Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі ў Беларусі па-рознаму камэнтуюць адстаўку ўраду Ўкраіны


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў указ аб адстаўцы кабінэту міністраў на чале зь Юліяй Цімашэнкай. Адначасова ён даручыў сфармаваць новы ўрад Юрыю Еханураву, які дагэтуль займаў пасаду губэрнатара Днепрапятроўскай вобласьці. Спадар Еханураў — даўні паплечнік Юшчанкі, які працаваў першым віцэ-прэм’ерам у ягоным урадзе ў 1999—2001 гады. Як ставяцца да цяперашніх пераменаў ва ўладзе Ўкраіны беларускія палітыкі?

Цягам апошніх дзён ва Ўкраіне на адрас сябраў ураду гучалі абвінавачаньні ў карупцыі, якія і паклалі пачатак пераменам ва ўкраінскім кіраўніцтве. Былы дзяржсакратар Аляксандар Зінчанка зьвінаваціў у карупцыі сакратара Савету нацыянальнай бясьпекі і абароны Пятра Парашэнку, першага памочніка прэзыдэнта Аляксандра Трацякова і лідэра парлямэнцкай фракцыі “Наша Ўкраіна” Міколу Мартыненку. Прызначана спэцыяльная камісія, якая правядзе адмысловае расьсьледаваньне. Спадар Трацякоў адхілены ад сваёй пасады, адпраўлены ў адстаўку сакратар Савету нацыянальнай бясьпекі і абароны Пятро Парашэнка. Такім чынам, ужо няма падставаў казаць пра былое адзінства лідэраў “аранжавай” рэвалюцыі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць, што цяперашняя адстаўка Юліі Цімашэнкі была чаканай і цяпер тая пяройдзе ў жорсткую апазыцыю да Віктара Юшчанкі.

(Абрамава: ) “Два мядзьведзі ў адным бярлогу не ўжываюцца. Абодва палітыкі дастаткова моцныя, і пытаньне іх процістаяньня не завершанае. Ён яшчэ будзе мець працяг у іншай плоскасьці”.

Спадарыня Абрамава лічыць, што задачы, якія ставіліся аранжавай рэвалюцыяй, у доўгатэрміновай пэрспэктыве ўсё ж будуць выкананы. Гадоў празь пятнаццаць Украіна будзе ў Эўрапейскім зьвязе.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол станоўча ацаніў адстаўку ўраду Цімашэнкі. Ён лічыць гэта толькі пачаткам крызісу ва Ўкраіне.

(Хрол: ) “Калі прэзыдэнт і прэм’ер-міністар краіны не знаходзяць паразуменьня, і органы ўлады разрываюць краіну на часткі, ідзе перадзел уласнасьці, да добрых эканамічных наступстваў гэта не прыводзіць. Гэта будзе цудоўна, калі ў выніку Януковіч ачоліць урад Украіны. Такім чынам адбылося б прымірэньне “аранжавых” і “чырвоных”, і Ўкраіна пайшла б наперад у эканамічным разьвіцьці”.

Паводле міжнароднага каардынатара “Хартыі-97”, былога намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саньнікава, адстаўка ўраду Юліі Цімашэнкі пасьля папрокаў у пэўных праліках не азначае паразы рэвалюцыі — наадварот, гэта сьведчаньне дэмакратычных пераменаў.

(Саньнікаў: ) “Складанае становішча, сытуацыя, але ж гэта працуе на карысьць дэмакратыі. Ніхто з тых, хто вінаваціў у пэўных праліках урад, ніхто не вінаваціў самога прэзыдэнта. Ён зьяўляецца аўтарытэтам, ён гэты аўтарытэт цяпер выкарыстаў. Так, гэта было яму складана, таму што гэта яго паплечнікі, але, я думаю, што гэта ня слабасьць, а менавіта моц улады”.

Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, у шэрагах дэмакратаў ніколі не бывае адзінства. Спадар Шушкевіч добра ведае Юрыя Еханурава.

(Шушкевіч: ) “Гэта той чалавек, які патрэбны цяпер Юшчанку, каб працягваць справы аранжавай рэвалюцыі. Я не падзяляю радаснага падыходу ў расейскіх мэдыях — што адсунулі Юлію. Мне здаецца, гэта ўнутраныя справы Ўкраіны, яны там разумеюць, як лепш працягваць справу. Я веру ў Юшчанку”.
XS
SM
MD
LG