Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом творчасьці “Іслач” прадаецца за 1 200 000 даляраў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску на аўкцыён быў выстаўлены Дом творчасьці “Іслач”, які належыць Літаратурнаму фонду. Гэта адбылося згодна рашэньню зьезду Літфонду. Падобныя захады, як кажуць сябры гэтай арганізацыі, абумоўленыя двума фактарамі: перадусім, утрымліваць санаторыю немагчыма фінансава; зь іншага боку, літфондаўцы ня згодныя перадаць сваю маёмасьць кіраўніцтву справамі прэзыдэнта.

Напярэдадні кіраўніцтва Літаратурнага фонду атрымала ліст з прэзыдэнцкай адміністрацыі, у якім настойліва рэкамэндавалася перадаць Дом творчасьці “Іслач” на балянс Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Маўляў, беручы на ўвагу фінансавую няздольнасьць Літфонду ўтрымліваць санаторыю, гэтыя выдаткі гатовая ўзяць на сябе прэзыдэнцкая структура.

Аднак, як расказаў дырэктар Літфонду Вячаслаў Корбут, зьезд арганізацыі прыняў іншае рашэньне – прадаць Дом творчасьці, а грошы накіраваць на набыцьцё іншай нерухомасьці. Тое, што сёньня аўкцыён не адбыўся, спадара Корбута не засмучае.

(Корбут: ) “Аўкцыён не адбыўся, бо ніхто не падаў заяўкі на ўдзел. Відаць, чакаюць зьніжэньня кошту. Але мы пакуль кошт зьніжаць намеру ня маем: як дзяржаўная камісія вызначыла цану, мы такой яе і пакідаем. Бо лічым, што на сёньняшні дзень маёмасьць, якая ёсьць, павінна каштаваць адпаведна. Катэджы каштуюць па паўмільёна даляраў, а тут усё ж – цэлы комплекс”.

(Карэспандэнт: ) “А які кошт вы выстаўлялі?”.

(Корбут: ) “1 мільён 200 тысячаў даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “І будзеце спробы рабіць паўторныя?”.

(Корбут: ) “Так, спробы будуць, і наступны аўкцыён пройдзе 20 верасьня”.

Паводле Вячаслава Корбута, рашэньне прадаць колішні гонар творчай эліты, Дом творчасьці “Іслач”, выкліканая ў тым ліку і эканамічнымі прычынамі – утрымліваць такі комплекс фінансава беднай арганізацыі надзвычай цяжка. А тым часам пабудовы прыходзяць у заняпад.

(Корбут: ) “Немагчыма дорага, газ трэба падводзіць. Фактычна ў арганізацыі выбілі глебу з-пад ног зь яго ўтрыманьнем, гэта вялізныя выдаткі. Нават такія моцныя структуры, як Акадэмія навук, іншыя, і тыя ня могуць на сёньняшні дзень дазволіць сабе раскошу ўтрымліваць сваю санаторыю, разумееце. Без фінансавай падтрымкі і крэдытаваньня ўтрымліваць такую глыбу немагчыма. Там трэба праводзіць ужо рэканструкцыю, таму што санаторыя патрабуе капітальнага ўкладаньня сродкаў, а потым і ўсяго астатняга. Попыт на яе ёсьць, публіка адпаведная таксама; попыт пацьверджаны, некалькі арганізацый выказалі жаданьне ўдзельнічаць у аўкцыёне. Зараз, паводле нашай інфармацыі, далучаюцца яшчэ некалькі ўдзельнікаў. Таму, думаю, пытаньне будзе для нас нармалёва вырашанае”.

Дом творчасьці літаратараў “Іслач”, разьмешчаны за паўсотні кілямэтраў ад Менску ў Валожынскім раёне, недалёка ад Ракава, за ўсю гісторыю свайго існаваньня перажывае, бадай, самыя складаныя часы. Зімой, у самыя маразы, за неаплату там было адключана ацяпленьне, таму сёлетні актыўны сэзон адпачынкаў Дом творчасьці сустрэў у аварыйным стане. Зараз “Іслач” зачыненая, і новы гаспадар, відавочна, санаторыі неабходны, як паветра.
XS
SM
MD
LG