Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Злотнікаў: Вельмі далёка разыйшліся эканомікі Беларусі і Расеі


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску завяршаецца Першы беларуска-расейскі эканамічны форум, які пачаўся 6 верасьня. Ад Беларусі удзел у ім брала каля дзьвюх соцень чыноўнікаў, у тым ліку найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. З Масквы й іншых рэгіёнаў Расеі форум наведала каля васьмісот удзельнікаў на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Фрадковым. На мерапрыемства было выдаткавана 4 мільёны расейскіх рублёў (каля 140 тысячаў даляраў).

Матэрыялы форуму пацьвердзілі: найбольшае зацікаўленьне ў ім меў афіцыйны Менск. Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, скарыстаў яго трыбуну, каб пераканаць расейцаў у плённасьці той мадэлі эканамічнай інтэграцыі, якая цяпер назіраецца паміж Беларусьсю і Расеяй. Стратэгічным накірункам такой інтэграцыі беларускі бок лічыць пашырэньне эканамічных зносінаў з расейскімі рэгіёнамі. У гэтай сувязі Лукашэнка ў часе форуму правёў сустрэчы з шэрагам губэрнатараў, імкнуўся пераканаць іх працаваць не праз Маскву і фэдэральны ўрад, а непасрэдна зь Менскам. Паводле афіцыйнай інфармацыі, дамовіліся, напрыклад, гандляваць без пасярэднікаў з Бранскай вобласьцю. Што тычыцца незалежных экспэртаў, то яны зьвяртаюць увагу на адну з ключавых праблемаў – увядзеньне расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі. Менавіта на менскім форуме прэм’ер Міхаіл Фрадкоў заявіў, што зь 1 студзеня наступнага году ніякай валютнай інтэграцыі ня будзе. А вось якім меркаваньнем наконт папярэдніх вынікаў форуму падзяліўся вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Каб адбылося што-небудзь пазытыўнае, каб былі прыняты нейкія рашэньні, я ня ведаю такога, я вось толькі чую па тэлебачаньні і бачу на старонках газэт такія як бы пажаданьні, што гэта будзе зроблена. Але што ўжо зроблена ў разьвіцьці інтэграцыі, я ня чуў за гэтыя дні. І наагул, я скептык наконт таго, што нешта можа адбыцца ў гэты час. Таму што вельмі далёка разыйшліся дзьве эканомікі. І вось цяпер я сустракаю аналізы ў расейскіх СМІ, дзе гаворыцца, калі, напрыклад, аб’яднаць зараз валюты, то ў Беларусі адбудзецца эканамічны абвал. Таму што ў Беларусі іншая эканамічная палітыка”.

Думка пра тое, што ў партнэраў па Саюзнай дзяржаве маюць месца разыходжаньні ў эканамічнай палітыцы, гучала і на менскім форуме. Хаця й невыразна, каб, як лічаць назіральнікі, не справакаваць скандалу. Лукашэнка, напрыклад, у часе свайго выступу на адкрыцьці форуму заявіў: у Расеі, маўляў, ужо ніхто не крытыкуе беларускую эканоміку і не абражае “беларускую мадэль”. Разам з тым ён зьвярнуў ўвагу расейцаў -- гэтая мадэль не разбуральная, а стваральная. Ён таксама з гонарам дадаў, што ў Беларусі не дапусьцілі масавай прыватызацыі. Аднак, нягледзячы на гэта, эканамічныя сыстэмы дзьвюх краінаў, паводле Лукашэнкі, добра, маўляў, стасуюцца. Такое меркаваньне абверг намесьнік старшыні расейскай Дзярждумы Сяргей Бабурын. Ён заявіў: пры цяперашнім стане прававых стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй інтэгравацца яны будуць сорак гадоў. Іншыя расейцы называлі прычынамі нізкага ўзроўню эканамічнай інтэграцыі палітычныя і фінансавыя праблемы. Для таго, каб зьмяніць становішча, патрэбныя, як лічыць напрыклад, удзельнік форуму з Расеі Вадзім Задняпроўскі, наступныя захады:

(Задняпроўскі: ) “Воля. Кіраўнічая воля ўрадаў, міністэрстваў і ведамстваў. Усе мусяць кіравацца найхутчэйшай рэалізацыяй пэрспэктыўных праектаў. Тады будзе праца і для навукі, і для прамысловасьці”.

Павышаная ўвага на форуме была нададзеная пытаньню таваразвароту паміж дзьвюма краінамі. Найперш, беларускім бокам. Старшыня ўраду Сяргей Сідорскі, напрыклад, заявіў, што спад у гандлі паміж краінамі быў часовай зьявай і таваразварот да канца сёлетняга году вырасьце на 20 працэнтаў. А вось расейскі бок такога аптымізму не падзяляе. Прэм’ер Міхаіл Фрадкоў, у прыватнасьці, выказаў у Менску спадзяваньне, што гэты паказьнік сёлета будзе ня горшым за леташні. А вось ацэнка Леаніда Злотнікава:

(Злотнікаў: ) “За першае паўгодзьдзе гэтага году таваразварот у фізычным аб’ёме зьменшыўся дзесьці працэнтаў на пятнаццаць. І наш імпарт з Расеі зьменшыўся, і зьменшыўся наш экспарт у Расею. Паменшыўся экспарт у Расею нашых грузавікоў, трактароў і г.д. Адным словам, мы бачым, як нашы тавары страчваюць канкурэнтназдольнасць і таваразварот зьмяншаецца. Увод у 2005 годзе новага парадку спагнаньня падатку на даданую вартасьць падштурхнуў гэты працэс”.
XS
SM
MD
LG