Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў пакуль не атрымаў гарантый ад уладаў.


Алесь Дашчынскі, Менск Арганізацыйны камітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў пакуль не атрымаў ад уладаў пісьмовага пацьверджаньня і гарантый таго, што кангрэс можа прайсьці ў Беларусі. Нагадаю, на гэтым кангрэсе апазыцыйныя арганізацыі Беларусі маюць намер вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары наступнага году. Якой будзе далейшая стратэгія дэмакратычных сілаў і як ідуць перамовы з уладамі высьвятляў наш карэспандэнт.

Падчас наведваньня гіпермаркета "Гіпа" у Менску кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён даручыў органам улады, катэгарычна, настойліва рэкамэндаваў аказаць дапамогу ў правядзеньні кангрэсу. Навошта, маўляў, забараняць гэтыя мерапрыемствы, каб апазыцыя потым званіла пра гэта на ўвесь сьвет. Лукашэнка паабяцаў: "Мы будзем рабіць усё, каб апазыцыя магла рэалізаваць свае пляны, ідэі адпаведна закону". Прайшло ўжо некалькі дзён пасьля таго як кіраўнік Беларусі даручыў старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаілу Паўлаву аказаць апазыцыі дапамогу ў правядзеньні кангрэсу ў Менску, аднак аргкамітэт пакуль не атрымаў адпаведнага дакумэнта. Пакуль, як заяўляюць у аргкамітэце кангрэсу, ёсьць толькі забарона ад менскіх уладаў на правядзеньне кангрэсу дэмсілаў. Тлумачыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Сябры аргкамітэту знаходзяцца ў камунікацыях з адміністрацыяй Лукашэнкі і гарвыканкамам. Мы пакуль на руках ня маем пісьмовага пацьверджаньня і гарантый таго, што кангрэс можа прайсьці ў Беларусі. Але спадзяемся, што такі дакумэнт мы атрымаем”.

Калі раней Міхаіл Паўлаў назваў пяць варыянтаў для магчымага правядзеньня кангрэсу -- палацы менскага аўтазавода, чыгуначнікаў, трактарнага завода, "Камволь" і "Сукно", то ўчора А. Лукашэнка назваў толькі адзін варыянт памяшканьня - "Сукно". Як ставіцца да такой прапановы старшыня аргкамітэту кангрэсу дэмсілаў Аляксандар Бухвостаў?

(Бухвостаў: ) “У пэўным сэнсе правакацыйны характар маюць гэтыя дзеяньні, таму што "Сукно" знаходзіцца на рамонце, мы там ужо былі. Прычым цяпер гэта не "Сукно", там ужо іншы ўласьнік. Гэта памяшканьне “Джэм-банка”. Яны скончаць рамонт толькі ў студзені, а нам трэба правесьці кангрэс напрыканцы верасьня. Нам падыходзяць тры з названых заляў. Гэта Палацы чыгунчанікаў, аўтазавода і трактарнага. Калі нам не дадуць адно з гэтых памяшканьняў, то ўсе словы пустыя: Лукашэнка ў чарговы раз згуляў на публіку і ўвёў у зман наш народ".

Старшыня аргкамітэту кангрэсу дэмсілаў Аляксандар Бухвостаў адзначае, што месяц таму ў названыя Міхаілам Паўлавым палацы ўжо былі накіраваныя запыты на арэнду заляў. "Камволь" адмовіў, адміністрацыі астатніх заляў наагул прамаўчалі.

(Бухвостаў: ) “Мы лічым, калі яны нам не адказалі цягам месяца, то яны нам проста адмовілі".

Паводле старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі, той факт, што А.Лукашэнка вырашыў не перашкаджаць правядзеньню кангрэсу ў Беларусі -- гэта палітычная перамога апазыцыі. Аднак кіраўнік Беларусі заявіў журналістам у гіпермаркеце, што гэта "не перамога". Паводле А. Лукашэнкі, апазыцыя ў гэтай сытуацыі проста хоча захаваць твар. Маўляў, пасьля таго, як Міхаіл Паўлаў сказаў па тэлебачаньні, што кіраўнік краіны ўцягнуты ў гэтую праблему і даручыў дапамагчы арганізаваць кангрэс, апазыцыя разгубілася. Сябра аргкамітэту Кангрэсу дэмсілаў Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “Ніякай разгубленасьці няма. Ён кажа "захаваць твар", дык гэта праблема Лукашэнкі. Лепш бы ён не ўмешваўся ў дзейнасьць палітычных партый і мы б усё спакойна праводзілі, нікога не пытаючыся на версе, а дамаўляліся б канкрэтна з залямі, якія зацікаўленыя, стаяць часам пустыя, ім патрэбны грошы. Мы б аплацілі два дні за кангрэс... Кангрэс будзе і Лукашэнка не здолее нам перашкодзіць! Калі будзе заля ў Беларусі, мы абавязкова і там правядзем сваё мерапрыемства таксама".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG