Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзесяць гадоў таму войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі зьбілі паветраны шар з двума амэрыканскімі паветраплавальнікамі


Ігар Карней, Бяроза - Менск 12 верасьня 1995 году на загад камандаваньня войскамі супрацьпаветранай абароны ў раёне горада Бяроза быў зьбіты паветраны шар з амэрыканскім экіпажам, які браў удзел у міжнародных спаборніцтвах на дальнасьць палётаў. І тады, і цяпер вайскоўцы аргумэнтуюць гэта тым, што, маўляў, ня мелі ніякіх папярэджаньняў ад арганізатараў. Швайцарскі бок, які арганізаваў паветраплавальны марафон, настойвае, што адпаведныя запыты былі дасланыя ў Беларусь задоўга да пачатку мерапрыемства. Якую рэальную пагрозу для бясьпекі Беларусі маглі ўяўляць паветраплавальнікі?

Ніхто зь беларускіх дзяржаўных асобаў ня ўзяў пэрсанальную адказнасьць за трагічны інцыдэнт. Спэцыяльная камісія ў справе расьледваньня абставінаў здарэньня, у якой, дарэчы, на першых ролях быў генэрал Юрый Сівакоў, фактычна апраўдала дзеяньні камандаваньня сіламі супрацьпаветранай абароны. Таксама не вядома, хто быў да канца ня шчыры, калі пачыналася высьвятленьне: ці не былі дасланыя папярэджаньні пра меркаваны палёт паветраных шароў праз тэрыторыю Беларусі? Швайцарыя, якая зьяўлялася арганізатарам спаборніцтваў, настойвала: беларускаму боку пра ўсё было паведамлена амаль за паўгоду да пачатку стартаў. Беларускія афіцыйныя асобы, апраўдваючыся, казалі, што, сапраўды, інфармацыя трапіла да авіядыспэтчараў грамадзянскай авіяцыі, які чамусьці не падзяліліся ёй з Міністэрствам абароны. У выніку ведамасных нестыковак удзельнікам 39-га Чэмпіянату сьвету на Кубак “Гордэн Бэннэт-95 і, у прыватнасьці, амэрыканцам Алану Фрэнчэлу і Джону Сьцюарту, была аказаная зусім ня тая сустрэча, на якую ўсе спадзяваліся. Амэрыканскія ўлады напярэдадні кожнага 12 верасьня даюць зразумець, што пазыцыя ЗША застаецца нязьменнай: ніякай патрэбы зьбіваць шар не было, паколькі гэта не зьнішчальнік і не бамбардыроўшчык. Тым больш, што наступныя шары, якія пераляцелі беларускую мяжу, былі пасаджаныя на зямлю.

Ці можна было пазьбегнуць трагедыі? Апавядае выпадковы сьведка таго, як прымалася рашэньне на ліквідацыю парушальніка дзяржаўнай мяжы. Аглядальнік тыднёвіка “Свободные новости” Васіль Зданюк за дзень да інцыдэнту здолеў угаварыць на інтэрвію камандуючага сіламі супрацьпаветранай абароны Валерыя Кастэнку. Аб 11-й раніцы наступнага дня пачалі размову пра пэрспэктывы адзінай абароннай сістэмы Расеі і Беларусі. А ўжо хвілінаў праз 10 патэлефанаваў апэратыўны дзяжурны каманднага пункту з дакладам: зьявіўся невядомы паветраны аб’ект. У Бярозе пачынаюцца лётна-тактычныя вучэньні, і калі шар наблізіцца да зоны палётаў, давядзецца іх адмяніць. Кастэнка загадаў падняць гэлікоптэр. Далей расказвае сам Васіль Зданюк.

(Зданюк: ) “Кастэнка слухаўку паклаў і кажа: бачыш, як табе пашанцавала. Пакуль мы размаўляем, у Беларусь паветраны шар прыляцеў... Мяркую, яму нават спадабалася: якраз падвярнуўся выпадак адзначыцца перад журналістам. Праходзіць яшчэ хвілінаў 15, зноў выходзіць на сувязь дзяжурны: гэлікоптар абляцеў аб’ект, назірае яго на вышыні 2,5 тысячы мэтрау. Гэта паветраны шар, цёмна-шэрага колеру, унізе гандола, прыкметаў кіраваньня няма. Кастэнка кідае: неяк усё няпэўна, дай мне камандыра. Пачуліся шчаўчкі, на сувязь выходзіць камандыр экіпажу. “Што там у цябе?”, – запытвае Кастэнка. – “Назіраю, таварыш камандуючы, паветраны шар, з адлегласьці 500 мэтраў”. “Беспілётны?”. “Так, беспілётны. Са зьніжэньнем ідзе ў бок аэрадрому”. “Прымайце захады і не адрывайце мяне, я тут з журналістам размаўляю”.

Далейшы лёс паветранага шара ўжо быў справай тэхнікі экіпажу баявога гэлікоптэра МІ-24. Было яшчэ некалькі выхадаў на сувязь, пасьля чаго некалькімі чэргамі паветраны шар быў зьбіты. Дарэчы Васіль Зданюк кажа, што на ягоным дыктафоне, які ўвесь гэты час працаваў, былі чутныя нават стрэлы, паколькі апошнія кулямётныя чэргі карэктаваліся генэралам Кастэнкам, так бы мовіць, у “прамым эфіры”.

(Зданюк: ) “Кастэнка мне гаворыць: бачыш, як мы зь імі абыходзімся? Вось так, па-хуткаму, чаго тут асабліва цырымоніцца!.. Хвілінаў праз пяць адбылася апошняя размова з камандырам экіпажу: “Даў дзьве чаргі, але балён не гарыць...” (сапраўды, на дыктафоне, які ўвесь гэты час запісваў, былі чуваць гэтыя чэргі). “Давай яшчэ”, – кажа Кастэнка. “Не гарыць…”. “Ты ўрэшце можаш яго зьбіць ці не?”. Ну, той шандарахнуў ужо добра, і апошнія словы, якія я добра памятаю: “Назіраю: паветраны шар зьніжаецца, загарэўся і падае ў раёне Бярозы”.

У той дзень Беларускае тэлебачаньне перадало: супрацьпаветраныя сілы былі прыведзеныя ў стан падвышанай баявой гатоўнасьці ў зьвязку з парушэньнем дзяржаўнай мяжы невядомым лятальным сродкам. “Аднак трывога была дарэмнай: зьбіты апарат быў метэаралягічным зондам”. Толькі на зямлі высьветлілася, што “зьбіты зонд” быў пілятаваны, у выніку чаго загінулі людзі...

У той час на тэрыторыі дачных капэратываў “Пчолка” і мотарамонтнага заводу было шмат людзей: гэта час зімовых нарыхтовак, і сэзонныя насельнікі лецішчаў займаліся саленьнямі ды варэньнямі. Амаль жартаўлівы загад генэрала Кастэнкі на зьнішчэньне паветранага шару мог мець і больш цяжкія наступствы. Гады два таму я быў на месцы падзеньня балёну – ён упаў у ляску, недалёка ад крайніх пабудоваў. Адзін з мясцовых жыхароў Васіль Азаранка, кажа, што адна толькі капсула важыла ня меней за тону, таму, калі б падобная канструкцыя рухнула на чыйсьці дом, ад яго мала што засталося б. Сам, прыехаўшы на месца падзеньня, паставіў сабе за мэту ўшанаваць памяць загіблых пілётаў. Роўна праз год на месцы падзеньня зьявіўся камень з надпісам “Прабачце”. Яшчэ праз некаторы час і мясцовыя ўлады паклалі пліту з указаньнем, што тут упаў паветраны шар і загінулі паветраплавальнікі. Расказвае ініцыятар ушанаваньня памяці амэрыканцаў Васіль Азаранка.

(Азаранка: ) “Бадай, адзіная думка, якая тады прыйшла ў галаву – проста напісаць слова “прабачце”. Потым думалі, што варта замяніць на “шануем”. Але ўрэшце вырашылі, што так будзе найлепей... На пад’езьдзе да гэтага дачнага паселішча, прыкладна за кілямэтар ад самога месца, дзе ўпаў шар, проста на схіле, на рашэньне выканкаму была пакладзеная пліта з шыльдачкай. І там надпіс: хтоі калі загінуў, і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Можна лічыць, што гэта ў нейкім сэнсе прабачэньне ад імя афіцыйных уладаў?”.

(Азаранка: ) “Там проста канстатацыя факту. Расцаніць гэта, як прабачэньне ўладаў?.. Можа негалосна яны ў кагосьці яго і прасілі, прыкладам, у сваякоў загіблых. Але я ніколі ня чуў, каб афіцыйна прагучалі словы прабачэньня. Ці на той шыльдзе, каб былі напісаныя такія словы... Ня чуў і ня бачыў”.

(Карэспандэнт: ) “Дзесяць гадоў мінула. Чаму, на ваш погляд, было прынятае такое рашэньне?”.

(Азаранка: ) “Блізкі па часе яшчэ быў вобраз ворагаў і ён, дарэчы, зноў вяртаецца. Зноў антыамэрыканскія настроі ў тэлеперадачах, у афіцыйнай прэсе ўздымаюцца. Гэта значыць, камусьці вобраз ворага выгадны”.

На здымку: камень са словам “Прабачце” усталяваны на месцы падзеньня паветранага шара з амэрыканскімі паветраплавальнікамі.
XS
SM
MD
LG