Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Натальля Машэрава лічыць, што бацькаву машыну ня варта прадаваць з аўкцыёну


Юлія Шарова, Менск Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, як вядома, хоча прадаць старыя службовыя аўтамабілі буйных беларускіх чыноўнікаў. У тым ліку знакаміты “ЗІЛ-4104”, на якім вазілі Пятра Машэрава, а таксама іншых кіраўнікоў Беларусі.

Для Натальлі Машэравай стаў навіной ня толькі той факт, што дзяржава хоча прадаць знакаміты аўтамабіль – “ЗІЛ-4104”. Яна ўвогуле ня верыць, што машына яшчэ існуе. Гэта завялікая рэдкасьць, яе трэба захаваць.

(Машэрава:) “Гісторыя ёсьць гісторыя, яе прадаваць ня трэба. Я думаю, хапае й сучасных машынаў. Хоць я ня веру ў тое, што гэтая машына, ЗІЛ, яшчэ існуе. Няўжо яна яшчэ жывая?”

На думку дачкі былога беларускага кіраўніка, месца такога аўтамабіля - у музэі, дзе на рарытэт змогуць паглядзець усе ахвочыя. Прадаваць машыну з аўкцыёну выпадковым людзям ня варта.

Пакуль мяркуецца, што кошт “ЗІЛа” з “саўмінаўскага гаража” будзе складаць ня меней за 100 мільёнаў беларускіх рублёў і набыць машыну зможа кожны, хто захоча.

Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін выказвае іншае меркаваньне.

(Калякін:) Гэта даволі складанае пытаньне. Ну калі б мы да прыкладу ўзялі ўсіх былых кіраўнікоў Беларускай ССР і ўзялі машыны, на якіх яны езьдзілі й захоўвалі іх як гісторыю… Я мяркую, гэта не зусім слушна. Гэта дзяржаўная ўласнасьць, і яна, як любая іншая дзяржаўная ўласнасьць, можа быць прададзеная.

Пры гэтым спадар Калякін кажа, што ў Беларусі сапраўды трэба стварыць музэй Пятра Машэрава – знакавай асобы ў айчыннай гісторыі, памяць якой яшчэ недастаткова ўшанавалі.

Ня так даўно праспэкт Машэрава быў перайменаваны ў праспэкт Пераможцаў, цяпер аўтамабіль, на якім езьдзіў былы беларускі кіраўнік, пойдзе з малатка. Што пра гэта думаюць звычайныя людзі? Мінакі, зь якімі я гутарыла на гэтую тэму, казалі наступнае:

(Спадарыня:) “Напэўна, гэта павінна належаць народу. Усё ж такі гэта гісторыя, і лепей, каб гэта было для большай колькасьці людзей”.

(Спадар:) “Недастаткова часу мінула, каб Машэраву музэй ствараць. Застаюцца толькі галоўныя падзеі ў жыцьці, і самыя вартыя людзі ў гісторыі застаюцца”.

(Дзяўчына:) “Прадаваць канечне ж ня варта. Гэта ня той тавар, якім можна гандляваць. Набудзе ня той, каму гэта трэба, а для перапродажу, можа быць”.

(Юнак:) “Паколькі перайменавалі праспэкт Машэрава, перанесьлі ў аддалены раён, то машына - меншая частка. Ужо нешта зроблена, каб зьменшыць гэтую памяць”.

Адна з маіх суразмоўніцаў не пагадзілася гаварыць у мікрафон, калі пачула пытаньне. “Мы ўсе маленькія людзі, ад нас нічога не залежыць”, – толькі адказала яна.
XS
SM
MD
LG