Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэзонныя мыты ўведзены – украінцы зьніклі з гомельскіх рынкаў


Казімер Яноўскі, Гомель Пасьля верасьнёўскага падвышэньня беларускім урадам сэзонных мытаў на бульбу ды гародніну на рынках Гомеля па сутнасьці ня стала ўкраінскіх гандляроў гэтай прадукцыяй. Увесь гандаль зарыентаваны на мясцовую гародніну. Аднак танейшай яна ня стала. З Гомеля перадае наш карэспандэнт.

З пачаткам верасьня прысутнасьці ўкраінцаў на гомельскіх рынках амаль не заўважаецца. Толькі асобныя перакупшчыкі прапануюць украінскія памідоры, перцы, баклажаны. Зрэдку – цыбулю. Ні бульбы, ні капусты, ні іншай гародніны, як гэта было летам, цяпер тут ня ўбачыш.

(Гандлярка з Чарнігаву: ) “На дзеяць эўра нам дазваляецца ўвоз гародніны”, – кажа прадавачка з Чарнігаву.

Разам зь іншай украінскай грамадзянкай суразмоўца прадае чырвоныя перцы, вінаград, грушы. Іншую садавіну ды гародніну вазіць складана. Возьмеш больш, чым на 10 эўра, на мяжы трэба плаціць: за бульбу – 50 адсоткаў яе мытнага кошту, за цыбулю – 100 адсоткаў, за моркву і сталовыя буракі – 60, за капусту – 35 адсоткаў.

Кантралёр Цэнтральнага рынку сьцьвярджае, што і памідораў сёлета стала меней:

(Кантралёр: ) “ Ня ведаю чаму, але сёлета вельмі мала памідораў”.

(Карэспандэнт:) “А цыбуля, капуста”?

(Кантралёр: ) “Капусту наогул ня возяць украінцы”, – кажа спадарыня Алена, кантралёр Цэнтральнага рынку.

На закуп мясцовай бульбы і гародніны зарыентаваны і дзяржаўныя гандлёвыя арганізацыі:

(Грабянчук: ) “Ад насельніцтва закупаем, ад калгасаў саўгасаў закупаем – усе толькі мясцовай вытворчасьці. Трэба людзям, калгасам і саўгасам дапамагчы прадаць”, – лічыць начальніца гандлёвага аддзелу нарыхтоўча-вытворчага комплексу прадпрыемства “Аблгандальсаюз” Ірына Грабянчук.

Паводле яе, нарыхтоўка гародніны па-за межамі краіны стала нявыгаднай:

(Грабянчук: ) “Там пошліны, мыты, падатак на дадатковую вартасьць – усё гэта падвышае цэны на прадукцыю”, – кажа спадарыня Грабянчук.

Арыентацыя на мясцовую гародніну, аднак, не гарантуе пакупнікам нізкіх коштаў. Напрыклад, памідоры цяпер каштуюць у крамах 1100 рублёў за кіляграм, капуста – 700 рублёў. Амаль столькі ж каштуе і бульба.
XS
SM
MD
LG