Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 12 верасьня


Зьміцер Падбярэскі, Менск

“Звязда”, 1945 год:

“Выйшаў з друку першы нумар сатырычна-гумарыстычнага часопіса на беларускай мове — “Вожык” (выданне ЦК КП(б)Б). Выхад у свет гэтага часопіса з’яўляецца важнай і радаснай падзеяй. Як вядома, да вайны ў Беларусі не выдаваўся гумарыстычны часопіс. Выхад “Вожыка” падрыхтаван яго папярэднікам — гумарыстычнай газетай-плакатам — “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якая зарадзілася і выдавалася ў дні Вялікай Айчыннай вайны… Цяпер пачаў выходзіць “Вожык”. У рэдакцыйным уступе “Вожык” заяўляе, што ён паявіўся на свет “з добрымі намерамі і вострымі іголкамі”.

“Вечерний Минск”, 1975 год:

“Піянэры і камсамольцы, навучэнцы школ! Працягваецца ўсесаюзнае спаборніцтва ў зьбіраньні папяровай сыравіны пад дэвізам “Мільён Радзіме!” Не дапускайце зьнішчэньня гэтага каштоўнага віду сыравіны ў сваіх кватэрах і ў суседзяў. Сыстэматычна зьбірайце макулятуру і ў пэўныя дні прыносьце ў школу!.. Па выніках першага году спаборніцтваў найбольш актыўныя зьбіральнікі накіраваныя ў піянэрскі лягер “Артэк”. Зьбіраючы і здаючы непатрэбную паперу, мы зьберагаем навакольную прыроду. Менскі аблспажыўсаюз, Менская фабрыка па апрацоўцы другаснай сыравіны”.

“Знамя юности”, 1985 год. Пра рок-фэст у Капэнгагене:

“У спробах адцягнуць увагу моладзі ад вострых сацыяльных праблем улады ўсяляк заахвочваюць правядзеньне ўсялякага роду “музычных” шабашаў з удзелам шалёных ідалаў “новай вайны” (Так у арыгінале, правільна — “новой волны”, гэта значыць, “новай хвалі”. — З.П.) і “цяжкага мэталічнага року”, якія нярэдка канчаюцца масавымі бойкамі ў выніку нэрвовых зрываў, спажываньня сьпіртовых напояў і наркотыкаў”.
XS
SM
MD
LG