Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: "Справай падтрымкі мы нэўтралізуем стратэгію ўладаў"


Любоў Лунёва, Менск Апазыцыйныя палітыкі Павал Севярынец і Мікола Статкевіч працягваюць адбываць пакараньне абмежаваньнем свабоды за арганізацыю дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. У часе разгону леташніх дэманстрацыяў затрымалі некалькі дзесяткаў чалавек, якія адседзелі ад трох да дзесяці сутак арышту. А Статкевіча і Севярынца сёлета асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі, гэтак званай “хіміі”.

Мікола Статкевчі 29 ліпеня прыехаў у Баранавіцкую спэцкамэндатуру. На наступны ж дзень яго выклікалі да сьледчага, які абвінаваціў яго ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Паплечнікі Міколы правялі яго да брамы спэцкамэндатуры і там сфатаграфаваліся разам з ім. Гэта і стала падставай для адміністрацыйнай справы. Міколу Статкевіча зьмясьцілі ў 15-мэтровым пакоі, дзе разам з ім былі яшчэ 7 чалавек. Каля пакоя адзіная на ўвесь калідор прыбіральня. Толькі праз 20 дзён апазыцыйнага палітыка перавялі ў іншае месца. Згодна з заканадаўствам, асуджаны мае права раз на месяц наведваць сваю сям’ю, калі з яго боку не было парушэньняў правілаў унутранага распарадку. Калі надыйшоў час Міколу Статкевічу наведаць сваю сям’ю, яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што яго прыезд у Менск дэстабілізуе апэратыўную абстаноўку ў сталіцы. Адразу пасьля гэтага з яго пэнсіі сталі вылічаць 50% грошай, каб кампэнсаваць штраф за выступ на мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка. Мінюст даслаў ліст с тлумачэньнем, што ў дадзеным выпадку гэта рабіць можна. Але паводле адміністрацыйнага кодэксу вылічаць можна не больш за 20%. Мікола Статкевіч лічыць, што гэта робіцца наўмысна, каб прымусіць яго не займацца палітыкай. Тым больш, што міліцэйскае кіраўніцтва скараціла працоўны дзень апазыцыянэра на тры гадзіны, каб ён больш часу праводзіў у спэцкамэндатуры. Былы вайсковец працуе на прадпрыемстве “Рэмбыттэхніка”. Ён рамантуе фэны, лядоўні, прасы – розную тэхніку. Кіраўнік вытворчасьці Аляксандр Яварчук задаволены працай Міколы Статкевіча.

(Яварчук:) “Якія ў нас тут нормы? У нас тут канвейера няма. Зьвяртаюцца людзі да нас і мы выконваем іх запыты. А чаму ж яму не спраўляцца? Чалавек мае вышэйшую адукацыю. Яму з фэнам разабрацца, ці паглядзець электрасхему і зьмяніць кандэнсатар – не праблема. Тут патрэбна толькі ўседлівасьць, а яна ў яго ёсьць.”

(Статкевіч:) “Мяне правяраюць як нікога. Нават, калі жонка прыяжджае, прыходзяць дахаты. Але самае сьмешнае не гэта. Самае сьмешнае, што нейкая таямнічая ўстанова гэтак жа правярае міліцыянтаў, якія кантралююць мяне. У гэтай сытуацыі я мушу прыходзіць на дапамогу. Я і мой бацька пішам тлумачальныя па просьбах міліцыянтаў, што маёр такі прыходзіў у столькі, правяраў мяне і гэта сапраўды праўда. Як можам, дапамагаем гэтым людзям несьці іх нялёгкую службу.”

Спэцкамэндатура, дзе адбывае пакараньне Павал Севярынец, знаходзіцца ў маленькай вёсцы Малая Сітна. Паплечнікі Паўла наведваюць яго. Прывозяць яму харчы і прэсу. Вёска знаходзіцца ў глухім месцы блізу расейскай мяжы. Мабільная сувязь не працуе. Павал жыве ў маленькай хатцы, але, калі пачнуцца халады, яго перавядуць у інтэрнат, бо хата не прыдатная для жытла ўзімку. Павал працуе на лесапілцы. Ён нарыхтоўвае кругляк, які прадаюць у Літву і Латвіію. На працы ён праводзіць агітацыю сярод рабочых. Павал непакоіцца за лёс двух катоў, якія жывуць разам з ім у летняй хаце. У мінулыя выходныя апазыцыянэра наведалі сустаршыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч і былы дэпутат Валеры Фралоў.

(Дашкевіч:) “Мы разумеем, што ў такой сытуацыі, у якой апынуўся Павал, самае галоўнае – адчуваць падтрымку сяброў. Каб ён адчуваў, што яго справа патрэбная. Патрэбная паплечнікам, Радзіме, будучыне Беларусі. Справай падтрымкі Паўла мы нэўтралізуем стратэгію ўладаў, якія жадалі пазбавіць яго магчымасьці ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці. Мы прыкладзем усе намаганьні, каб Паша не адчуваў сябе ізаляваным, быў заўсёды побач з намі.”

Днямі яшчэ адзін палітык Андрэй Клімаў мусіць атрымаць паведамленьне аб месцы, куды яго накіруюць адбываць пакараньне абмежаваньнем свабоды за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG