Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчэпічы, Клецкі раён


Віталь Сямашка, Клецкі раён, Меншчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”

Даўно заўважана, што назовы паселішчаў ня толькі ў той ці іншай ступені адлюстроўваюць навакольную рэчаіснасьць, але й, у сваю чаргу, уплываюць на жыцьцё іхных аўтараў — пасяленцаў. Хто ведае, аднак, ці стасуецца гэта тэза да гісторыі вёскі Шчэпічы (яшчэ 90 гадоў таму — Шчэпаўшчызны), што ў Клецкім раёне? Але мая новая знаёмка, спадарыня Пабудзей разважае гэтак: маўляў, і гісторыя вёскі склалася, нібы той абломак, шчэпа. Хоць перад мікрафонам Марыя Аляксандраўна, краязнаўца й мясцовая патрыётка, сказала зусім нэўтральна.

(Пабудзей: ) “Адкуль пайшла назва? Адныя гавораць, што калісьці жыў на гэтым месцы пан Шчэпа. Другія кажуць, што тут быў спрэс лес, і хацелі пасяліцца людзі — ды так сталі яго рубіць, што шчэпкі паляцелі…”

Факты ж такія. Скажам, у канцы 19-га стагодзьдзя больш за палову месьцічаў памерла ад халеры. А ў 20-30-ыя гады мінулага стагодзьдзя вёска цалкам была расьселена па засьценках. І толькі ў 60-я камуністы ізноў зьвялі ў адно паселішча ўсіх 800 шчэпінцаў — каб кожны быў навідавоку. Зрэшты, гістарычная адасобленасьць паўплывала, да прыкладу, і на тое, што тут няма слыннай трасянкі, — кажа настаўніца беларускай мовы сп. Алена Аўдзей.

(Аўдзей: ) “У Шчэпічах пераважае літаратурная мова — альбо чыста беларуская, альбо руская. Дзьвюхмоўе, але без дыялектаў — адметнасьць Шчэпіч…”

Дарэчы, пра “перавагі”. Нядаўна, з загаду райаддзелу асьветы, былі — без усялякіх тлумачэньняў — закінуты на страху экспанаты краязнаўчага музэю: школа, кажуць, атрымала экалягічны кірунак. Пэўне ж, таксама — для раённай справаздачы. Пра відочнае зьнішчэньне гістарычнай памяці сёньня бядуе хіба заснавальніца музэю, школьная экс-дырэктарка, 61-гадовая спадарыня Пабудзей.

(Пабудзей: ) “Экспанатаў у нас каля 500 было — пераважна прылады, хатні скарб, лямпы даўнейшыя, нажы, што торф рэзалі, нават валізка, сплеценая з карэньня, якую ў часе вайны імпэрыялістычнай, 14-га году, дзед мой сплёў. Ступа з таўкачом. Прасы — у нас “жалязкі” казалі — з трубамі, што вуглём распальвалі. Нават быў экспанат 1886-га году — пральная машына для выкручваньня бялізны, вытвараная ў Амэрыцы. У двух пакойчыках зарганізавалі. А потым я пайшла — і няма музэю…”

Спадарыня Марыя жанчына адзінокая. І калі загаворваем пра палітыку, нечакана для мяне заліваецца сьлязьмі…

(Пабудзей: ) “Я адзінае, за што дзякую прэзыдэнту, што даюць нам пэнсію ў той час, калі патрэбна. Толькі за пэнсію! Баюся, каб яе ня страціць…”

Мабыць, таму інфармацыя старшыні Шчэпінскага сельсавету ды, па сумяшчальнасьці, выбаркаму Мікалая Міхайлавіча Паўлоўскага была для мяне, бадай, чаканай…

(Паўлоўскі: ) “Актыўнасьць — да 95-ці адсоткаў. На рэфэрэндуме амаль усе за падаўжэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта. І на прэзыдэнцкіх — у асноўным, тое ж самае”.

Аднак, як зазвычай на беларускай вёсцы, аказалася, што гэта зусім ня сьведчыць пра акрэсьленасьць палітычнай пазыцыі. У тым давялося пераканацца ў хуткім часе. Справа ж у тым, што маё вандраваньне адбывалася пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі па адным з расейскіх тэлеканалаў, калі ён ацаніў сярэдні заробак працоўных на вёсцы 150-цю далярамі. Пачуўшы пра гэта, 21-гадовы жывёлавод мясцовага СВК “Шчэпічы” Павал Бурдзей ды ягоны паплечнік 41-гадовы Леанід Рагальчук — яны чакалі ля брамы падвозу зялёнай масы й мукі — самі запатрабавалі ўключэньня мікрафону “Свабоды”.

(Бурдзей: ) “У сярэднім у нас 150 тысяч выходзіць. У чэрвені 185 налічана”.

(Рагальчук ) “Меней бывае — 80 тысяч…”

(Карэспандэнт: ) “А колькі кароў абслугоўваеце?”

(Бурдзей: ) “Я кармлю чатыры групы па 47 галоў — гэта 200 галоў. Хіба можна за такія грошы рабіць з самай раніцы да позьняга вечара?!”

(Рагальчук: ) “Я сам заезлы, ажаніўся, дзіця ёсьць. Калгас хаты не купіў, я —кватарант. Вераніка, жонка, сем месяцаў адрабіла. Пайшла ў дэкрэт, нарадзіла. Мне аднаму трэба адрабляць 10 гадоў за хату па паўтары тысячы даляраў. А за такія грошы немагчыма! Калгас ніякай дапамогі ня даў на рамонт — усё за свае грошы: фарбы, шпалеры…”

Але самае бядотнае становішча — у шматдзетных. У сям’і Хомічаў 8 дзяцей, шасьцёра ўнукаў. Бальшыня зь іх туліцца дагэтуль у бацькавай аднапакаёвай кватэры. Між іншым, газыфікавана ў вёсцы менш за 10 адсоткаў дамоў, ацеплена толькі 30, почасту здараюцца адключэньні сьвятла. Тым ня менш, вось што самае надзённае для бацькі сямейства — 65-гадовага Івана Міхайлавіча Хоміча.

(Хоміч: ) “Быў сход у нас. Казаў я пра вадастокавыя яміны, што пазаплывалі памыямі. Як дождж, — да мяне па сотках уся вада й пайшла на бульбу. Бруд! Не ступіць! Намесьнік старшыні райвыканкаму запісаў. А калі будуць тыя канавы закопваць, — чорт ведае. У калодзежы вада — няма як піць…”

(Карэспандэнт: ) “Цесна ў хаце?”

(Хоміч: ) “Тры сыны дарослыя, нас удвух. Тут заля, спальня й невялікая кухня…”

(Карэспандэнт: ) “У вас жа прэзыдэнцкія дамкі будуюцца…”

(Хоміч: ) “У мінулым годзе старэйшы сын — чарнобылец — выйшаў на першае месца, камбайнэр, 45 год яму. А кватэры не даюць. 15 гадоў стаіць! Я ўсё жыцьцё прарабіў на трактары, камбайне. Я ж дзяцей выганяць ня буду: куды яны, у поле чыстае выйдуць?! Старая хворая — тры інсульты прайшла. У Клецку пракапацца, таблеткі набыць… — кажуць: прывязі сюды. Ну, як я прывязу?! Кажуць: станавіся на чаргу. Чалавек хадзіць ня можа — якая чарга?!”

Тацяна, жонка самага маладзейшага 23-гадовага Вані Хоміча, рыхтуецца нарадзіць дзіця. Сама са Століншчыны. У яе свой клопат.

(Тацяна: ) “Зіма — куды я пайду зь дзіцём?! У нас адна грубка. І на вялікі пакой усё цяпло. Ехаць на Століншчыну? Жыць ёсьць дзе. Працы няма. Дзякуй, што карыта, ля якога стаім, пакуль не разьбітае…”

Яшчэ з даўнейшых часоў, памянёных напачатку, Шчэпічы засталіся досыць раскіданымі. Сьпяшаючы на чарговую сустрэчу, праходжу ўздоўж прыгожага, з празрыстай вадой Лукаўскага возера. Ня змог прамінуць выпускнікоў Колю Саўскага, Лёшу Гадуна ды Зьміцера Кепшана, што вярталіся з рыбалкі.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць рэкорд які-небудзь?”

(Галасы: ) “100 штук карасёў… Аднаго карпа злапаў…”

(Карэспандэнт: ) “Вам хутка выбіраць — у горад падавацца ці ў мястэчку заставацца?”

(Галасы: ) “У горад! Проста цягне да цывілізацыі. Можа, збудавалі б шапікаў больш, каб можна было больш купляць. Можа, там жыльля больш. І лепей — каб дзяцей больш. Каб, як у вёсцы, ня сумна было…”

Як аказалася, маладзёны не цураюцца палітыкі. Якраз іхная пазыцыя падалася мне досыць акрэсьленай.

(Саўскі: ) “Лукашэнка хоча аб‘яднацца з Расейскай Фэдэрацыяй. Я баюся, што яна можа разваліцца, як разваліўся Савецкі Саюз. Мы прызвычаіліся ўжо да сваёй грашовай адзінкі, а ўвядзецца, казалі, расейская валюта — гэтага мы ня хочам! Нам трэба, каб Лукашэнка ня ўмешваўся ў расейскія справы, каб не прыйшлося ў Чачэніі быць. Я хацеў бы, каб Лукашэнка вёў добрую палітыку: напрыклад, зь Нямеччынай, бо яна любіць рабіць сумесную зь беларускай вытворчасьць. Вось ведаеце, прыяжджаў мой брат з Калінінграду, і ён казаў, што ў іх, у Расеі, на нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча гавораць “конюх”. Казалі, што Беларусь — краіна, дзе правіцель зьяўляецца дыктатарам, шмат забараняе…”

***

Непасрэднай падставай для вандроўкі ў Шчэпічы стала жаданьне сустрэцца з трыма братамі-фэрмэрамі Аўдзеямі, вядомымі далёка па-за межамі Клецкага раёну. Да Аўдзеяў прыяжджаў сам Аляксандар Лукашэнка. Вось што распавяла мне маці братоў — Ніна Іванаўна, былая калгасная даярка з 40-гадовым стажам.

(Ніна Іванаўна: ) “Я там была. Лукашэнка ў дом да Вані заходзіў, спытваў, як яны думаюць прадаўжаць...”

(Карэспандэнт: ) “Чым-небудзь дапамог пасьля?”

(Ніна Іванаўна: ) “Мо, тэхніку лягчэй было дастаць ім. Бо так цяжка ім было б дабіцца чаго. Мы яму ўдзячныя…”

Для самых братоў тэма гэтая — табу. Слава ад гасьцяваньня Лукашэнкі ўжо даўно ператварылася ў пагалосак пра нямецкія камбайны ды ангельскія сеялкі: братом, нібыта, зьнянацку ўдалося набыць іх адразу ж пасьля ягонага візыту. Дайце веры, чым не сакрэт посьпеху?! Так што, выходзіць, сёе-тое даводзіцца ўтойваць. Таму, з узаемнай дамоўленасьці братоў, рэй з журналістамі вядзе старэйшы — Іван Аўдзей.

Вось, нарэшце, паўсталі перада мной тры сьвежавыфарбаваныя катэджы. Акуратна пастрыжаныя кветнікі. Ідэальная чысьціня навокал. Аазіс у цэнтры былога калгаса.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня фэрмэры й СВК “Шчэпічы” — канкурэнты. Супрацоўнічаюць ці працуюць “сьценка на сьценку”?”

(Іван: ) “Кожны жыве й працуе па-свойму. Супернікі ў тым сэнсе, што ўраджай вышэй-ніжэй. У нас 55 цэнтнэраў з га. Болей, чым у СВК, канечне”.

Іван, Аляксандар ды Мікалай — адпаведна, аграном, заатэхнік ды інжынэр — у фэрмэрстве 15 гадоў. Мужыкі, як кажуць, у поўным роськвіце сіл. Сем’і, дзеці. 155 га зямлі ў Івана, 96 — у Аляксандра, 19 — у Мікалая. Да прыкладу, Іван атрымаў апошні ўраджай 2.300 тон буракоў, 680 зерневых ды паўтары тоны гародніны. Некалі, 5 гадоў запар, Аўдзеі мелі жывёлагадоўчую фэрму на 300 галоў. Івану й цяпер прапануюць узяць 200 галоў. Ён адмаўляецца: маўляў, зусім ня будзе часу нават ў рэстарацыі пасядзець.

(Іван: ) “Ну, яшчэ за бутэльку піва магу пацягнуць (сьмяецца)… Калі шчыра, — больш ужо ня хочацца. Спэцыялізацыя сёньня важная. Таму што калі хочаш атрымаць прыбытак, — трэба мэханізаваць працэсы, купляць тэхніку. Калі будзеш мець шмат кірункаў у сваёй дзейнасьці, — у цябе ня хопіць сродкаў, не адпрацуеш тэхналёгіі. Будзеш распыляцца — праляціш! О, калі пачалася хваля фэрмэрызацыі, шмат было авантурыстаў, якія ўзялі зямлю. А раз дзяржава вызначылася й падтрымлівае буйную таварную гаспадарку — СВК — а фэрмэры ня лічацца прыярытэтным накірункам, дык гэта адзін з фактараў, што згортвае фэрмэрскі рух. Нашы законы прымаюцца толькі на паперы, што, нібыта, роўныя ўмовы для ўсіх таваравытворцаў. Што тычыць СВК, — увасабляецца на 100% і болей. Фэрмэры ж не атрымоўваюць нават мінімальных сродкаў на закупку мінэральных угнаеньняў, крэдытаў на паліва ці набыцьця тэхнікі па лізінгу. У гэтым годзе мы атрымалі на 16 гаспадарак раёну 3,5 тоны дызпаліва…”

(Карэспандэнт: ) “Наколькі адсоткаў гэта пакрывае вашы патрэбы?”

(Іван: ) “На 5 адсоткаў закрываецца…”

На сталай працы у Аўдзеяў чацьвёра рабочых. У сэзон колькасьць іх дасягае некалькі дзясяткаў. Сярэдні заробак у дзень — 12,5 тысяч рублёў. Сьведчыць знаёмая ўжо вам спадарыня Пабудзей.

(Пабудзей: ) “Аўдзеі бяруць і па 30, і па 35 чалавек. Восеньню, сама бачыла, і пад 100 было — надвор’е прысьпешвала. І ў чаргу выстройваюцца, каб патрапіць да іх на працу. І яшчэ дэталь. Калі Ваня, Коля ці Саша бачаць, што нехта выпіўшы (сёньня ці з учарашняга), — дык на працу ня возьме: ідзі, кажа, прасьпіся. Людзі ўжо й ня гэдак і п’юць. А да працы яшчэ й натуральная аплата. Скажам, на капусьце працуюць — да пяці галовак дазваляецца браць. Ці два кашы морквы. У іх такія ўраджаі! Радочкі акуратненькія. Што значыць з душой! Любяць хлопцы зямлю…”

З Іванам Аўдзеем заводзім гаману пра тое, без чаго не абыходзіцца цяпер ніводная фэрмэрская сустрэча — пра права спадчыннасьці на зямлю. У Івана, між іншым, 100 га ў пажыцьцёвым валоданьні й 55 — у арэндзе. Але такія меркаваньні, як ягоныя, ад фэрмэра пачуеш ня часта.

(Іван: ) “Як я магу атрымаць у спадчыну гэтыя 100 га зямлі, калі я за яе грошай не плаціў?! Я, можа, “белая варона” са сваім меркаваньнем у асяродку фэрмэраў і апазыцыі, але дастаткова й арэнды зямлі — мяне гэта цалкам задавальняе…”

(Карэспандэнт: ) “Якраз у якасьці арэндадаўцаў выступаюць прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі, і большасьць тваіх калег адчуваюць небясьпеку ад тых, хто дае права на арэнду: колькі даць, калі забраць, якой зямлі даць і г.д.”.

(Іван: ) “Вы мне нічога новага не сказалі. У нас аналягічная сытуацыя. Самадурства. Усё залежыць ад мясцовых чыноўнікаў, і нічога не мяняецца. Зямля не даецца — вось у чым сэнс!”

Прыканцы ўсё ж згадваем пра тое, з чаго пачынаў гэтую перадачу, — пра шэраг гістарычных навалаў над пакаленьнямі тутэйшых.

(Іван: ) “Усё нармальна атрымалася, пэрспэктыва ёсьць — жывём, разьвіваемся. Гістарычная лінія, што няўдала склалася для Шчэпіч, нас не перасьледуе — нібыта, пераламілі лёс…”
XS
SM
MD
LG