Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША ўшануюць памяць ахвяраў тэрору


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Заўтра Злучаныя Штаты ўшануюць памяць ахвяраў тэрарыстычных нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон чатыры гады таму. Тады загінулі больш за 3 тысячы чалавек. Амэрыканскае грамадзтва працягвае асэнсоўваць прычыны і наступствы падзеяў 11 верасьня 2001 году. Газэта “Boston Globe” друкуе сёньня разважаньні амэрыканскай жанчыны, маці якой стала ахвярай таго тэракту.

Кэры Лемак усе гэтыя доўгія чатыры гады кожны раз уздрыгвае, калі зьвініць тэлефон. Ёй падаецца, што вось зараз яна пачуе голас сваёй маці, якая запытаецца: ”Гэта ты, Кэры, мая дзетка?” Кэры Лемак хацела б расказаць сваёй маці, што ў сьнежні ў яе нарадзіўся ўнук, што сама яна скончыла школу бізнэсу, таксама пра прыгоды ўлюбёнага сабакі маці і шмат-шмат чаго яшчэ. Жанчына піша, што сама яна, хай ў думках, але ўсё ж можа пагаварыць з маці. А вось маці пагаварыць з лідэрамі нацыі пра тое, што здарылася і што зрабіць, каб такое не паўтарылася ніколі болей, ужо ня зможа.

Кэры Лемак узгадвае, што чатыры гады таму ў аснове нацыянальнага дыялёгу былі такія словы як “гераізм”, “храбрасьць”, “патрыятызм”, “адзінства”. Так, адразу пасьля 11 верасьня амэрыканцы былі разам, грамадзтва мела агульны адказ на пытаньне, што адбылося. Вось жа адзін з супрацоўнікаў аўтаркі артыкулу 10 гадзінаў чакаў у чарзе, каб здаць кроў для ўратаваньня жыцьця параненых. Мільёны амэрыканцаў ахвяравалі грошы на дапамогу пацярпелым. Дэмакраты і рэспубліканцы былі аднадушныя ў прыняцьці рашэньняў у Капітоліі. Трагедыя аб’яднала краіну, і яна была як адзіная гіганцкая сям’я.

Цяпер жа, -- піша Кэры Лемак на старонках “Boston Globe”, -- амэрыканцы раз’яднаныя. Замест дыялёгу ў вырашэньні сацыяльных праблемаў ці пытаньнях правасудзьдзя, выпрацоўкі адзінага падыходу да вельмі дарагой для краіны вайны ў Іраку, ідуць узаемныя абвінавачваньні. Калі б у гэтых і іншых пытаньнях палітыкі і звычайныя людзі дамагаліся адзінства, як пасьля 11 верасьня 2001 году, дык краіна стала б больш магутнай. На яе думку, сёньня палітыкі хутчэй разьядноўваюць нацыю, чым аб’ядноўваюць.

Кэры Лемак заклікае нацыю да грамадзкага дыялёгу, да ўзаемапавагі -- як яна піша, да тых дзьвюх прывілеяў, якія і робяць ЗША вялікай дзяржавай. На наступным тыдні адмысловая дзьвюхпартыйная група мае абнародаваць справаздачу аб тым, што зроблена ўрадам дзеля павышэньня бясьпекі краіны. Жанчына заклікае грамадзтва з павагай паставіцца да рэкамэндацыяў камісіі, выслухаць іх і спакойна абмеркаваць. Выклікі і пагрозы часу застаюцца, і перамагчы іх можа толькі зьяднаная нацыя. У гэтым амэрыканка Кэры Лемак бачыць урок 11 верасьня 2001 году, які павінна вывучыць грамадзтва.
XS
SM
MD
LG