Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму б Брусэлю не прапанаваць Лукашэнку далучыцца да Эўразьвязу?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Беларусь — адзіная на эўрапейскім кантынэнце краіна, якая самаізалявалася ад агульнаэўрапейскіх працэсаў і ўжо дванаццаты год спрабуе вынайсьці ўласны шлях разьвіцьця. Чаму так адбылося? Ці ёсьць у тым віна Захаду? І ці магчымы паварот у беларускай замежнай палітыцы? Вось якімі думкамі на гэты конт падзялілася наша слухачка з Горадні Вікторыя Лявіцкая. У сваім лісьце на “Свабоду” яна піша:

“Захад загнаў Лукашэнку ў кут, зь якога няма выйсьця. Хіба гэта дальнабачная палітыка? Так, напэўна, беларускі прэзыдэнт у свой час дапускаў памылкі. Але няўжо нельга было далікатна паправіць яго, не адразаць канчаткова дарогу ў цывілізаваны сьвет? Вось і зноў пачаліся размовы пра нейкія санкцыі, пра каляровую рэвалюцыю, пра закрыцьцё межаў… Калі апошні раз прэзыдэнта незалежнай эўрапейскай дзяржавы запрашалі на саміт кіраўнікоў эўрапейскіх краін? Калі пра яго сказалі добрае слова ў заходніх мэдыях?

Любы чалавек мае права на памылку, у тым ліку і прэзыдэнт. Захад мог бы дамагчыся пазытыўных зьменаў у Беларусі значна больш мяккімі і эфэктыўнымі мэтадамі — з дапамогай дыпляматыі. Увогуле, чаму б Брусэлю не прыняць цяпер нестандартнае рашэньне: даслаць Беларусі афіцыйную прапанову аб далучэньні да Эўразьвязу. Я ўпэўнена, што беларускі народ паставіўся б да гэтага з энтузіязмам. І вельмі верагодна, што пазытыўна на гэта адрэагаваў бы і Лукашэнка: ён настроі народу заўсёды вельмі дакладна адчувае і ўлічвае”.

Для Беларусі, спадарыня Лявіцкая, шляхі ў Эўразьвяз былі і застаюцца адкрытымі. Умовы далучэньня да эўрапейскай супольнасьці для ўсіх аднолькавыя. Галоўныя зь іх — дэмакратычная прававая дзяржава, вольныя празрыстыя выбары, гарантыі правоў чалавека, рынкавая эканоміка. Пра ўсе гэтыя ўмовы беларускае кіраўніцтва добра ведае. Шматлікія эўрапейскія інстытуты гатовыя дапамагчы Беларусі ў пераходзе ад аўтарытарызму да дэмакратыі, і ня раз прапаноўвалі такую дапамогу. У сярэдзіне 1990-х гадоў Аляксандра Лукашэнку (тады яшчэ маладога прэзыдэнта) краіны Захаду актыўна запрашалі да сябе зь візытамі, ён меў магчымасьць удзельнічаць у разнастайных міжнародных імпрэзах. І перад ім былі дакладна акрэсьленыя ўмовы, пры якіх Беларусь можа стаць часткай аб’яднанай Эўропы. Але беларускі лідэр выбраў іншы шлях.

Якім чынам і калі ў Беларусі можа адбыцца зьмена ўлады? Над гэтым разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Ільля Копыл зь Менску:

“Зьмена ўлады канстытуцыйным шляхам у бліжэйшы час не прадбачыцца. А таму тэма адзінага кандыдата ад апазыцыі — невычарпальная. Яна яшчэ доўга будзе вандраваць ад выбараў да выбараў, ад аднаго пяцігадовага тэрміну да новага. Многа нараканьняў накіравана на адрас старшыні Цэнтарвыбаркаму Ярмошынай. Але ж справа зусім ня ў ёй. Ну, будзе прызначана на гэтую пасаду якая-небудзь Хамутова, Кнутова ці Аглобліна — што зьменіцца? Прызначаць жа іх будзе па-ранейшаму адна і тая ж асоба, а не кіраўнікі апазыцыі. Колькі ў Беларусі ўжо зьмянілася прэм’ер-міністраў, але ніякіх зьменаў у лепшы бок не адбываецца. Так і зь Ярмошынай.

Я ўпэўнены, што і ў 2001 годзе ня мела значэньня, на каго паставіла апазыцыя: вынік усё адно быў прадвызначаны. Як зьмяніць гэтую сытуацыю — сродкаў пакуль што не відаць. Канстытуцыйным шляхам, на маю думку, зрабіць гэта немагчыма, а сілавы мэтад нясе небясьпеку для грамадзтва. Дзе шукаць выйсьце, і якое гэта выйсьце — ня ведаю”.

Гэткімі ж сумневамі і расчараваньнямі, спадар Копыл, напэўна, маглі б падзяліцца ня толькі пабочныя назіральнікі, а і многія палітыкі, палітолягі, аналітыкі — людзі, непасрэдна ўцягнутыя ў гэтыя палітычныя кампаніі. Гатовых рэцэптаў і гарантаваных сцэнароў у гэтай справе не існуе, і ніякія паліттэхнолягі ня здольныя даць пэўны адказ на такія пытаньні. Відавочна, ў Беларусі будзе ўласны шлях да палітычных і эканамічных зьменаў. Гэтак жа, як сваю адметную дарогу да дэмакратыі прайшла кожная з суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў: Польшча — праз “Салідарнасьць”, масавыя страйкі і дыялёг апазыцыі з уладай за круглым сталом; Літва — праз драматычныя падзеі студзеня 1991-га, калі дзясяткі тысяч літоўцаў выйшлі абараняць парлямэнт і тэлевежу; Украіна — праз Майдан і “аранжавую рэвалюцыю”… Досьвед усіх суседзяў (і ня толькі суседзяў) Беларусі сьведчыць пра тое, што, па-першае, зьмены гэтыя на эўрапейскім кантынэнце сёньня непазьбежныя; а па-другое — адбываюцца яны тады, калі да гэтага гатовае грамадзтва.

Наш слухач Віктар Захараў з Чэрвеня Менскай вобласьці таксама разважае пра тое, ці магчымая ў Беларусі зьмена ўлады ў блізкай будучыні. Зьвяртаючыся да беларускай апазыцыі, спадар Захараў піша:

“Рэйтынг Лукашэнкі пакуль трымаецца, бо вы — не з народам. Вось калі вы па-сапраўднаму пачнеце працаваць зь людзьмі, тады і ўлада з вамі будзе лічыцца і размаўляць. А ня будзе за вамі стаяць народ — тады і на выбары вам ісьці няма чаго. А пакуль Лукашэнка робіць крок наперад, а вы, спадарства, — два крокі назад. Хоць і нямнога, але сёе-тое для народу ён зрабіў. А вы пакуль толькі глоткі рвеце адзін аднаму, а пра народ ня думаеце. Пры такім раскладзе Лукашэнка будзе прэзыдэнтам пажыцьцёва. Працэнтаў сорак насельніцтва яго паважае, таму што ён нешта робіць, а вось вашай працы ўвогуле не відаць. Колькі людзей вы можаце вывесьці на вуліцу? Калі не памыляюся, тысячы дзьве, ня болей. Дык не падстаўляйце людзей. А ўвогуле, калі ня будзе за вамі народу, то няма чаго ісьці на выбары. Лепш ужо абвясьціце байкот — хоць гонар і сумленьне захаваеце”.

А якім чынам, спадар Захараў, апазыцыя павінна прадэманстраваць, што яна з народам? Выкрываць хабарнікаў і прайдзісьветаў падчас прамых тэлетрансьляцыяў з парлямэнту, як гэта рабіў у свой час кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка? Ці ўзначаліць які-небудзь рэгіён, каб паказаць свае гаспадарніцкія і арганізатарскія здольнасьці, як гэта зрабілі на пачатку 1990-х гадоў апазыцыйныя палітыкі Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар? Ці выкласьці сваю пазыцыю ў адкрытых дэбатах з прадстаўнікамі ўлады, якія б трансьлявалі ўсе нацыянальныя тэлеканалы?

Відавочна, вы і сам разумееце, што гэта ва ўмовах сёньняшняй Беларусі нерэальна: улада пазбавіла апазыцыю такой магчымасьці. І зроблена гэта, відавочна, якраз дзеля таго, каб болей людзей рабілі такія высновы, якія зрабілі вы, спадар Захараў.

Фрагмэнт ліста Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач напісаў пад уражаньнем ад нядаўняга гучнага скандалу ва Ўкраіне, вакол сына прэзыдэнта Юшчанкі, які вызначыўся нясьціплымі паводзінамі:

“Для прэзыдэнта Юшчанкі гэта сур’ёзны іспыт. Не да твару яму абвінавачваць журналістаў, якія ўсё гэта выявілі. Народ усё гэта бачыць, разумее і асуджае. Такому сынку варта было добра даць па патыліцы, а адным разам і вадзіцельскае пасьведчаньне адабраць. Мы часта з розных прычынаў асуджаем Лукашэнку, але ж ягоныя дзеці — у цьвёрдай руцэ і пад кантролем. Пакуль ніхто ня чуў пра іхныя прыгоды.

Асабіста я расчараваны ва ўкраінскім прэзыдэнту, якім спачатку захапляўся і ўскладаў на яго вялікія спадзяваньні. Разьлічваў, што ён будзе адстойваць правы ўкраінскага народу — ня толькі ў самой Украіне, але і правы суайчыньнікаў за мяжой. Усё развальваецца. Вельмі шмат не задаволеных новай уладай. Ды і яна сама дае падставы для незадаволенасьці”.

У дэмакратычных краінах, спадар Сац, прыватнае жыцьцё кіраўнікоў дзяржавы ня ёсьць сакрэтам для грамадзтва. Прэзыдэнты вымушаныя з гэтым мірыцца: гэта неад’емная частка жыцьця публічнай асобы ва ўмовах, калі грамадзтва патрабавальна ставіцца да маральных якасьцяў свайго абраньніка і мае магчымасьць свабодна выказвацца на гэты конт. У Беларусі прынцыпова іншае стаўленьне ўлады да гэтай праблемы. У лістах на “Свабоду” вельмі часта паўтараюцца адны і тыя ж пытаньні слухачоў, накшталт наступных: “Хто выконвае абавязкі жонкі кіраўніка дзяржавы?”; “Чаму сын прэзыдэнта афіцыйна прызначаны ягоным памочнікам?”; “Ці праўда, што ў прэзыдэнта ёсьць пазашлюбныя дзеці?”. Адказаць на гэтыя пытаньні, абапіраючыся на афіцыйныя крыніцы, мы ня можам: у Беларусі падобнага кшталту інфармацыя трымаецца ў сакрэце і афіцыйнымі асобамі не камэнтуецца.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну і Аляксандар Івановіч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG