Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ЗША выдаткуе дзясяткі мільярдаў даляраў на аднаўленьне ў Місісіпі


Сьвятлана Курс, Прага Амэрыканскі ўрад рыхтуецца выдаткаваць дзясяткі мільярдаў даляраў для аднаўленьня рэгіёнаў, разбураных ураганам “Катрына”. Аднак цэнтральныя й мясцовыя ўлады былі скрытыкаваныя ў ЗША за марудную ратавальную апэрацыю. Цяпер у Амэрыцы спрабуюць разабрацца, што пайшло ня так у папярэджаньні, эвакуацыі й ратаваньні ахвяраў урагану.

Узбаламучаныя “Катрынай” воды літаральна зьнесьлі дамбы, якія адгароджвалі Новы Арлеан ад водных стыхіяў. Гэты рэгіён – арэна змаганьня двух магутных водных рэзэрвуараў: найвялікшай на кантынэнце ракі Місісіпі зь яе вялізнай дэльтай ды Мэксыканскага заліву. Нафтавыя кампаніі цягам гадоў высякалі лясы й пракладвалі каналы, парушаючы экалягічны балянс і водную сыстэму. Гэта таксама спрычынілася да катастрафічных вынікаў.

Мэр Новага Арлеану, затопленага гораду з тысячамі загінулых, у эфіры мясцовага радыё літаральна накінуўся на фэдэральныя ўлады:

(Нэйджын: ) "Яны і паняцьця ня маюць, што тут робіцца. Прыляцелі сюды праз два дні, як гэты кляты ўраган скончыўся, з тэлекамэрамі, з рэпартэрамі AP – чорт яго бяры! Выбачайце маю лаянку, але я вельмі сярдзіты”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, рэзка скрытыкаваны амэрыканскай грамадзкасьцю за марудлівую рэакцыю, заявіў, што правядзе ўласнае расьсьледаваньне, чаму апэрацыя ішла ня так, як патрабавалі пацярпелыя. Кангрэс ЗША правядзе ўласнае расьсьледаваньне з удзелам члена Камітэту ўнутранай бясьпекі С’юзэн Колінз.

(Колінз: ) "Як здарылася, што праз чатыры гады пасьля нападу на нашую краіну 11 верасьня 2001 году, калі мы маем мільярды даляраў на бясьпеку, вялікая частка нацыі была так кепска падрыхтаваная да катастрофы?”

Крытыкі Буша вінавацяць Фэдэральную агенцыю па надзвычайных станах (FEMA), аднак Джэк Гаральд, дырэктар Інстытуту ў справах крызысаў, бедзтваў і кіраваньня рызыкаю пры Ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона, кажа, што першая прычына неапэратыўнасьці – кепскае ўзаемадзеяньне паміж мясцовымі й фэдэральнымі чыноўнікамі. Яны маюць розныя погляды на межы свае кампэтэнцыі. Фэдэральныя ўлады, паводле спадара Гаральда, лічылі, што мусяць увайсьці ў гульню толькі пасьля таго, як вычарпаюцца магчымасьці ўлад мясцовых.

Галоўная ж праблема заключалася ў тым, што ў 150 тысячаў бедных людзей не было рэсурсаў, каб пакінуць горад пасьля таго, як ня вытрымалі дамбы.

Крытыку выклікала і тое, што жаўнеры Нацыянальнай гвардыі, якія звычайна бяруць удзел у ратавальных апэрацыях, цяпер знаходзяцца ў Іраку (каля 130 тысяч жаўнераў).

Міністар абароны Дональд Рамсфэлд адказаў:

(Рамсфэлд: ) "У нас ёсьць сілы, здольнасьці ды намеры адначасна і весьці вайну з глябальным тэрарызмам, і адказаць на гуманітарны крызыс дома. Мы справімся з абодвума выклікамі. Важна памятаць, што 300 тысяч жаўнераў і лётчыкаў Нацыянальнай гвардыі знаходзяцца дома і гатовыя забясьпечваць патрэбы ЗША там, дзе гэта неабходна”.

На што сэнатарка Колінз адказала:

(Колінз: ) "Калі нашая сыстэма так кепска спрацавала і бяз ворага, то як бы фэдэральныя й мясцовыя ўлады справіліся з тэрарыстычным нападам, пра які ніхто б не папярэдзіў і які б ворагі зрабілі дзеля вялікіх разбурэньняў і сьмерцяў?”

У форме пытаньня Колінз выказала думку, што ЗША не гатовыя да выкліку глябальнага тэрарызму.
XS
SM
MD
LG