Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымасьці замежнага радыёвяшчаньня на FM – тэхнічныя і юрыдычныя аспэкты


Сяргей Шупа, Прага А зараз на нашых хвалях – перадача “Настрой на Свабоду”, прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў.

Вітаю ўсіх слухачоў перадачы “Настрой на Свабоду”. Наша сёньняшняя перадача зьвязаная з эўрапейскімі радыёпраектамі вяшчаньня на Беларусь, пра якія так шмат гаворыцца ўжо амаль год. Сёньня мы пагаворым пра адзін аспэкт згаданай тэмы – пра магчымасьці замежнага радыёвяшчаньня на Беларусь у дыяпазоне FM.

Непасрэдным стымулам для выбару тэмы сталася інтэрвію, якое даў месяц таму “Белорусской газете” Сяргей Кузін – былы генэральны прадзюсэр і дыджэй менскага “Альфа Радыё”, а цяпер – генэральны дырэктар украінскай нацыянальнай радыёсеткі “Хіт-FM”.

Сяргей Кузін – чалавек у FM-сьвеце аўтарытэтны. Да таго ж ён закончыў факультэт радыёэлектронікі менскага ВІЗРУ, а значыць мог бы выступаць і як тэхнічны экспэрт у галіне радыёвяшчаньня.

Некаторыя выказваньні Сяргея Кузіна мы абмяркуем сёньня з маім госьцем – літоўскім экспэртам у галіне радыёвяшчаньня, шматгадовым вядучым перадачы для радыёаматараў на Літоўскім Радыё, супрацоўнікам Радыё Балтыйскія Хвалі Сігітасам Жылёнісам.

Маё першае пытаньне да Сігітаса зьвязанае з гэткім фрагмэнтам інтэрвію Сяргея Кузіна. Ён сярод іншага выказвае перакананьне, што арганізацыю радыёстанцыі для вяшчаньня на Беларусь з Польшчы ня трэба узгадняць зь беларускім бокам – маўляў, дастаткова вырашыць гэтае пытаньне зь Міжнародным саюзам электрасувязі ў Жэнэве. Ці так гэта?

(Жылёніс :) “Рэч у тым, што ўсё гэта можа быць, але тады трэба забясьпечыць, каб польскі бок зрабіў так, каб ніякія радыёсыгналы зь яго перадатчыка, разьмешчанага, скажам, у Беластоку – каб яны не пашыраліся на тэрыторыю ніякай іншай краіны. Значыць, на тэрыторыю Беларусі. Зрабіць гэта немагчыма – не збудуеш ніякага муру, каб празь яго не праходзілі сыгналы. Значыць, сыгналы ўсё роўна дасягнуць тэрыторыі Беларусі, увойдуць туды і будуць там рабіць усё, што ім захочацца. Усё ж, інфармаваць трэба. І працэдура інфармаваньня вызначаная Міжнародным саюзам электрасувязі.

Гэты міжнародны саюз электрасувязі (ITU) арганізуе ў гэтым пытаньні рэгіянальныя канфэрэнцыі, і адно з рэгіянальных пагадненьняў было падпісанае ў 1984 годзе. У ім вызначаецца парадак каардынацыі частотаў эўрапейскіх станцыяў у дыяпазоне FM. Гэтае міжнароднае пагадненьне скарочана называецца “Жэнэва-1984”.

Калі коратка – трэба накрэсьліць вакол праектаванай станцыі акружнасьць радыюсам 500 кілямэтраў і паведаміць адміністрацыям усіх краінаў, якія знаходзяцца ў тым 500-кілямэтровым радыюсе. 500 кілямэтраў вызначаныя таму, што калі самалёты ляцяць на стандартнай вышыні – 12-13 кілямэтраў, іх абсяг бачнасьці складае 500 кілямэтраў – каб яны бачылі гэтую новую станцыю. І дзеля таго, што авіяцыйны дыяпазон знаходзіцца побач з дыяпазонам FM і станцыі дыяпазону FM могуць пры пэўных абставінах замінаць авіяцыйнаму дыяпазону – таму і абраны гэты радыюс 500 кілямэтраў.

І калі станцыя будуецца ў Беластоку – давядзецца каардынаваць яе нават з Латвіяй, бо яна ўваходзіць у тую 500-кілямэтровую зону, каб самалёты, што ляцяць на Польшчай, не заміналі самалётам, што ляцяць над Латвіяй”.

Наступнае пытаньне, вакол якога часта вядуцца спэкуляцыйныя спрэчкі – дальнасьць пашырэньня FM-сыгналу. Як далёка можна “дабіць” ім з-за мяжы? Сяргей Кузін у сваім інтэрвію “Беларускай газете” кажа: “перадатчык магутнасьцю 1 кВт на вышыні 100 м можа гарантавана пакрыць толькі 45-50 км у радыюсе. 12-кіляватны перадатчык на вышыні 270-300 м пакрывае 200 км”.

(Жылёніс :) “Ну, 200 кілямэтраў ён не пакрывае. Ён пакрые, ну, 120 км самае большае. Але тое, што ён пакрывае 120 або 40 кілямэтраў, яшчэ ня значыць, што ён толькі гэткае і будзе мець узьдзеяньне. Далей сыгнал усё роўна ідзе, гэта ўжо ня зона ўпэўненага прыёму, гэта зона няўпэўненага прыёму, але сыгнал усё адно прысутны, сыгнал там ёсьць і ён стварае там пэўныя наступствы”.

Дык ці рэальна “дабіць” FM-сыгналам зь Літвы да Менску? Гэта ж нават ня 200 км, як у прыкладзе спадара Кузіна...

(Жылёніс :) “Найвышэйшы і найбліжэйшы пункт на тэрыторыі Літвы – гэта Меднікі. Але зь Меднікамі праблема вось якая. Паміж Меднікамі і Менскам ёсьць ажно тры ўзвышшы, разьмешчаныя ледзь не на адной лініі. За кожным ўзвышшам сыгнал слабне, што ўжо казаць пра тры ўзвышшы – ён там ужо настолькі аслабне, што ў Менску практычна сыгналу ня будзе, нават калі ўзьняць антэну на вышыню 300 мэтраў”.

Дык як рэальна выглядае сытуацыя з плянамі FM-вяшчаньня зь Літвы або Польшчы?

(Жылёніс :) “Саму рэдакцыю – фірму – можна зарэгістраваць безь ніякіх юрыдычных праблемаў. А праблема будзе – атрымаць частату. Ясна, што захочацца атрымаць частату, якая б дабівала далёка – і да Беларусі, і яшчэ ўглыб Беларусі.

Такіх свабодных частотаў, наколькі мне вядома, няма ні ў Польшчы, ні ў Літве. Значыць, трэба недзе з кампутарам пашукаць базу дадзеных – якую можна выкарыстаць частату, каб больш-менш не перашкаджаць іншым станцыям. Знайсьці гэткую частату і тады зьвярнуцца – дайце нам гэтую частату. І тады тая літоўская або польская ўстанова – служба рэгуляваньня сувязі – павінна будзе скаардынаваць гэтую частату зь дзяржавамі, якія знаходзяцца ў 500-кілямэтровай зоне вакол перадатчыка.

І тут я думаю, што Беларусь якраз і ня згодзіцца – “не скаардынуем, мы ня можам, нам будзе перашкаджаць, і ўсё тут”. Дзеля таго, што працэдура патрабуе, каб былі выкладзеныя аргумэнты – “а якой вашай станцыі гэта будзе перашкаджаць?” – дык у Савецкім Саюзе была такая практыка, і я думаю, у Беларусі яна захавалася – скажуць “будзе перашкаджаць вайсковым камунікацыям, а далей інфармацыя сакрэтная – і ўсё”.

На мае пытаньні адказваў супрацоўнік Радыё Балтыйскія Хвалі Сігітас Жылёніс.

Паспрабуем падвесьці рысу. Калі гаварыць пра вяшчаньне з суседніх зь Беларусьсю краінаў, дык існуюць тэарэтычныя тэхнічныя магчымасьці пакрыць FM-сыгналам 50-70-кілямэтровую паласу ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Такім чынам выказваньні некаторых беларускіх палітыкаў, нібыта FM-сыгналам можна пакрыць 80 працэнтаў тэрыторыі Беларусі падаюцца выдаваньнем жаданага за сапраўднае.

Аднак значна больш складанае пытаньне тут не тэхнічнае, а юрыдычнае – працэс атрыманьня частаты цягнецца каля году і прадугледжвае ўзгадненьне зь беларускім бокам. Пра гэта абсалютна справядліва на пачатку жніўня выказаўся ў інтэрвію агенцтву БелТА намесьнік міністра сувязі Беларусі Ўладзімер Цясьлюк – пытаньне аб узгадненьні новых частотаў сёлета Польшчай не ўздымалася.

Можна, вядома, нічога зь беларускім бокам не ўзгадняць і распачаць вяшчаньне нелегальна, па-пірацку (хоць цяжка сабе ўявіць, каб у Польшчы або Літве нехта наважыўся на такі крок). Аднак у гэтым выпадку, як зноў жа адзначыў спадар Цясьлюк у тым самым інтэрвію, афіцыйныя беларускія ўлады будуць мець усе падставы для глушэньня гэткага нелегальнага сыгналу. Для гэтага будзе дастаткова задзейнічаць у цэнтры памежных гарадоў (напрыклад Берасьця, Горадні) перадатчык з магутнасьцю на парадак меншай – каб пакрыць тэрыторыю радыюсам кілямэтраў пяць, што не запатрабуе ніякіх значных выдаткаў.

Вось такія высновы – несуцяшальныя для тых, хто спадзяваўся на адкрыцьцё ў найбліжэйшым часе FM-вяшчаньня з-за мяжы – з аб''ектыўнай інфармацыяй або проста з нармальнай музыкай без “75 працэнтаў”. Я б быў вельмі рады памыліцца ў гэтых маіх высновах, таму зьвяртаюся да слухачоў – калі ласка, прапануйце свае варыянты выйсьця з гэтага FM-тупіка.

Вось нашыя каардынаты для сувязі. Адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрас электроннай пошты Belarus@rferl.org.

Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG