Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць беларусы пра ўрадавы крызіс ва Ўкраіне?


Іна Студзінская, Менск З гэтым пытаньнем наша карэспандэнтка зьвярталася да менчукоў.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы паставіліся да ўрадавага крызісу ва Ўкраіне?”

(Хлопец: ) “Я не зусім валодаю інфармацыяй, і мой адказ можа быць не зусім аб’ектыўным. Таму нічога канкрэтнага сказаць не магу”.

(Спадар: ) “Нас не зусім тычыцца гэта пытаньне, таму што мы жывем у Беларусі, і сытуацыя, якая тут, больш актуальная. А Ўкраіна мае сваё ўласнае права — прызначаць урад альбо яго распускаць”.

(Хлопец: ) “Пакуль яшчэ рана казаць пра нейкія наступствы. Пакуль усё яшчэ толькі пачынаецца”.

(Спадар: ) “Першы раз чую пра крызіс, таму я пра гэта яшчэ ня думаў”.

(Спадар: ) “Я не цікаўлюся палітыкай Украіны, таму ня ведаю. Вельмі вялікая памылка была — паставіць гэтага прэзыдэнта, які кіруе цяпер”.

(Спадарыня: ) “Я нічога ня чула, вельмі шмат працы, няма калі навіны глядзець”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, нас ня тычацца справы суседняй дзяржавы?”

(Хлопец: ) “Канечне, тычыцца, таму што гэта сапраўды нашы суседзі. Мяне вельмі турбавалі нядаўнія падзеі ва Ўкраіне, аранжавая рэвалюцыя. А тое, што цяпер адбываецца на Ўкраіне — яны пайшлі праавільным шляхам, я лічу. А Расея не павінна ўмешвацца ў іх справы, яна і так зрабіла шмат дрэннага для гэтага народу”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, гэта нейкая задумка Юшчанкі, і накіраваная яна не на паляпшэньне. Ён хоча зьмяніць стаўленьне да сябе”.

(Спадарыня: ) “Гэта вельмі цяжка патлумачыць. І ў нас можа такое быць. Мне вельмі шкада ўкраінцаў, якія пакуль ня вельмі добра жывуць. Што з гэтым урадам, што зь іншым урадам — нешта ня тое”.

(Спадар: ) “Ён прэзыдэнт, ён вырашае. Можа быць, ён тут і ня мае рацыі. Але, па-мойму, усе прэзыдэнты так робяць”.

(Спадарыня: ) “У прынцыпе, гэта рашэньне выключна Юшчанкі. А ацэньваць — няхай гэта робяць палітолягі”.

(Спадарыня: ) “Мы жывем у Беларусі. Вядома, Украіна побач, але што мы можам канкрэтна сказаць? Запытайцеся ў тых, хто больш ведае”.
XS
SM
MD
LG