Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Оке Пэтэрсан наведаў офісы дзьвюх апазыцыйныя партыяў


Уладзімер Глод, Менск Новы кіраўнік офісу АБСЭ ў Беларусі амбасадар Оке Пэтэрсан 8 верасьня пазнаёміўся з умовамі, у якіх працуюць некаторыя апазыцыйныя палітычныя партыі. Амбасадар прыехаў у Аб''яднаную грамадзянскую партыю, а затым сустрэўся з кіраўніцтвам Партыі камуністаў Беларускай.

Аб''яднаная грамадзянская партыя знаходзіцца, бадай, у найлепшых "жыльлёвых" умовах параўнальна зь іншымі сваімі партнэрамі па кааліцыйнай "дзясятцы". Магчыма, з гэтай нагоды, а магчыма таму, што спадар Пэтэрсан – прафэсійны дыплямат зь вялікім стажам працы, але ён сказаў, што памяшканьне яму падабаецца.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Я правёў яго па нашым офісе, паказаў, дзе мы працуем, якія ў нас умовы, пазнаёміў зь людзьмі, якія тут былі ў гэты час. Я патлумачыў, што гэта нашая ўласнасьць, і яна стала магчымай у выніку рашэньня прыкладна 50 сяброў партыі, якія зрабілі складчыну. Дзякуючы гэтаму, мы маем памяшканьне і ня маем галоўнага болю, адрозна ад іншых палітычных партыяў, якія стаяць пад пагрозай ліквідацыі, бо ня маюць памяшканьня і ня маюць юрыдычнай адрэсы для галаўнога офісу партыі".

Кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін перадусім адзначыў, што размова кіраўніцтва партыі з швэдзкім дыпляматам праходзіла бяз удзелу перакладчыка:

(Калякін: ) "Спадар Пэтэрсан даволі свабодна размаўляе па-расейску, таму гутарылі наўпрост. Я выказаў свае думкі наконт таго, як мы бачым ўдзел офісу АБСЭ у спробах вырашыць некаторыя беларускія праблемы. Мы не разглядалі пэўных адмысловых тэмаў".

Кіраўнік офісу АБСЭ лічыць, што дзейнасьць гэтай установы залежыць не столькі ад асобаў, якія тут працуюць, а ад паўнамоцтваў, якія закладзеныя ў мандаце офісу. Менавіта разуменьне гэтага абодвума бакамі падкрэсьлівае Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Спадар Пэтэрсан пагадзіўся са мной, што вельмі не спрыяе больш плённай і эфэктыўнай працы тое, што мандат офісу ў Менску зьменены. Ён гэта таксама разумее і пагадзіўся, што спадару Віку працаваць было і лягчэй і цікавей, чым тым, хто яго пасьля зьмянілі ў Беларусі".
XS
SM
MD
LG