Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нью-Ёрк праз чатыры гады пасьля тэракту


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк Што сёньня адбываецца у Нью Ёрку, Якое надвор’е, як выглядае месца, дзе быў Усясьветны Гандлёвы Цэнтар? Ці адчуваюцца, нейкія надзвычайныя захады бясьпекі? Гэтыя пытаньні мы задаем нашай карэспандэнтцы ў Нью Ёрку.

Замест вежаў і сёньня, праз 4 гады пасьля тэракту - катлаван, заліты бэтонам. І навокал мэталёвая сьцяна з кратаў. Тут жа цяпер праходзіць традыцыйная акцыя ушанаваньня памяці ахвяраў тэракту. Ужо тыдзень увесь сьветлавы дзень пералічваюцца імёны 2 749 чалавек, загіблых у выніку тэракту.

Сёньня ў Нью Ерку стаіць па-сапраўднаму летняе надвор’е. Каля 26 градусаў Цэльсія. У горадзе вельмі шмат турыстаў але дабрацца да месца, дзе раней быў Усясьветны Гандлёвы Цэнтар, даволі складана. Станцыя мэтро Кортланд Стрыт закрытая на рэмонт. Каб патрапіць на Ground Zero, трэба ісьці пешкі з суседніх вуліцаў.

Зьнешне адчувальна, што ў Нью Ёрку сёньня ізноў патрыятычны настрой. Амэрыканскія сьцягі ўсюды, людзі надзелі майкі з сымбалічнымі надпісамі, у розных месцах гучыць патрыятычная музыка. А навокал самога Ground Zero на вуліцах шпарка вядзецца гандаль. Можна купіць шмат сувэніраў з хмарачосамі World Trade Center. Напрыклад, альбомы з фотаздымкамі, як усё адбывалася, і нават за 5 даляраў дыск - 2 гадзіны архіўнага відэо.

У Мангэтэне задзейнічана больш чым звычайна паліцэйскіх, і гэта заўважна. Захады бясьпекі ўзмоцненыя на працягу апошніх тыдняў. І, напэўна, асабліва пільныя - на Ground Zero, на месцы былога Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру. Учора увечары, тут паліцыя спакойна але настойліва, без тлумачэньняў, адцясьніла турыстаў на другі бок вуліцы. Я падумала, што чакаюць нейкага важнага госьця. Падыйшла да апэратара каналу NBC і спытала, што адбываецца, а ён паказаў на папяровы пакунак, даволі вялікі, што ляжаў на парэнчы паліцэйскай агароджы. Былі падозраньні, што можа быць бомба. Але ніякай панікі навокал не было. Трохі пазьней паліцыя ачысьціла вуліцы, і нават усіх пакупнікоў у бліжэйшых крамах эвакуавалі на бясьпечную адлегласьць. Але ўжо праз паўгадзіны, я спакойна магла разгледзець тое, што было ў папяровым пакунку. Рэшкі ежы ды пустыя плястыкавыя бутэлькі - звычайнае сьмецьце, пакінутае турыстамі, якія не знайшлі сьметнік каля Ground Zero. Так што захады бясьпекі ў Нью Ёрку, можа і не заўважныя простым вокам, але працуюць.
XS
SM
MD
LG