Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўнесеныя зьмены ў праект Нацыянальнай бібліятэкі?


Ганна Соусь, Менск Нягледзячы на тое, што будынак Нацыянальнай бібліятэкі ўжо ўзьведзены, у яе праект нядаўна ўнесьлі зьмены. Ва ўнутраных дворыках вырашана пабудаваць дзьве залі для правядзеньня самітаў. Адкрыцьцё бібліятэкі плянуецца ў траўні. Тым часам у старым будынку бібліятэкі 80% фондаў ужо закансэрваваныя і адпаведна недаступныя для чытачоў.

Найперш я зайшла ў стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі, што на вуліцы Чырвонаармейскай. Цяпер тут на ўваходзе разьмешчаны міліцэйскі пост. Зайсьці ў бібліятэку і зрабіць рэпартаж пра тое, як яна працуе напярэдадні пераезду, мне было забаронена. Прадстаўніца адміністрацыі спаслалася на тое, што ўсё кіраўніцтва на будаўніцтве, а безь яго дазволу са мной ніхто гаварыць ня будзе. Аднак я ўсё ж пагутарыла з наведнікамі, а таксама супрацоўнікамі бібліятэкі на ганку будынку.

(Карэспандэнтка: ) “Як працуе бібліятэка напярэдадні пераезду?”

(Бібліятэкарка: ) “Канечне, праблемы ёсьць, паколькі амаль 80% фонду ўжо ўпакаваныя, зьвязаныя, таму выдаваць гэтыя кнігі мы ня можам. Мы выдаем толькі новыя паступленьні — выданьні пасьля 1993 году. Абяцаюць, што бібліятэка адчыніцца 1 траўня, тады і можна будзе… Бо пакуль мы ўсё гэта не перавязем, распакоўваць ужо ніхто нічога ня будзе. Гэта пэўныя цяжкасьці. Людзей не хапае”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас апошнім часам праблемы з тым, каб атрымаць патрэбную літаратуру?”

(Спадар:) “Не, бо я карыстаюся новымі кнігамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ідзеце пэўныя кнігі пачытаць…”

(Спадар: ) “Так, газэты пагартаць. Пакуль няма ніякіх праблемаў”.

(Спадарыня: ) “Цяпер спатрэбіўся пэўны матэрыял. Я патэлефанавала, і мне сказалі, што працуюць да студзеня, і ўсе сучасныя матэрыялы тут знаходзяцца”.

(Спадарыня: ) “Ніякіх праблем не было. Вельмі мне падабаецца аддзел фанатэкі, дзе можна паслухаць шмат музыкі”.

Далей я накіроўваюся да новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Заўважаю, што плітку вакол нядаўна ўсталяванага помніку Скарыну ўжо паклалі. На фасадзе бібліятэкі з двух бакоў — надпісы на розных мовах сьвету, а таксама цытаты з Купалы, Багдановіча, Багушэвіча і Тураўскага.

У гэтак званым штабе будаўніцтва мне патлумачылі, што перавоз кніг у новы будынак пачнецца ў студзені. Гаворыць начальнік будаўніцтва Віктар Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Трэба правесьці спачатку пуска-наладачныя працы, каб забясьпечыць мікраклімат у тых памяшканьнях, куды яны будуць завозіцца. Цяпер вядуцца гэтыя працы. Любое засяленьне бібліятэкі патрабуе вельмі шмат часу. У Санкт-Пецярбургу каля году засяляліся, у Францыі — чатыры гады. У нас будзе, канечне, хутчэй”.

Віктар Бандарэнка патлумачыў Радыё Свабода, што перанос тэрміну здачы бібліятэкі зь меркаванага раней сёлетняга верасьня на травень наступнага году зьвязана з рашэньнем кіраўніцтва краіны пабудаваць разам зь бібліятэкай дзьве залі для самітаў.

(Карэспандэнтка: ) “Калі пачнецца будаўніцтва заляў для саміту?”

(Бандарэнка: ) “Праектная дакумэнтацыя распрацоўваецца. На наступным тыдні павінны выдаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Дзе яны будуць знаходзіцца?”

(Бандарэнка: ) “Унутры дворыкаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А з чым зьвязана, што гэтыя залі вырашылі будаваць?”

(Бандарэнка: ) “Чаму вырашылі? Гэта ж ня я вырашыў. Гэта вышэйшыя людзі вырашылі”.

Некаторыя незалежныя назіральнікі адзначаюць, што зьмена праекту бібліятэкі і перанос тэрміну здачы на травень наступнага году зьвязаны з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, якія, праўдападобна, адбудуцца ўлетку 2007 году. Адкрыцьцё бібліятэкі напярэдадні выбараў можа стаць PR-акцыяй Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG