Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя не адмаўляецца ад "запаснога аэрадрому"


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў мае намер зноў зьвярнуцца ў Менскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне кангрэсу. Пакуль кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка і старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў далі толькі вусныя абяцаньні спрыяць правядзеньню гэтага мерапрыемства ў Беларусі і апазыцыя не выключае магчымага зрыву . Як ідзе падрыхтоўка да кангрэсу і якой будзе стратэгія дэмсілаў у гэтай сітуацыі?

Раней сябры аргкамітэту кангрэсу заяўлялі, што да 10 верасьня будуць вырашаныя ўсе арганізацыйныя пытаньні. Цяпер, паводле арганізатараў, усе асноўныя пытаньні вырашаны. Кангрэс адбудзецца і выканае пастаўленыя задачы.

Апошнімі днямі кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка раптам пачаў актыўна цікавіцца падрыхтоўкай кангрэсу дэмсілаў. На мінулым тыдні ён заявіў, што ў арганізатараў "не ўсё ў рэгіёнах атрымалася і гэта, дарэчы, сігнал для нашых юрыстаў, якія кантралююць рэгістрацыю арганізацый". Паводле Лукашэнкі, у апазыцыі ў многіх рэгіёнах няма людзей, яны там не правялі сходы. Якая ж насамрэч сітуацыя з раённымі сходамі па вылучэньні дэлегатаў на кангрэс дэмсілаў тлумачыць старшыня аргкамітэту кангрэсу Аляксандар Бухвостаў.

(Бухвостаў: ) “Сапраўды, мы пакуль не правялі сходы амаль у 27 раёнах. Напрыклад, у "чарнобыльскай" зоне - Нароўля, Хойнікі, Брагін, Ветка... У гэтых раёнах мала актывістаў, таму што карэнныя жыхары з''ехалі, цяпер там многа перасяленцаў з краінаў СНД. Але ж паводле закона, трэба мець структуры ў абласьцях. А ва ўсіх абласьцях мы сходы правялі. Усяго 147 раёнаў, а мы не правялі сходы толькі ў 27 з іх. Таму юрыстам там няма чаго рабіць і вінавачаньні Лукашэнкі ня маюць юрыдычнага сэнсу ".

Паводле аргкамітэту правядзеньне сходаў не спыняецца, бо час яшчэ ёсьць. На гэты момант абрана прыкладана 220 дэлегатаў. Усяго ж дэлегатаў будзе каля 800. Сярод іх - прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. На апошнім пасяджэньні стала дзейнай рады дэмсілаў прынятае рашэньне скараціць сьпіс грамадзкіх арганізацый, ахвочых паслаць сваіх прадстаўнікоў на кангрэс са 170 да 100. Грамадзкі лідэр Аляксандар Мілінкевіч лічыць гэтае рашэньне кааліцыі памылковым.

(Мілінкевіч: ) “З самага пачатку яны дэкляравалі, што будзем як мага шырэй пашыраць "плюс". А гэта менавіта грамадзянская супольнасьць, грамадзянскія ініцыятывы. Вырашылі, што трэба даць магчымасьць больш шырэйшаму колу і накіравалі ім запрашэньні. А цяпер зноў памяншаць гэтую колькасьць - гэта выклікаць непаразуменьне ў складзе каманды. Каманда павінна стварацца ня толькі з партыйных людзей. Тым больш, што на кангрэсе ёсьць месца для ўсіх. Проста ідзе барацьба за галасы і пэўныя людзі лічаць, што вялікая наяўнасьць грамадзкіх арганізацый павялічыць шансы аднаго з кандыдатаў".

На мінулым тыдні А.Лукашэнка даручыў старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаілу Паўлаву аказаць дапамогу апазыцыі ў правядзеньні кангрэсу дэмсілаў у Менску. Пакуль аднак аргкамітэт не атрымаў ад уладаў пісьмовага пацьвярджэньня і гарантый таго, што кангрэс можа прайсьці ў Беларусі. Менскі гарвыканам пакуль не прадаставіў адпаведных дакумэнтаў. Як будуць паводзіць сябе ўлады далей, сказаць цяжка. Апазыцыя рыхтуе так званы запасны аэрадром, застаюцца варыянты правядзеньня кангрэсу альбо ва Ўкраіне, альбо ў Расеі. Аргкамітэт працягвае працу ў ранейшым рэжыме.

Як ставяцца ў апазыцыі да абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі спрыяць у правядзеньні кангрэсу ў Беларусі. Меркаваньне грамадзкага лідэра Аляксандра Мілінкевіча.

(Мілінкевіч: ) “Разумныя піяршчыкі перамаглі неразумных. Таму што і для Лукашэнкі лепш, каб кангрэс праходзіў на Беларусі і для нас таксама лепш. Хаця мы чакаем, што могуць быць розныя правакацыі. Упэўненасьці ў прыстойнай гульні ў нас пакуль што няма."

Сябра аргкамітэту Кангрэсу дэмсілаў Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “Даверу ніякага да гэтага чалавека ў мяне няма. Хачу яшчэ прывесьці прыклад, што не так даўно ў нас быў заплянаваны з''езд АГП, мы аплацілі залю ў гатэлі "Менск". Раніцай прыйшоўшы на з''езд убачылі, што нас не пускаюць. Таму я асабіста не давяраю Лукашэнку, ніводнаму яго слову не веру".
XS
SM
MD
LG