Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы палякаў прыйшлі паслухаць беларускі рок на акцыі "Радыё Свабода"


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток Позна ўвечары 9 верасьня ў Беластоку завяршылася музычная акцыя “Радыё свабода” – менавіта так арганізатары назвалі шасьцігадзінны канцэрт, у якім узялі ўдзел беларускія рок-гурты. Паслухаць беларускі рок прыйшлі тысячы людзей.

“Я бачыў, як песьня “Радыё свабода” узьдзейнічае на слухачоў і я ўпэўнены, што гэта больш моцны сымбаль, чым для палякаў была калісьці песьня Яцка Качмарскага “Муры”, а для украінцаў -- “Разом нас богато”, -- кажа Робэрт Ляшчыньскі – вядомы ў Польшчы музычны журналіст, прадусар, адзін з арганізатараў канцэрту ў Беластоку.

(Ляшчыньскі: ) “У Польшчы нават ў найгоршыя часы ваеннага становішча рок-музыка ня мела патрыятычнага падтэксту, ніхто не прыходзіў на рок-канцэрты з нацянальнымі бела-чырвонымі сьцягамі. А ў Беларусі гэта нешта неверагоднае, гэта сымбаль патрыятызму, як для нас Міцкевіч ці Шапэн”

Паводле Робэрта Ляшчыньскага, беларуская музыка мае ўсе шансы стаць папулярнай ў Польшчы і канцэрт у Беластоку, пра які паведамлялі вядучыя польскія мэдіі - крок у гэтым кірунку.

Бел-чырвона-белыя сьцягі, выкананьне публікай некаторых песьняў разам з музыкамі, гэта на канцэртах беларускіх гуртоў Польшчу ўжо з’ява нармальная.

Гітарыст гурту NRM Піт Паўлаў:

(Паўлаў: ) “Нягледзячы на тое, што мы ня маем шансаў стаць супэр-зоркамі ў Польшчы, тым ня менш, нейкая папулярнасьць сярод тых, хто цікавіцца рокам, у нас тут ёсьць, і кола нашых прыхільнікаў паволі павялічваецца”.

Музыкі з NRM кажуць, што цяпер вядуцца папярэднія перамовы аб выпуску іхных кружэлак у Польшчы, а інтэрнэт-старонка гурту праз некаторы час магчыма будзе мець польскамоўную вэрсію.

У самым цэнтры Беластоку каля будынку драматычнага тэатру, дзе, дарэчы ў 1939 годзе быў падпісаны дакумэнт аб узьяднаньні Заходняй Беларусі і БССР, выступілі гурты зь Беларусі - NRM, ZET, IQ-48, ULIS а таксама беластоцкі гурт ZERO-85, які сьпявае па-беларуску.



Перад выступам гурту ZET да прысутных зьвярнулася кандыдатка на пасаду прэзыдэнта Польшчы Хенрыка Бохняж з польскй Дэмакратычнай партыі, якая дапамагла наладзіць канцэрт:

(Бохняж: ) “Заклікаю вас усіх дбаць пра тое, што мы ўжо маем – дэмакратыю, вольны рынак, свабоду. Гэта вялікія каштоўнасьці. Мы павінны таксама дапамагаць тым, хто дагэтуль працягвае за іх змагацца. Жыве Беларусь!”

Паводле прысутных польскіх палітыкаў, дапамагаючы ў арганізацыі такога канцэрту, яны хочуць паказаць, што супраць Лукашэнкі трэба змагацца не сілай, але музыкай і вольным словам.

“Час, калі гэтыя гурты змогуць свабодна граць і ў сваёй краіне напэўна хутка надыдзе”, - заявіла Ганна Мойсяк з польскай Дэмакратычнай партыі.

Гурт ULIS выступаў перадапошнім. Лідэр гурту Слава Корань, нягледзячы на тое, што гэта ягоная песьня дала назоў усёй імпрэзе, у размове з журналістамі быў вельмі сьціплы:

(Корань: ) “Назоў, хіба, трапны. Але калі пры гэтым яшчэ і пра ULIS успомнілі, дык добра”.

Адметна, што нягледзячы на вельмі цёплы прыём тысячаў жыхароў Беластоку, беларускія музыкі як адзін казалі, што вельмі хацелі б выступаць на такіх сцэнах у сябе ў Беларусі, але там іхныя канцэрты забароненыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG