Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На трое сутак пасадзілі кіраўніка Ваўкавыскай арганізацыі АГП


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня у Ваўкавыску на трое сутак пасадзілі Аляксандра Барадаўкіна — кіраўніка раённай арганізацыі Аб''яднанай грамадзянскай партыі. Суд пакараў яго арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Іншы актывіст АГП павінен аддаць у якасьці штрафу сваю паўгадавую пэнсію.

У ваўкавыскім Доме культуры 27 жніўня адбываўся паўторны зьезд Саюзу палякаў. На вуліцы побач былі міліцыянты, актывісты Саюзу, журналісты. Сябры АГП стаялі з чорнымі павязкамі на рукаве, ніякіх плякатаў яны ня мелі і з прамовамі не выступалі. Зь Менску прыехаў кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька, ён размаўляў са сваімі актывістамі ды з пажылымі людзьмі, якія там знаходзіліся. Міліцыянты не заклікалі людзей разысьціся, толькі запісвалі на відэа.

(Барадаўкін:) “У пратаколе было запісана, што мы праводзілі несанкцыянаваны пікет, што выкрыквалі антыпрэзыдэнцкія лёзунгі, парушалі грамадзкі парадак, і пры ўсім тым, што вакол нас паўсюль знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Мы нічога не выкрыквалі, мы папросту моўчкі стаялі”.

Праўда, на судзе міліцыянты віной спадара Барадаўкіна назвалі толькі тое, што ён стаяў з чорнай павязкай побач са знаёмымі, а разам яны, маўляў, складалі пікет. За гэта кіраўніка мясцовай суполкі АГП судзьдзя Шукайла пакарала трохдзённым арыштам, і яго адразу забралі міліцыянты.

Учора судзьдзя Ланцэвіч аштрафавала на 600 тысяч рублёў Віталя Гуляка —аднапартыйца спадара Барадаўкіна з АГП.

Віталь Гуляк — малады хлопец, але ён зьяўляецца інвалідам ІІ-й групы, атрымлівае пэнсію па інваліднасьці — 100 тысяч рублёў у месяц. Адпаведныя даведкі былі прадстаўлены суду, але гэта ня мела выніку, і цяпер хлопцу, нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, давядзецца выдаткаваць на штраф сваю паўгадавую пэнсію.
XS
SM
MD
LG