Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дазволіў даць памяшканьне Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка дазволіў прадставіць памяшканьне ў Менску для правядзеньня Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў, які прызначаны на пачатак кастрычніка. Пра гэта паведаміла дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА са спасылкай на прэзыдэнцкую прэсавую службу.

Пытаньне дазволу на правядзеньне Кангрэсу дэміслаў у Менску абмяркоўвалася падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынём Менскага гарвыканкаму Міхаілам Паўлавым.

Паводле спадара Паўлава, гэтае мерапрыемства не ўваходзіць у кампэтэнцыю і абавязкі Менгарвыканкаму, аднак у горадзе шмат памяшканьняў, каб правесьці кангрэс на высокім узроўні. І менскія ўлады гатовыя аказаць усялякае садзеяньне. Паўлаў даклаў кіраўніку краіны пра гатовасьць прапанаваць некалькі варыянтаў для правядзеньня апазыцыйнага кангрэсу – палацы культуры трактарнага завода, менскага аўтазавода, чыгуначнікаў, “Сукно” і “Камволь”.

Паводле афіцыйных крыніцаў, А. Лукашэнка падтрымаў такую пазыцыю менскіх уладаў. Аднак пацьвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўзяўся ніводзін з чыноўнікаў Менгарвыканкаму. Супрацоўнік ідэалягічнай управы Эдуард Тамільчык.

(Тамільчык: ) “Я ня ў курсе. Скажу наўпрост, што мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне”.

Прэсавы сакратар Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) “Ня ведаю. У мяне яшчэ няма дакумэнта”.

У менскім Гарвыканаме таксама патлумачылі, што цяпер там занятыя падрыхтоўкай да сьвяткаваньня дня гораду, а потым ужо будуць разьбірацца з кангрэсам.

Старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандар Бухвостаў нагадаў, што адпаведна закону былі накіраваны 52 запыты ўласьнікам памяшканьняў па ўсёй краіне, у тым ліку такі запыт быў накіраваны ў Менскі гарвыканкам. Аднак адусюль былі адмоўныя адказы альбо адказаў не было зусім, пакуль у гэты працэс не ўмяшаўся кіраўнік Беларусі.

Чаму ж кіраўніцтва Беларусі ідзе на саступкі?

(Бухвостаў: ) “Я думаю, ім жа сорамна стане, як гэта зьедуць усе дэмакраты за мяжу праводзіць кангрэс, а хто ж застанецца? Гэта ўжо пытаньне палітычнага прэстыжу. Лукашэнку было б цяжка даказаць, што ён не дыктатар. Бо атрымалася б, што не даюць правесьці мірны сход, абраць яму суперніка на прэзыдэнцкія выбары. А мы ставілі задачу правесьці кангрэс у Беларусі. Калі такога дазволу ня будзе, то кангрэс пройдзе ў адной з суседніх краін. У нас ужо ёсьць такія дамоўленасьці. Яны, відаць, пра гэта даведаліся і ім здалося, што гэта дрэнна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG