Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмная камісія лічыць, што Марыніча яшчэ нельга датэрмінова вызваляць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Камісія, якая вырашае пытаньні ўмоўна-датэрміновага вызваленьня вязьняў менскай калёніі, супраць таго, каб былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч хутка выйшаў на волю. Міхаіл Марыніч з гэтым рашэньнем камісіі ня згодны і просіць яго перагледзець.

Камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні менскай калёніі супраць таго, каб Міхаіл Марыніч датэрмінова выйшаў на волю. Пра гэта паведаміла жонка Марыніча Тацяна Марыніч, якая з 7 па 9 верасьня мела спатканьне зь ім у калёніі. Тацяна Марыніч кажа, што яе муж прыкладае намаганьні, каб дамагчыся іншага рашэньня камісіі.

(Тацяна Марыніч: ) “Яго азнаёмілі з рашэньнем камісіі паводле ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, якое прадугледжвае адмову. Ён напісаў свае пярэчаньні на гэтае рашэньне, паколькі, першае, ён выконвае ўсе правілы, ня мае парушэньняў, па-другое, яму патрэбнае тэрміновае лячэньне”.

Паводле зьвестак, якія мае Тацяна Марыніч, 22 верасьня адбудзецца новае паседжаньне камісіі, на якім канчаткова вырашыцца, ці вызваляць Міхаіла Марыніча. Ён лічыць, што цалкам падпадае пад умовы датэрміновага вызваленьня, паколькі з улікам амністыі прабыў за кратамі больш за палову тэрміну і зьяўляецца пэнсіянэрам.

У сакавіку ў турме Міхаіл Марыніч перанёс інсульт, ён часткова быў паралізаваны. Як Міхаіл Марыніч пачуваецца цяпер?

Тацяна Марыніч кажа, што сымптомы інсульту ў яго канчаткова не прайшлі.

(Тацяна Марыніч: ) “Вельмі непакоіць ягоная левая частка — і нага, і рука. Адчувальнасьці не хапае, а ў апошнія два тыдні ён адчувае моцныя болі ў руцэ і назе”.

Паводле Тацяны Марыніч, турэмныя дактары аказваюць Міхаілу Марынічу тэрапэўтычную дапамогу, але, на яе думку, гэтага недастаткова. Сам Міхаіл Марыніч прасіў адміністрацыю калёніі даць яму магчымасьць для заняткаў аздараўляльчай фізкультурай, але ў адміністрацыі заявілі, што ня маюць такіх умоваў.

Пры гэтым, паводле Тацяны Марыніч, Міхаіл Марыніч не губляе мужнасьці і аптымізму.

(Тацяна Марыніч: ) “Ён перадае ўсім падзяку і спадзяецца, што яму будуць і далей дапамагаць, і дзякуючы гэтай дапамозе ён усё ж хутка выйдзе з турмы”.

У Менскай калёніі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра рашэньне камісіі адносна Міхаіла Марыніча.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў арыштаваны ў красавіку 2004 году і пазьней быў асуджаны да 3,5 гадоў за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі. Ён лічыць, што яго перасьледуюць за тое, што сышоў у апазыцыю і меў намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG