаеце, раней накіроўвалі на сельскагаспадарчыя працы з Акадэміі навук, студэнтаў ды іншых. Зарплата ж захоўвалася ва ўсіх”. (Карэспандэнтка: ) “А калі б Вы адмовіліся?” (Валеры: ) “Разумееце, не прыйшоў чалавек – адразу непрыемнасьці ў фірмы, непрыемнасьці ва ўсіх. Вы ж ведаеце, як гэтая “вэртыкаль” працуе. Больш ляманту, чым стратаў. Чаму з біржы ня бяруць народ? Ім жа плаціць трэба. А тут – халява”.

У аддзеле інфармацыі гарадзскога цэнтру занятасьці Радыё Свабода паведамілі, што з 1 сакавіка па 8 верасьня сёлета на будаўніцтва нацыянальнай бібліятэкі было накіравана 726 чалавек. Гаворыць прадстаўніца Гарадзкога цэнтру занятасьці Іна Сямёнава.

(Сямёнава: ) ”Бібліятэка вызначаная як сацыяльна значны аб’ект. Гэта значыць, што працы там, калі ўдзельнічаюць нашыя беспрацоўныя, аплочвае фонд садзеяньня занятасьці насельніцтва”. (Карэспандэнтка: ) “І якая аплата за дзень?” (Сямёнава: ) “Як правіла, там усе мужчыны. Гэта дапаможныя працы, у сярэднім яны атрымліваюць па 10 тысячаў штодня. Мы гвалтоўным чынам іх ня можам загнаць туды. Некаторыя думаюць, што калі беспрацоўны, то бяспраўны. Яму прапаноўваюць, і ён ужо сам вырашае, працаваць ці не”.

Калі беспрацоўны можа адмовіцца ад прапановы папрацаваць за грошы на будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі, то, як вынікае з расповеду спадара Валер’я, адмовіцца ад запрашэньня адміністрацыі Першамайскага раёну на гэтак званыя грамадзкія працы, супрацоўнікам ягонай фірмы было вельмі складана. Дарэчы, кіраўнік будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Бандарэнка пацьвердзіў факт далучэньня да работаў супрацоўнікаў прадпрыемстаў Першамайскага раёну.

(Бандарэнка: ) “Цяпер ужо няма, падаецца. Яны ж ужо адпрацавалі. Ім далі заданьне – яны за тры дні зрабілі і зьехалі. А колькі там людзей было, я не лічыў”.
XS
SM
MD
LG