Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнтары прапануюць кіраўніцтву Эўразьвязу сваё бачаньне вяшчаньня на Беларусь


Алена Струвэ, Менск Як паведамляе брусэльскае выданьне EUROBSERVER, у чацьвер, сябры эўрапейскай парлямэнцкай дэлегацыі па Беларусі зьвярнуліся да кіраўніцтва Эўразьвязу з просьбай аб стварэньні незалежнага вяшчаньня на Беларусь у адной з усходнеэўрапейскіх краінаў.

Эўракамісія абвясьціла конкурс на два мільёны эўра на стварэньне цалкам скамплектаванай вяшчальнай адзінкі на Беларусь. Заяўкі трэба падаць да 11 кастрычніка. Паводле ўмоваў тэндэру, на удзел ў конкурсе могуць прэтэндаваць буйныя кампаніі кшталту ВВС, Deutsche Welle, Radio France Internationale. Вяшчаньне на Беларусь мусіць распачацца ў наступным годзе i спачатку па-расейску.

Паралельна Эўракамісія падпісала кантракт з канцэрнам Deutsche Welle адносна праграмаў, накіраваных на беларускую аўдыторыю. Размова ідзе пра пашырэньне нямецкай станцыяй яе расейскамоўнага абслугоўваньня і выкарыстаньне ў гэтых мэтах тэхнічнага сыгналу з Масквы. Праграмы для Беларусі пачнуцца ў наступным месяцы, таксама спачатку на расейскай, а потым, ня выключана, і на беларускай мове. Як заявілі ўчора ў Страсбуры сябры парлямэнцкай дэлегацыі па Беларусі – пераважна гэта польскія палітыкі – на ўдзел у тэндэры на два мільёны эўра хацелі б прэтэндаваць і некаторыя польскія кампаніі. Што да расейскай мовы вяшчаньня, то, паводле іхных словаў, гэта цалкам памылковы момант, бо “прыніжае беларускую мову да ўзроўню мясцовага расейскага дыялекту”. Эўрапарлямэнтары перакананыя, што радыёстанцыя мусіць знаходзіцца ў Польшчы. Паводле іх, “палякі вельмі добра ведаюць культуру і мэнтальнасьць беларусаў”.

Група эўрапейскіх дэпутатаў заклікае Эўракамісію перанесьці тэрміны тэндэру. З гэтае нагоды дэпутаты падрыхтавалі адпаведны ліст да камісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр. Паводле сьпікера Эўракамісіі, Брусэль шукае дадатковыя сродкі для дэмакратызацыі Беларусі. Тым часам паведамляецца, што Варшава распачала адпаведныя перамовы з Рыгай, Вільняй і Кіевам з тым, каб тыя падтрымалі гэты праект. У тым выпадку, калі Польшча выйграе тэндэр, яна абавязуецца дадаткова субсыдыяваць праект у памеры 240 тысячаў эўра.
XS
SM
MD
LG