Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Афіцыйны Менск супраць рэфармаваньня камісіі правоў чалавека ААН


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле міжнародных праваабарончых арганізацыяў, Беларусь патрапіла ў лік 15 краінаў, якія выступаюць супроць рэфармаваньня камісіі правоў чалавека ААН у больш дзейную структуру.

Са зваротам да кіраўніцтва Беларусі зьвярнуліся аўтарытэтныя ў сьвеце праваабарончыя арганізацыі Amnesty International, Human Rights Watch і асацыяцыя барацьбы зь беднасьцю Oxfam. Праваабаронцы сьвету заклікаюць беларускія ўлады не чыніць перашкоды ў рэфармаваньні камісіі правоў чалавека ААН у больш дзейную праваабарончую структуру. Шляхі гэтага рэфармаваньня будуць абмяркоўвацца праз тыдзень у ААН. Паводле праваабаронцаў, супроць гэтага выступаюць акрамя Беларусі таксама Вэнэсуэла, Віетнам, Куба, Бірма, Пакістан, Сырыя, Туркмэністан ды некаторыя іншыя краіны.

Беларускія ўлады сапраўды не пагаджаюцца з заўвагамі, якія рэгулярна гучаць з трыбуны камісіі правоў чалавека ААН ў Жэнэве на адрас Беларусі. Прэсавы сакратар міністэрства замежных спраў Руслан Есін агучыў для Радыё Свабода афіцыйную пазыцыю Беларусі.

( Есін: ) “Мы не падзяляем высновы, якія ёсьць ў гэтай заяве адносна Беларусі. Мы перакананыя, і гэта пацьвярджаюць адпаведныя кампэтэнтныя арганізацыі, што ў нас не парушаюцца правы чалавека”.

На двух апошніх пасяджэньнях камісіі ў Жэнэве, дзе прымаліся адмысловыя рэзалюцыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прысутнічаў праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі. Ён лічыць, што крытыкавалі краіну цалкам абгрунтавана .

(Маркушэўскі: ) “ Заўвагі, якія гучалі на камісіі правоў чалавека, былі са спасылкамі на пэўныя факты парушэньняў правоў чалавека. Гэтак, спасылаліся на факты перасьледу ці ціску на мэдыі, на адсутнасьць прагрэсу ў расьсьледаваньні зьнікненьняў палітычных апанэнтаў, на перасьлед грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных актывістаў. Таму ніяк немагчыма лічыць гэтыя заўвагі беспадстаўнымі”.

Паводле Зьмітра Маркушэўскага, які шмат разоў працаваў міжнародным назіральнікам на выбарах у розных краінах сьвету, прыняцьцю захадаў па больш дзейнай працы камісіі правоў чалавека ААН перашкаджаюць ўрады якраз тых краінаў, якія яна і абвінавачвае ў шматлікіх правапарушэньнях. Між тым, на думку Зьмітра Маркушэўскага, патрэба ў рэфармаваньні камісіі сапраўды ёсьць.

( Маркушэўскі: ) “Цяпер ідуць актыўныя перамовы паміж урадамі краінаў наконт таго, якім будзе новы орган па правох чалавека. Мяркуецца, у яго зьявяцца больш эфэктыўныя магчымасьці, чым ў камісіі правоў чалавека. У прыватнасьці, магчымасьць з дазволу ці зь ініцыятывы Рады бясьпекі ААН умешвацца і прымаць пэўныя захады для абароны правоў чалавека”.

Актывісты “Міжнароднай амністыі” ды іншых праваабарончых арганізацыяў сьвету выказалі таксама заклапочанасьць пазыцыяй урадаў Ірану, Кубы, Расеі і ЗША, якія нібыта маюць намер заблякаваць падпісаньне на сэсіі ААН захадаў супроць генацыду.
XS
SM
MD
LG