Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кім неба – на таго ланцуг не накінеш


Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Гэта відавочна алегарычнае выслоўе. Паводле яго, на ланцуг можна ўзяць сабаку, але, скажам, бусла нельга, бо менавіта неба, як сымбаль свабоды і як сымбаль ратунку, спрыяе нябеснай істоце буслу, а не зямной істоце сабаку... Чалавек – таксама істота зямная, і з гэтае прычыны на чалавека ланцуг накінуць можна. Аднак жа сярод людзей ёсьць асаблівыя людзі, якіх (ізноў жа ў алегарычным разуменьні) не прыкуеш і не прывяжаш – то бок не прымусіш іх знаходзіцца ў адным месцы (скажам, сядзець у турме ці жыць у роднай хаце), бо гэтым людзям дапамагае, як праява найвышэйшай сілы, усё тое ж неба. Прынята лічыць, што неба дапамагае рамантыкам, вандроўнікам, жабракам, божым людзям – валацугам. Невыпадкова ж Якуб Колас у паэме “Сымон-музыка” заўважыў: Пагадзіцца з гэтым трэба: Многа ў сьвеце валацуг, Жыць дазволіла ім неба, Іх ня возьмеш на ланцуг... Дарэчы, гэта даволі аптымістычная выснова, таму кожнаму неўраўнаважанаму рамантыку раю вывучыць на памяць згаданыя радкі клясыка, а таксама ж раю – калі, ня дай Божа, здарыцца благая хвіліна! – дзеля супакаеньня самому сабе ўпэўнена сказаць: “За кім неба – на таго ланцуг не накінеш!”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG