Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белгазета”: “На каго трэба зьмяніць трэнэра Анатоля Байдачнага?”


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 12 верасьня

Газэта “Белорусы и рынок” (ранейшы “Белорусский рынок”) прапануе чытачам матэрыял пра дзьве ніткі газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа”, якія ў пэрспэктыве могуць пайсьці ў абыход Беларусі, Украіны і Польшчы.

У дадатку газэты на прыкладзе мікраэлектроннай прамысловасьці аналізуецца пытаньне ці магчымы ў Беларусі інавацыйны шлях разьвіцьця.

Выданьне “Белорусы и рынок” таксама прапануе аналіз эканамічнай сытуацыі ва Ўкраіне. Чытайце пра вынікі апытаньня наконт рэйтынгу Віктара Юшчанкі.

Акрамя таго, газэта высьвятляе пытаньне: “Хто ж нарэшце стане амбасадарам Расеі ў Беларусі?”

“Белгазета” (ранейшая “Белорусская газета”) у рубрыцы “Візаві” зьмясьціла матэрыял пра канфэрэнцыю ў Вене, прысьвечаную пытаньням наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Чытачы могуць азнаёміцца з думкамі экспэртаў.

А тэма нумару – футбол. Чаму беларуская каманда ня трапіла на чэмпіянат сьвету? Рэспандэнты адказвалі на пытаньне: “На каго трэба зьмяніць трэнэра Анатоля Байдачнага?”

У спэцвыпуску “Сэксус” -- матэрыял пра рэчы і людзей бізнэс-клясу. Хто каго робіць?

Газэта “Витебский курьер” надрукавала інтэрвію з бургамістрам нямецкага горада Нінбургу. Гэты горад --пабрацім Віцебску. Бургамістр Пэтэр Брыбэр два тэрміны знаходзіцца на сваёй пасадзе. Ён кажа, што не аднойчы тамтэйшыя газэты друкавалі артыкулы з крытыкай на яго, але спадар Брыбэр лічыць, што гэта абсалютна нармальна для цывілізаванага грамадзтва. Старшыня Віцебскага гарвыканкама прыняў бургамістра толькі тады, калі ён трэці раз прыехаў у горад.

Газэта “Ляхавіцкі час” паведамляе аб тым, што ў Ляхавічах рэзка падвысілася колькасьць людзей, якія зьвярнуліся па дапамогу з-за ўкусаў беспрытульных сабак.

Траціна выпускнікоў ляхавіцкіх школ паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Па выніках тэставаньня Ляхавічы занялі першае месца па расейскай мове і чацьвёртае – па беларускай.

“Ляхавіцкі час” надрукавала артыкул пасьля суду над падлеткам. Ён пасварыўся са сваякамі і спаліў хутар. У выніку загінуў яго дзядуля, які намагаўся ўратаваць жывёлу.
XS
SM
MD
LG