Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сталіца джазу – пад слоем заражанай вады, у якой плаваюць трупы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Праз тыдзень пасьля таго, як ураган “Катрына” ўдарыў па Новым Арлеане, ягоная будучыня сталася пад пытаньнем. Прыблізна 60 працэнтаў гораду ўсё яшчэ застаюцца пад вадой. З гораду ўжо прымусова высяляюць апошнія тысячы яго жыхароў. Пройдуць доўгія месяцы, пакуль Новы Арлеан будзе адбудаваны і туды вернуцца людзі. Вернуцца ў горад унікальнай гісторыі і культуры. Новаарлеанцы вераць, што горад, дзе нарадзіўся джаз, перажыве сваю трагедыю. І там надалей людзі будуць жыць, і будуць сьпяваць джаз.

Адзін з самых арыгінальных гарадоў Амэрыкі сёньня знаходзіцца пад бруднай, сьмярдзючай вадой, у якой плаваюць трупы людзей. Музыкай гораду джазу стала музыка булькатаньня варожай вады.

Магчыма, менавіта джаз дапамагаў людзям ня думаць пра пагрозы прыроды. Горад, які знаходзіўся ніжэй за ўзровень мора, будаваў дамбы, кідаючы выклік імклівым водам ракі Місісіпі. Штормы? Людзі пасьмейваліся і над імі, пацягваючы папулярны чырвоны ром “Ураган” у барах на вуліцы Бурбона. Супрацьстаяньне бандытызму, карупцыі, распаду далучыліся да іншых прыкметаў вопыту і спадчыны, якія рабілі Новы Арлеан Новым Арлеанам.

Намесьнік дырэктара вяшчаньня Радыё Свабода Джойс Дэвіс нарадзілася і вырасла у Новым Арлеане. Ейныя ўспаміны пра родны горад салодка-горкія.

(Дэвіс: ) “Новы Арлеан –складаны горад. Перадусім, ён багаты на такія рэчы, якія даюць чалавеку задавальненьне – цудоўная ежа, вялікая музыка, творчая музыка. Горад мае прыгожую архітэктуру, зьвязаную з рознымі каляніяльнымі пэрыядамі, з францускімі і гішпанскімі ўплывамі. Там цудоўныя з каванага жалеза бальконы”.

Дэвіс кажа, што гэтая прыгажосьць мае і адваротны бок. Людзей у Новым Арлеане менш зачапілі ўласьцівыя Амэрыцы дзелавыя рытмы, гонка за посьпехам, і яны засяродзіліся на камфортнасьці, салодкасьці жыцьця.

Луізіяна была францускай калёніяй, затым гішпанскай. У 1700-х гадох Новы Арлеан стаў яе портам. У 1800-м – Напалеон Першы вярнуў калёнію Францыі, а ўжо праз тры гады прадаў вялізную тэрыторыю маладым Злучаным Штатам. І ўжо да сярэдзіны стагодзьдзя ў горадзе жылі каля 700 тысячаў чалавек – французы, гішпанцы, афрыканцы, карыбцы. На стыку культураў нарадзілася ўнікальная культура Новага Арлеану. Чарнаскурыя далі Новаму Арлеану свае натхнёныя "спіручуэлс" –духоўную джазавую музыку.

Дэвіс кажа, джаз выйшаў з досьведу чарнаскурых людзей, якія жылі ў Новым Арлеане, і што аж да сёньня асобныя кварталы гораду захоўваюць дух аддаленых часоў рабства. І калі гучыць джаз, нібы чуеш крыкі і стогны рабоў гвалтоўна зьвезеных у горад.

(Дэвіс: ) “Тыя рабы разьвілі пэўны від музыкі, каб выказаць свае пакуты. Гэта музыка была музыкай духоўнай, гэтак званы спіручэлс. Яна пачыналася як мэлёдыя, а працягвалася як казаньне. Казаньне затым трансфармавалася ў тое, што мы ведаем як блюз і які ўжо меў сьвецкі сэнс. З блюзу паўстаў джаз, болей складанае выказваньне пачуцьцяў чорных людзей і іх жыцьця. Гэта стала падмуркам таго, чым ёсьць сёньня Новы Арлеан.”

Сёньня ўжо новаарлеанцы не пасьмейваюцца над уладай прыроды. Ёсьць і такія, хто цьвердзіць, што ўраган “Катрына” забраў з сабой назаўсёды і 200 гадоў гісторыі Новага Арлеану. Джойс Дэвіс з гэтым не пагаджаецца. У 1990 годзе яна, як і шмат іншых таленавітых і адукаваных чорнаскурых новаарлеанцаў, пакінула сваю правінцыйную радзіму. Яна таксама думала, што ўжо ніколі больш туды ня вернецца. Аднак, пасьля трагедыі гэтых дзён, Джойс ужо ня ўпэўненая ў гэтым. На ейную думку, многія тысячы такіх як яна, былых новаарлеанцаў – “сучасныя сьвятыя” – вернуцца туды, каб адбудаваць свой горад – новы і лепшы Новы Арлеан на падмурках старога.
XS
SM
MD
LG