Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка назваў апошнія рашэньні Юшчанкі правільнымі


Валер Каліноўскі, Менск Афіцыйная беларуская рэакцыя на ўрадавы крызіс ва Ўкраіне стрыманая. Сёньня Аляксандар Лукашэнка падтрымаў крокі Віктара Юшчанкі. Беларуская апазыцыя мяркуе, што падзеі ва Ўкраіне не зьмяншаюць прывабнасьці аранжавай рэвалюцыі і лічаць, што адстаўка ўраду Цімашэнкі — нармальны дэмакратычны працэс.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яму добра знаёмыя падзеі ва Ўкраіне, бо падобнае было ў Беларусі. Спадар Лукашэнка назваў крок Віктара Юшчанкі правільным. “Думаю, сумленьне ў яго чыстае, ён цярпліва ўгаворваў, супакойваў усіх, хто прыйшоў зь ім у камандзе. Але раздрай працягваўся. Ён накіраваў усіх у адстаўку і правільна зрабіў”, — зазначыў А.Лукашэнка.

Новы кіраўнік украінскага ўраду Юры Еханураў, паводле А.Лукашэнкі, больш прыземлены, бо ён “умее нешта рабіць, акрамя рэвалюцыі”.

Былы прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка мелася наведаць Беларусь цягам верасьня, каб падрыхтаваць сустрэчу Віктара Юшчанкі і Аляксандра Лукашэнкі, пра якую тыя дамовіліся на саміце СНД у Казані. Урадавы крызіс у Кіеве, відавочна, зьмяніў гэтыя пляны. Аднак віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў сёньня выказаў спадзяваньне, што дамоўленасьці, дасягнутыя ў Казані, будуць выконвацца. Паводле ягоных словаў, беларускі ўрад сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ва Ўкраіне, і будзе імкнуцца, каб яна “не паўплывала нэгатыўна на двухбаковыя гандлёвыя адносіны”.

Дзяржаўныя СМІ Беларусі даволі стрымана ацанілі падзеі ва Ўкраіне, магчыма, за выключэньнем “Советской Белоруссии”, якая апублікавала свой камэнтар пад загалоўкам “Аранжавы кацёл лопнуў”. Гаворыць лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “На зьдзіўленьне, беларускі агітпрап быў значна мякчэйшы за маскоўскі. І зласьлівасьці ў Расеі значна болей, чым у Беларусі. Была нават спроба аб’ектыўнага, ляяльнага разгляду падзеяў, што адбываюцца”.

Спадар Калякін тлумачыць гэта тым, што беларускі ўрад спрабуе пабудаваць дзелавыя адносіны з кіраўніцтвам Украіны і нават дамагчыся стратэгічнага партнэрства зь Юшчанкам.

(Калякін: ) “Ніякім экспартам рэвалюцыі ўкраінскі ўрад не займаўся б, ці з Цімашэнка на чале, ці з кім іншым. Ніколі нашы бліжэйшыя суседзі ня будуць выкарыстоўваць інструмэнты ўрадавага ўзроўню для падтрымкі нейкіх рэвалюцыяў ці контрарэвалюцыяў на нашай тэрыторыі”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька прызнае, што дасягненьні і праблемы “аранжавага” ураду ва Ўкраіне блізкія беларускай апазыцыі:

(Лябедзька: ) “Працэс ідзе, і я думаю, што за нейкімі хібамі, за нейкімі праблемамі прыходзяць перамогі — для тых, хто іх хоча. Я думаю, што ў Юшчанкі ёсьць палітычная воля ўсё ж такі Ўкраіну скіраваць на эўрапейскі бок разьвіцьця, і гэта будзе ўсё-такі дамінуючым фактарам”.

На думку А.Лябедзькі, крызіс ва Ўкраіне ня сьведчыць пра зьніжэньне прывабнасьці аранжавай рэвалюцыі:

(Лябедзька: ) “Гэта працяг таго шляху, які быў пачаты на Майдане, у любым выпадку, ніхто не перакрэсьліць заваёвы грамадзянаў Украіны, што ўлада вымушаная лічыцца з выбарам людзей. І наступная ўлада, хто б яе ні прадстаўляў, ня пойдзе на фальсыфікацыі і махінацыі з галасамі выбаршчыкаў. Таму што яны ведаюць, да чаго гэта можа прывесьці”.
XS
SM
MD
LG