Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мізары ў Сьмілавічах пахавалі Ібрагіма Канапацкага


БелаПАН, Ул.інф. 11 верасьня на мізары ў пасёлку Сьмілавічы быў пахаваны вядомы дзяяч нацыянальна-культурнага адраджэньня беларускіх татар Ібрагім Канапацкі. Ён раптоўна памёр у Менску 9 верасьня на 57-м годзе жыцьця. Удзельнікі пахаваньня прапанавалі усталяваць мэмарыяльную шыльду на доме ў пасёлку Сьмілавічы, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства і юнацтва, а таксама назваць яго імем мясцовую вуліцу Рэспубліканскую.

Ібрагім Канапацкі зрабіў значны ўнёсак у татарскую і беларускую культуры. У пэдунівэрсітэце ён чытаў гісторыю Беларусі на беларускай мове, рэдагаваў часопіс “Байрам”, дзе друкаваліся пераклады Кур''ана на беларускую мову, вёў вялікую працу па адраджэньні старадаўніх і будаўніцтве новых мячэцяў. Разьвітацца з Ібрагімам Канапацкім прыйшлі прадстаўнікі многіх нацыянальна-культурных аб’яднаньняў, у тым ліку габрэйскіх, расейскіх і ўкраінскіх.

Ібрагім Канапацкі неаднаразова браў удзел у праграмах Радыё Свабода. Так, напрыклад, у перадачы “Беларуская Атлянтыда” (17 красавіка 2003 г.) размова ішла пра гісторыю татараў на Беларусі:

(Канапацкі: ) “Мы вядзем адлік ад канца ХIV ст., калі адбывалася масавае пасяленьне татараў на землях беларуска-літоўскай дзяржавы. Калі задаюць нам сёньня пытаньне: “Дзе ваша радзіма?”, то мы кажам: “Наша радзіма тут, у Беларусі”; і гэта можа быць адказ на іншыя пытаньні: “Чаму вам баліць сэрца за гэтыя праблемы, за ўсё тое, што было?”

У нас вельмі багатая гісторыя й традыцыі, мы ня проста ўжываліся ў гэты сьвет. І зь цягам часу, страціўшы сваю мову, мы здабылі беларускую мову, ведаем таксама польскую, украінскую, размаўляем на расейскай. Свае сьвятыя кнігі — Кур''аны — мы пераклалі на беларускую, польскую мову, малітоўнікі — таксама. Мы жылі ў міры й згодзе з усімі народамі Беларусі, прынамсі, спрабавалі — таму што да гэтага заклікала й заклікае наша сьвятая кніга — Кур''ан. Усявышні Алаг загадвае нам, татарам, мусульманам, не спрачацца зь іншымі вернікамі, акрамя тых зь іх, якія несправядлівыя”.
XS
SM
MD
LG