Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле ўзроўню жыцьця Беларусь займае 67-е месца ў сьвеце са 177-мі


Іна Студзінская, Менск На саміце Генэральнай Асамблеі ААН агучаны даклад Праграмы разьвіцьця ААН “Аб індэксе чалавечага разьвіцьця”. Такія рэйтынгі складаюцца на падставе аналізу дадзеных па сярэдняй працягласьці жыцьця, узроўню пісьменнасьці, магчымасьці атрымаць адукацыю і даходах на душу насельніцтва.

У параўнаньні зь недалёкім мінулым Беларусь выглядае горш, чым раней. Сёлета краіна на 67-ым месцы, летась Беларусь займала 62-ое месца. А некалькі гадоў таму мы былі нават 53-мі. Цяпер Расея на 5 пунктаў вышэй за Беларусь – у 62-ім радку рэйтынгу. Лепш за ўсе былыя савецкія краіны выглядаюць Эстонія – 38-ае месца, Літва – 39-ае, Латвія – 48-ае месца. Ну а астатнія (акрамя Расеі) – нават за Беларусьсю. Украіна ў 78-ым радку, Казахстан – у 80-ым, азіяцкія рэспублікі – у другой сотні. Горш за ўсіх “былых” выглядае Малдова – на 115-ым месцы. ЗША, да прыкладу, на 10-ым месцы, Нямеччына на 20-ым, Чэхія на 31-ым, Польшча – на 36.-ым

На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, усясьветная супольнасьць супастаўляе вынікі сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў розных краінах. Дарэчы, спадар Заіка зьяўляецца старшынём навукова-кансультацыйнай рады па стварэньні нацыянальнага дакладу.

(Заіка: ) “Гэта адно з дасягненьняў, якое было зробленеа за апошняе дзесяцігодзьдзе ААН. Што гэта азначае? Перш за ўсё тое, што сытуацыя мяняецца. На першых месцах звычайна не ЗША, не Нямеччына, а Нарвэгія, краіны Паўночнай Эўропы, дзе сацыяльна-эканамічная палітыка накіраваная на разьвіцьцё чалавека”.

Зьніжэньне рэйтынгу зьвязанае, перш за ўсё, з пагаршэньнем дэмаграфічнай сытуацыі. Сур’ёзную заклапочанасьць выклікае працягласьць жыцьця беларусаў: 63 гады ў мужчын і 75 у жанчын (у разьвітых эўрапейскіх краінах гадоў - на 10 больш). І, натуральна, зьніжэньне нараджальнасьці. Навуковы рэдактар дакладу па Беларусі прафэсар Уладзімер Шымаў выкарыстаў нават тэрмін “дэпапуляцыя”. Ну і, натуральна, па ўзроўні даходаў на душу насельніцтва, па заробках.

Меркаваньне Леаніда Заікі.

(Заіка: ) “У Расеі цяпер сярэдняя зарплата складае 300 даляраў, а ў нас – 200. Краіны ж таксама не стаяць на месцы. Я думаю, што для беларускага прэзыдэнта, для ўлады гэтыя дадзеныя ня вельмі прыемныя будуць. Мы апярэджвалі Расею, мы наагул доўгі час былі наперадзе ўсіх краінаў СНД і ўваходзілі ў групу краінаў з найбольш высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця – у першую групу. Потым пайшлі ўніз”.

Дарэчы, цяпер Беларусь аднесеная да іншай групы – зь сярэднім узроўнем разьвіцьця.

На мінулым тыдні ў Менску адбылася прэзэнтацыя нацыянальнай справаздачы аб чалавечым разьвіцьці 2004-2005 гадоў “Эканоміка і грамадзтва Беларусі: дыспрапорцыі і пэрспэктывы разьвіцьця”, на падставе якой і падлічваўся індэкс чалавечага разьвіцьця. Стваральнікі справаздачы падкрэсьлівалі, што яна носіць рэкамэндацыйны характар. Нацыянальны каардынатар праекту Сьцяпан Палонік сьцьвярджае: менавіта такія справаздачы дапамагаюць распрацоўнікам прагнозаў і праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця зарыентавацца ў праблемах, якія неабходна вырашаць ураду.

(Палонік: ) “Тыя прапановы, якія паступаюць ва ўрад, адпавядаюць гэтым рэкамэндацыям. Разыходжаньняў амаль няма. Іншая справа – як ідзе рэалізацыя на практыцы. Тут ужо дадаюцца тыя фактары, якія не залежаць ад ураду, зьнешнія і ўнутраныя фактары, якія ўплываюць на рэалізацыю гэтых праграм і прагнозаў”.

А вось Леанід Заіка, які зьяўляецца старшынём навукова-кансультацыйнай рады па стварэньні нацыянальнага дакладу, выказаў такое меркаваньне:

(Заіка: ) “Урад жа не зьяўляецца стратэгічным органам для прыняцьця рашэньняў. Наш урад – гэта такія “домаўправы”, яны ж не за гэта даюць справаздачу. Даклад у большай ступені выконвае функцыю адукацыйна-інтэлектуальную. Сядзяць у міністэрствах, чытаюць толькі свае ўласныя паперы- і больш нічога. Наш урад і сябе ня ўмее слухаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG