Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці аб’ектыўны даклад ААН “Спадчына Чарнобылю”?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка зь Менску і намесьнік дырэктара Інстытуту радыябіялёгіі Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандр Навумаў з Гомелю.

(Валер Карбалевіч: ) “Прэзэнтацыя дакладу ААН на міжнароднай канфэрэнцыі ў Вене аб наступствах чарнобыльскай катастрофы выклікала значны рэзананс ня толькі сярод навукоўцаў, якія вывучаюць гэтую праблематыку, але і сярод шырокай грамадзкасьці краінаў, пацярпелых ад гэтай аварыі, найперш Беларусі, Украіны, Расеі. Міжнародная арганізацыя “Дактары сьвету за прадухіленьне ядзернай вайны” абвінаваціла аўтараў дакладу ў тэндэнцыйнасьці, штучным зьмяншэньні адмоўных наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Так, выклікае сумненьне выснова, што ахвярамі аварыі сталі ўсяго каля 4 тысяч чалавек, што больш важныя наступствы Чарнобылю — гэта не праблемы з здароў’ем людзей, а фобіі. Ці згодныя вы з такімі высновамі?”

(Іван Нікітчанка: ) “Катэгарычна супраць. Таму што такія высновы маглі зрабіць альбо дылетанты, альбо людзі, ангажаваныя такімі арганізацыямі, як (Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), Усясьветная арганізацыя здароўя і іншыя. Наступствы чарнобыльскай катастрофы для Беларусі поўнасьцю ня ўлічаныя. Мае аргумэнты будуць грунтавацца толькі на адным чыньніку — здароўі людзей. Не 4 тысячы сталі ахвярамі катастрофы, а 1800 тысяч. Гэта тыя людзі, якія пражываюць у забруджанай зоне, якіх, магчыма, ужо сьпісалі тыя, хто рыхтаваў даклад.

У нас ёсьць няўрадавыя арганізацыі, якія кантралююць здароўе людзей. Галоўнае — здароў’е людзей. А забруджанасьць тэрыторыі — гэта ўжо другая справа. Па нашых зьвестках, зь дзесяці абсьледаваных людзей у пяці раёнах Гомельскай вобласьці толькі два-тры здаровыя. Астатнія маюць адно ці больш захворваньняў. І гэтыя захворваньні ніяк ня сьпішаш на псыхалягічныя прычыны. Разлад гарманальнай сыстэмы, косткава-мышачнай сыстэмы, язва, тубэркулёз, сардэчныя захворваньні — хіба гэта не наступствы аварыі?

Я на момант катастрофы працаваў намесьнікам старшыні Дзяржаграпраму Беларусі. І мне было даручана каардынаваць усю працу дзеля пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай аварыі. Мы арганізоўвалі радыяцыйную даведку сельгаспалеткаў, наладжвалі сыстэму радыяцыйнага кантролю, навучалі кадры, вывучалі ўзьдзеяньне малых дозаў радыяцыі на сельскагаспадарчую вытворчасьць. І на аснове нашых зьвестак мы адмовіліся ад рэкамэндацыяў, якія давала Масква пад ціскам МАГАТЭ. Таму што яны супярэчылі нашым дасьледаваньням. Таму я лічу, што гэты даклад шкодны для Беларусі, а таксама для Ўкраіны і Расеі”.

(Аляксандар Навумаў: ) “Калі падысьці аб’ектыўна да гэтага пытаньня і ўлічыць тых людзей, якія пацярпелі і атрымалі нейкія хранічныя захворваньні, а таксама загінулі ў выніку катастрофы з красавіка 1986 году, то я думаю, што гэтая лічба значна вышэйшая, чым прыводзіцца ў дакладзе.

Тое, што нашае насельніцтва адчувае цяжар радыяцыйнага ўзьдзеяньня, гэта факт. І тыя захады, якія робіць дзяржава ў ходзе ліквідацыі наступстваў аварыі да сёньняшняга дня, яны аб’ектыўныя і вымушаныя. І мы іх будзем прымаць і ў далейшым”.

(Карбалевіч: ) “Чаму такія паважаныя міжнародныя арганізацыі, як ААН, МАГАТЭ, Усясьветная арганізацыя здароўя імкнуцца мінімізаваць адмоўныя наступствы чарнобыльскай катастрофы?”

(Нікітчанка: ) “Мы гэта ведалі яшчэ ў той час, не пагаджаліся і змагаліся з МАГАТЭ, таму што гэта камэрцыйная арганізацыя, якая жыве за кошт ядзерных электрастанцыяў і таму зацікаўленая ў разьвіцьці атамнай энэргіі. А Ўсясьветная арганізацыя здароўя купленая МАГАТЭ. Такая сытуацыя ім выгадная. Таму што калі сьвет даведаецца пра сапраўдныя наступствы Чарнобылю, яны паадварочваюцца ад атамнай энэргіі. Таму што, навошта такая энэргетыка, калі чалавек можа памерці ў 45 гадоў”.

(Навумаў: ) “Я згодзен з тым, што яны мінімізуюць наступствы катастрофы. Гэта можа тлумачыцца як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі прычынамі. Аб’ектыўнай прычынай, можа, зьяўляцца тое, што ў Беларусі, Расеі і Ўкраіны няма адзінага падыходу да гэтай праблемы, няма агульнага рэгістру, які мог бы даць адэкватны малюнак наступстваў катастрофы. Кожная дзяржава займаецца ў большасьці сваімі пытаньнямі. Хоць кантакты з расейскімі і ўкраінскімі вучонымі ў нас ёсьць. Тым ня менш, з гледзішча мэдычнага падыходу ёсьць адрозьненьні.

Зь іншага боку, мы ня ўсё ведаем наконт наступстваў катастрофы. А гэтыя наступствы назаўжды. І што будзе пазьней, праз 30—40 гадоў — гэта пытаньне. Хоць можна прагназаваць, што адмоўныя наступствы будуць памяншацца, таму што ў асноўным людзі пацярпелі ў першы час пасьля аварыі.

А суб’ектыўныя прычыны палягаюць у тым, што МАГАТЭ зацікаўленае ў разьвіцьці атамнай энэргетыкі. Гэта адзін з шляхоў вырашэньня энэргетычных праблемаў, якія стаяць перад сьветам на сёньняшні момант. І для таго, каб разьвіваць атамнаю энэргетыку, патрэбна на якіясьці моманты заплюшчваць вочы”.

(Карбалевіч: ) “У падрыхтоўцы дакладу ААН удзельнічалі прадстаўнікі беларускага ўраду. Паколькі ніякай адмоўнай рэакцыі афіцыйных асобаў ці структур Беларусі з нагоды гэтага дакладу не прагучала, гэта азначае, што ён задавальняе беларускія ўлады. Высновы гэтага дакумэнту супадаюць з выказваньнямі Лукашэнкі аб тым, што наступствы аварыі амаль пераадоленыя ў Беларусі, у пацярпелых раёнах можна жыць і займацца сельскай гаспадаркай. Як можна пракамэнтаваць такую пазыцыю?”

(Нікітчанка: ) “Цяпер у Дзяржкамчарнобылі няма прафэсіяналаў. Усе прафэсіяналы сышлі Гэта па-першае. А па-другое, прасьцей жа абвясьціць, што ўсё нармальна ў гэтай зоне, заплюшчыць вочы і нічога не рабіць. А калі па-сапраўднаму паглядзець на гэтую праблему, то трэба кінуць усё, кінуць гэтыя “Дажынкі”, будаўніцтва спартовых комплексаў, а выратоўваць людзей. Каб людзі не атрымлівалі радыяцыі. І гэта магчыма зрабіць. Дзеля гэтага патрабуецца ўсяго 300 тысяч даляраў”.

(Навумаў: ) “Так, закончыўся пэрыяд экстранных захадаў. Прайшло ўжо амаль дваццаць гадоў з моманту аварыі. І тыя экстранныя кардынальныя захады, якія трэба было прымаць у свой час, яны прынятыя ў асноўным. Застаюцца доўгатэрміновыя наступствы. Паколькі радыяцыйны фон захоўваецца, хоць і зьніжаецца за кошт распаду радыяактыўных элемэнтаў, то праблемы застаюцца. І яны будуць не на год ці два, а на стагодзьдзі. І вось тое сховішча радыяактыўнае, якое Літва плянуе будаваць каля нашай мяжы, — гэта ж праблема для нас. Гэта з той жа катэгорыі.

А дзяржава ўкладае вялізарныя сродкі на сёньняшні дзень у Чарнобыльскую праграму. Тут і газыфікацыя, і быт, і будаўніцтва жыльля. Проста, можа, гэта ў мэдыях не зусім гучыць і не заўсёды, але гэта ёсьць. І грошы тут вельмі вялікія. А самыя першыя праблемы вырашаная. Застаюцца праблемы навуковыя, агратэхнічныя. Таму што вырошчваць прадукцыю патрэбна. Якую прадукцыю, якім спосабам, якія тэхналёгіі ўкараняць — гэта ўсё навука павінна вырашаць. Хоць яна і шмат зрабіла на сёньняшні дзень”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, хоць з часу чарнобыльскай аварыі прайшло амаль дваццаць гадоў, дыскусія вакол гэтай трагедыі працягваецца. Падаецца, што Беларусь павінна быць зацікаўленая ў тым, каб гэтая тэма не зьнікала з парадку дня міжнародных арганізацыяў, каб увага ўсясьветнай супольнасьці не зьмяншалася да гэтай праблемы, каб трагічныя наступствы гэтай велізарнай тэхнагеннай катастрофы не былі замоўчаныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG