Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК падаў у суд на Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск БХК падаў пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі на Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Праваабаронцы скардзяцца, што гэты орган адмаўляецца зарэгістраваць замежную грашовую дапамогу. У выніку пад пагрозай апынулася існаваньне БХК, кажуць праваабаронцы.

Грашыма, якія два месяцы таму прыйшлі на рахунак БХК зь Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі (1 тысяча даляраў), беларускія праваабаронцы разьлічвалі заплаціць за арэнду офісу і тэлефонныя размовы, а таксама прафінансаваць правядзеньне чарговай канфэрэнцыі арганізацыі. Аднак у рэгістрацыі дапамогі БХК адмовіў дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі Кіраўніцтва справаў. Паводле выканаўчага дырэктара БХК Алега Гулака, у адказе за подпісам кіріўніка справаў прэзыдэнта Аляксандра Кулічкова напісана, што дапамога не рэгіструецца, бо “ня ўзгодненыя мэты” дапамогі. Між тым, Алег Гулак сьцьвярджае, што гэтых мэтаў яны не хавалі.

(Гулак: ) “Мы ўказалі, на што пойдуць грошы, інакш у нас не прынялі б заяўкі, — маўляў, яна недакладна складзеная, але ўсё роўна — адмова. Інакш нельга гэта зразумець як тое, што ім не падабаюцца гэтыя мэты. Бо ніякай матывіроўкі няма, акрамя “мэты выкарыстаньня дапамогі ня ўзгодненыя”.

Правілы атрыманьня замежнай грашовай дапамогі ў Беларусі рэгулююцца дэкрэтам прэзыдэнта №24, які быў прыняты ў 2003 годзе. Дэкрэт забараняе грамадзкім арганізацыям выкарыстоўваць замежную дапамогу на нестатутныя мэты і палітычную дзейнасьць. Пры гэтым у дэкрэце ёсьць фармулёўка пра дазвол на выкарыстаньне дапамогі “на мэты, якія ўзгодненыя з Кіраўніцтвам справаў”. Праваабаронцы лічаць, што гэтая няпэўная фармулёўка дазваляе чыноўнікам блякаваць любую грашовую дапамогу з-за мяжы і такім чынам ствараць перашкоды ў дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў. Ці ёсьць такія дзеяньні ініцыятывай асобных чыноўнікаў, альбо гэта дзяржаўная палітыка, на думку праваабаронцаў, мусіць паказаць будучы судовы працэс.

(Гулак: ) “Пабачым. Мы спадзяемся, што суд зможа расставіць кропкі ў гэтай гісторыі і прывесьці рэгістрацыю грашовай дапамогі да законнай працэдуры. А калі мы ўбачым, што немагчыма абараніць нашыя правы, тады, відаць, прыйдзецца рабіць высновы, што гэта такая дзяржаўная палітыка — на абмежаваньне працы няўрадавых арганізацыяў праваабарончага кірунку”.

У Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта не камэнтуюць прэтэнзіяў з боку БХК. Супрацоўніца Алена Гукава, якая рыхтавала адказ Кіраўніцтва справаў, адмовілася ўдакладніць прычыны, на падставе якіх БХК было адмоўлена ў рэгістрацыі дапамогі зь Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі.

Беларускі Хэльсынскі камітэт не ўпершыню судзіцца зь дзяржаўнымі ўстановамі. На пачатку году БХК выйграў у гаспадарчым судзе Менску працэс супраць падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну Менску, якая выставіла праваабаронцам грашовыя прэтэнзіі на некалькі дзясяткаў тысяч даляраў. Аднак падатковая інспэкцыя працягвае аспрэчваць гэтае рашэньне ў вышэйшых судовых інстанцыях, таму скарыстацца сваёй перамогай праваабаронцы дагэтуль ня могуць. БХК ня можа вярнуць значную суму грошай і перажывае фінансавыя праблемы.
XS
SM
MD
LG