Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка манапалізуе алькагольны бізнэс?


Міхал Стэльмак, Менск 9 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт пра новы парадак рэгуляваньня ў Беларусі вытворчасьці, абарачэньня і рэклямы алькагольнай прадукцыі. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, дэкрэт уводзіць жорсткую адказнасьць за парушэньне правілаў рэгуляваньня. На думку незалежных экспэртаў, дзяржава манапалізуе гарэлачны бізнэс, аднак прынятыя меры ня паўплываюць на вырашэньне праблемы п’янства.

У адпаведнасьці з дэкрэтам, у Беларусі чакаецца істотнае скарачэньне – з 581 да некалькіх дзесяткаў – колькасьці арганізацыяў, што займаюцца аптовым гандлем алькагольных напояў. Фактычна, пазбаўляюцца права на занятак гарэлачным бізнэсам індывідуальныя прадпрымальнікі. Дэкрэт таксама забараняе аптовы й розьнічны гандаль этылявага сьпірту.

Вось як пракамэнтаваў гэты дакумэнт вядомы беларускі юрыст у пытаньнях гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Па-першае, гэта робіць умовы на рынку алькагольнай прадукцыі вельмі жорсткімі. Гэта фактычна адбываецца нацыяналізацыя гэтага рынку. Адна справа, калі дзяржаўную манаполію ўсталёўваюць у такой краіне, як, напрыклад, Швэцыя альбо Фінляндыя і іншая справа, калі фактычную манаполію ўсталёўваюць у Беларусі. Нашы дзяржаўныя структуры не кантралюецца грамадзтвам і дзяржаўныя прыбыткі могуць ператварыцца ў прыбыткі прыватных асобаў, што набліжаныя да дзяржавы. Дзяржава дапускае нейкіх прыватных гульцоў на рынку алькагольнай прадукцыі. І я не выключаю, што новы дэкрэт, новы нарматыўны акт прывядзе да новага вітку карупцыі”.

Дэкрэт істотна павялічвае штрафы за парушэньне заканадаўства, якое рэгулюе вытворчасьць, абарачэньне і рэкляму алькагольнай прадукцыі. Для парушальнікаў гэтыя штрафы цяпер будуць складаць 450-500 базавых велічыняў. Між тым, паводле назіральнікаў, беларускае грамадзтва хвалюе іншая праблема, зьвязаная з алькагольнымі напоямі. А менавіта: іх празьмернае спажываньне. Як лічыць, напрыклад, дэпутат Менскага раённага савету Юрась Зянковіч, ігнараваньне ўладамі праблемы п''янства абарочваецца цяжкімі для грамадзтва сацыяльнымі наступствамі:

(Зянковіч: ) “П''янства вельмі пашыранае. Дастаткова выехаць пару кілямэтраў ад Менску і паглядзець на людзей, якія ходзяць уздоўж дарогі. П''янства ёсьць сацыяльная праблема, і мэтадам прыняцьця дэкрэтаў гэтую праблему вырашыць ня магчыма. Мне падаецца, што гэты дэкрэт – гэта чарговая мёртванароджаная норма права, якая ня будзе мець абсалютна ніякіх наступстваў. Калі гаварыць канкрэтна пра самагонаварэньне, то яно было і будзе незалежна ад таго, якія штрафы ўсталёўваюць. Калі гаварыць пра парушэньні ў рэалізацыі ў вёсках, то я колькі ежджу па вёсках, то я асабліва не заўважаў, каб дзесьці штосьці былі парушэньні. Як гандлявала спажывецкая каапэрацыя гарэлкай, так яна і далей будзе гандляваць. Штрафы – гэта таксама ня мэтад змаганьня з парушэньнем заканадаўства. Парушэньне можна спыніць тады, калі пакараньне непазьбежнае, а не тады, калі яно жорсткае. Выснова з гэтага такая: дзеля таго, каб перамагчы п''янства, патрэбная эканамічная стабілізацыя. Калі ня будзе нармалёвых заробкаў, калі не будзе нармалёвага ўзроўня жыцьця, то народ будзе сьпівацца”.

Так лічыць Юрась Зянковіч, дэпутат Менскага раённага савету.
XS
SM
MD
LG