Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Борыс сустрэлася з генэральным сакратаром Рады Эўропы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Страсбуры непрызнаваная беларускімі ўладамі старшыня СПБ Анжаліка Борыс сустрэлася з генэральным сакратаром Рады Эўропы, а таксама зрабіла прамову перад сябрамі дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі і сябрамі найвялікшай фракцыі Эўрапарлямэнту – фракцыі Эўрапейскай народнай партыі. Пра што гаварыла Анжаліка Борыс у Эўрапарлямэнце?

Старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх заявіў нашаму радыё, што сустрэчы спадарыні Борыс ў Эўрапарлямэнце “былі вельмі карыснымі”.

Перад выездам з Варшавы ў Страсбур Анжаліка Борыс вельмі коратка акрэсьліла мэту свайго візыту ў Эўрапейскі парлямэнт:

(Борыс: ) “Я еду, каб прадставіць дэпутатам нашу цяперашнюю сытуацыю”.

Выглядае, што з гэтай задачай спадарыня Борыс справілася, бо яе прамовы прыцягнулі ўвагу ня толькі дэпутатаў ад Польшчы, якія традыцыйна ўздымаюць беларускія праблемы ў Эўрапейскім парлямэнце, але і дэпутатаў зь іншых краінаў – перадусім новых чальцоў Эўразьвязаў, але таксама Вялікай Брытаніі й Нямеччыны.

“Для нас вельмі важна, каб пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі даведаліся ў Эўропе і ва ўсім сьвеце. Без салідарнасьці і падтрымкі мы ня зможам вытрымаць”, – заявіла спадарыня Борыс ў часе спатканьня зь сябрамі фракцыі Эўрапейскай народнай партыі.

І ў часе сустрэчы з дэпутатамі ад Эўрапейскай народнай партыі і ў часе выступу перад чальцамі дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі Анжаліка Борыс некалькі разоў падкрэсьліла, што трэба памятаць ня толькі пра перасьлед польскай меншасьці ў Беларусі, але таксама і пра рэпрэсіі супраць беларускай апазыцыі.

“Нам, палякам, пашчасьціла, што мы маем яшчэ адну айчыну – Польшчу, якая пра нас дбае... У беларусаў гэтага няма”, – заявіла спадарыня Борыс. Паводле яе словаў сытуацыя ў Беларусі павінна зьмяніцца.

(Борыс: ) “Сытуацыя, напэўна, павінна зьмяніцца. Бо ўрэшце людзі павінны атрымаць права на аб’яднаньні, а нас за гэта абвінавачваюць у палітычнай дзейнасьці. Ці ў нармальнай краіне барацьба за такое права гэта палітыка?”, – сказала непрызнаваная афіцыйным Менскам старшыня СПБ.

Між тым старшыня Дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх заявіў Радыё Свабода, што сустрэчы спадарыні Борыс ў Эўрапарлямэнце былі “вельмі карыснымі”.

(Кліх: ) “І з палітычнага, і з эмацыйнага пунктаў гледжаньня, словы Анжалікі Борыс вельмі ўсхвалявалі прысутных, бо інфармацыя аб тым, як выглядае сытуацыя польскай меншасьці ў Беларусі была прадстаўленая не палітыкам, а чалавекам, які насуперак уласнай волі быў вымушаны займацца палітыкай і таму захоўвае сьвежасьць мысьленьня. Гэта былі глыбока праўдзівыя словы, ад сэрца. Эўразьвяз падтрымліваў і будзе падтрымліваць кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс”.

Некалькі дэпутатаў Эўрапарлямэнту, у тым ліку Бэрнард Посэльт і Элізабэт Шрэдэр зь Нямеччыны чарговы раз заклікалі Эўрапейскую камісію павялічыць выдаткі на разьвіцьцё незалежных мэдыяў на Беларусі, на што прадстаўніца Эўракамісі Анэ Койстынэн, якая прысутнічала на сустрэчы са спадарыняй Борыс заявіла, што ад 1 верасьня Эўрапейская камісія абвясьціла новы тэндэр на суму 2 мільёны эўра для мэдыяў на падрыхтоўку перадачаў для Беларусі як на расейскай, так і на беларускай мовах.

***

“Міністэрства замежных справаў Польшчы ня мае права прызнаваць альбо не прызнаваць Саюз палякаў у Беларусі”. Гэтак у зьнешнепалітычным ведамстве Беларусі пракамэнтавалі нядаўнюю афіцыйную адмову МЗС Польшчы прызнаць кіраўніцтва СПБ, абранае на зьезьдзе ў Ваўкавыску ў канцы жніўня. “Не зразумела, як урадавы орган, тым больш замежнай дзяржавы, можа прызнаваць альбо не прызнаваць кіраўніцтва грамадзкай арганізацыі ў іншай краіне. І зусім недарэчна спроба МЗС Польшчы выступаць судзьдзёй у прымяненьні беларускіх законаў,” – заявіў у чацьвер прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін. Напярэдадні МЗС Польшчы паведаміў, што партнэрамі польскіх уладаў у справах палякаў у Беларусі застанецца кіраўніцтва Саюзу на чале з Анжалікай Борыс, абранае на зьезьдзе СПБ у сакавіку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG