Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 9 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Звезда”, 1925 год:

“Беларуская дзяржунівэрсытэцкая бібліятэка налічвае цяпер 250.000 тамоў кніг. У апошні час адміністрацыі бібліятэкі ўдалося набыць каштоўныя зборы кніг па натуральных навуках, якія належалі вядомым ленінградзкім вучоным Ісаеву і Камарніцкаму. Сярод іх — 5 кніг выданьня Ф.Скарыны. Значна папоўнены таксама і беларускі аддзел бібліятэкі”.

“Віцебскі пролетарый”, 1935 год. Нехта Тарасаў піша:

“29 жніўня вечарам я купіў у магазіне НКВД па Ленінскай вуліцы пачку папярос за 65 капеек. Папяросы аказаліся набітымі заплесневеўшым табаком. На маю заўвагу аб гэтым, загадчык магазіна грэбліва адказаў: “Кіньце курыць, не купляйце папярос, а не можаце — перайдзіце на махорку”. Я папрасіў кнігу скаргаў. Яе не аказалася ў магазіне. Па словах загадчыка Кагана, кніга была ў суседнім магазіне. Загадчык суседняга магазіна Міхайлоўскі, даведаўшыся, у чым справа, катэгарычна адмовіўся даць мне кнігу… Кніга для скаргаў бясспрэчна павінна знаходзіцца ў кожным магазіне з правам доступа к ёй пакупніка”.

“Советская Белоруссия”, 1995 год. Са Шклова:

“Футбол — даўняе захапленьне Прэзыдэнта. У свой час, гуляючы за зборную Вярхоўнага Савету (была і такая), Аляксандар Лукашэнка быў агульнапрызнаным таранам каманды, які разам з Антончыкам, Беленькім і іншымі дэпутатамі крышыў усіх, хто трапляўся на шляху да варотаў… Сёньня Прэзыдэнта ня часта ўбачыш на полі. На футбольным, зразумела. Але тыя, у Шклове, каму пашанцавала, пераканаліся, што Прэзыдэнт у выдатнай форме і памножыў байцоўскія якасьці. У гэтай гульні ён забіў два галы… Забіў Аляксандар Рыгоравіч і яшчэ адзін гол, аднак судзьдзя — сьмелы, дарэчы, чалавек! — мяч не залічыў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG