Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Русыфікацыя ня мусіць быць палітыкай Эўразьвязу"


Тацяна Поклад, Вільня Эўрапарлямэнтар зь Літвы Лайма Андрыкене (з нагоды абвяшчэньня Эўразьвязам тэндэру на трансьляцыю радыё– і тэлепраграмаў на Беларусь) заявіла што “русыфікацыя ня мусіць быць палітыкай Эўразьвязу”. У літоўскім парлямэнце лічаць, што трансьляцыя на Беларусь мусіць быць па-беларуску, – паводле дэпутата Вацлава Станкевіча, яшчэ не позна зьмяніць пазыцыю Эўракамісіі што да мовы незалежнага вяшчаньня для Беларусі.

Лайма Андрыкене, якая у Эўрапарлямэнце належыць да фракцыяў эўрапейскіх народных партыяў (хрысьціянскіх дэмакратаў) і эўрапейскіх дэмакратаў ды зьяўляецца сапраўдным сябрам Бюджэтнага камітэту Эўрапарлямэнту, актыўна выступала за тое, каб бюджэт Эўразьвязу на 2005 год прадугледжваў фінансаваньне незалежнай радыё– і тэлетрансьляцыі на Беларусь.

Літоўская эўрапарлямэнтарка вітала абвешчаны тэндэр і заявіла, што спадзяецца на актыўны удзел літоўцаў у тэндэры:

(Андрыкене: ) “Цешуся, што, хаця са спазьненьнем, мы можам цяпер не на словах, а справамі далучыцца да таго, каб грамадзяне Беларусі атрымоўвалі аб''ектыўную інфармацыю”.

Аднак умовы тэндэру, якія вызначаюць расейскую мову вяшчаньня, выклікалі крытыку літоўскай дэпутаткі.

(Андрыкене: ) “Шкада, што ва ўмовах конкурсу напісана, што прызначаныя для Беларусі праграмы маюць быць на расейскай мове. Русыфкацыя не павінна быць палітыкай Эўразьвязу, бо мы ўсе разумеем, наколькі істотная родная мова для працэсу фармаваньня сьвядомасьці нацыі”.

Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, які у парлямэнце ачольвае камісію у справах НАТО і зьяўляецца намесьнікам старшыні парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” адзначыў з нагоды абвяшчэньня тэндэру:

(Станкевіч: ) “Я упэўнены, што трансьляцыя павінна быць на беларускай мове.

Арганізацыяй расейскамоўнага вяшчаньня Эўракамісія будзе спрыяць далейшай русыфікацыі Беларусі, – а гэта адна з галоўных праблемаў цяперашняй Беларусі. Калі Эўракамісія падтрымае вяшчаньне на расейскай мове, гэта будзе вялікая палітычная памылка.

Беларуская мова добра зразумелая ня толькі ў Літве, але і ў Беларусі. Я добра ведаю, што беларусы разумеюць сваю мову. Конкурс толькі пачынаецца, яшчэ ня позна, трэба абавязкова зьмяняць меркаваньне Эўрапейскай камісіі й дамагацца, каб усе перадачы для трансьляцыі на Беларусь рабіліся па-беларуску.

І журналісты, і палітыкі, павінны працаваць дзеля гэтага. Гэта вельмі важнае пытаньне.”

Паводле умоваў Эўракамісіі, дакумэнты на удзел у тэндэры трэба падаць да 11 кастрычніка, а падпісаньне кантракту прызначанае на 1 студзеня 2006 году. Максымальная сума для фінансаваньня двухгадовага праекту – 2 мільёны эўра.

Гл. таксама • Што думаюць пра новую замежную радыёстанцыю вядомыя ў Беларусі людзі? • Э.Шродтэр камэнтуе пляны Эўракамісіі па радыёвяшчаньні на Беларусь • Яшчэ адна расейскамоўная радыёстанцыя зь вяшчаньнем на Беларусь? • Эўрапарлямэнтары прапануюць кіраўніцтву Эўразьвязу сваё бачаньне вяшчаньня на Беларусь • Новае замежнае радыё для Беларусі загаворыць па-беларуску і па-расейску
XS
SM
MD
LG