Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Э.Шрэдтэр камэнтуе пляны Эўракамісіі па радыёвяшчаньні на Беларусь


Алена Струвэ, Менск Учора ў Страсбуры ў часе паседжаньня эўрапейскай парлямэнцкай дэлегацыі па Беларусі адбылася дыскусія вакол новага тэндэру Эўракамісіі. Размова ідзе пра новы праект замежнага вяшчаньня на Беларусь, на які Брусэль выдаткоўвае два мільёны эўра. Умовы тэндэру мяняліся некалькі разоў і выклікалі даволі крытычныя ацэнкі з боку эўрапейскіх дэпутатаў, якія займаюцца беларускім пытаньнем.

Прадстаўнікі пераважна новых краінаў Эўразьвязу рашуча не пагаджаліся з тым, што новы тэндэр дае карт-блянш для мэдыйных гігантаў кшталту "ВВС", "Deutsche Welle", "Radio France Internationale" і не пакідае шанцаў для тых жа менш магутных станцыяў у Польшчы, Літве.

Другім спрэчным момантам ізноў стала мова вяшчаньня. Паводле першых конкурсных апісаньняў, яна была расейскай. Сёньня прэсавая служба Эўракамісіі азнаёміла прэсу з новымі ўмовамі тэндэру. Новыя праекты вяшчаньня для Беларусі камэнтуе дэпутатка Эўрапейскага Парлямэнту, сябра парлямэнцкай дэлегацыі па Беларусі Элізабэт Шрэдтэр.

(Шрэдтэр: ) “Справа ў тым, што ўчора дэпутаты аспрэчвалі старую рэдакцыю тэндэру. Зразумела, большая частка сяброў нашай групы – прадстаўнікі Польшчы і Літвы, і яны настойвалі на вяшчаньні на Беларусь з адной з усходнеэўрапейскіх краінаў.

Іншая справа, што два мільёны эўра – гэта не такія вялікія грошы, каб будаваць новую станцыю, ствараць ад самага пачатку нейкі новы тэхнічны комплекс.

Усё гэта мусіць быць ужо ў наяўнасьці, а грошы Эўракамісіі мусяць ісьці на самі праграмы. Яшчэ трэба акрэсьліць і такі момант. Размова ідзе і пра праект “Нямецкай хвалі”. Ён ня мае ніякага дачыненьня да гэтых двух мільёнаў…

Гэта экстрэнная праграма, якая распачнецца ў кастрычніку. Яна прысьвечаная беларускай тэматыцы. Плянуецца, што ў адзін зь пяці эфірных дзён мова вяшчаньня будзе беларускай, а ў астанія дні – расейскай. Потым беларускай мовы ў праграмах стане больш.

Што да цяперашняга тэндэру, то тут у вяшчаньня будзе дзьве мовы – беларуская і расейская. Здаецца, 50 на 50.

І трэці момант. Учора ў часе паседжаньня парлямэнцкай дэлегацыі па Беларусі былі выказаныя прапановы адносна стварэньня дадатковага да гэтых двух праектаў вяшчаньня. І гэтыя прапановы перададзеныя Эўракамісіі. Гэта стварэньне цалкам новай станцыі. Вяшчаньне можа весьціся не абавязкова з тэрыторыі Эўразьвязу. Стваральнікі праграм – выключна беларускія журналісты і тэхнікі. Гэта зусім іншы праект, на які мусіць шукаць сродкі Эўракамісія. Размова ідзе пра магчымае будаўніцтва станцыі, стварэньне незалежных інфармацыйных праграмаў, сеткі адукацыі для журналістаў і гэтак далей".

Заявіла дэпутатка Эўрапейскага Парлямэнту Элізабэт Шрэдтэр.

Гл. таксама • Новае замежнае радыё для Беларусі загаворыць па-беларуску і па-расейску
XS
SM
MD
LG