Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША абвяргае дэзынфармацыю ў беларускіх СМІ


Іна Студзінская, Менск Амбасада ЗША ў Беларусі лічыць хлусьлівымі і неабгрунтаванымі спробы шэрагу беларускіх друкаваных і электронных мэдыяў абвінаваціць супрацоўнікаў дыпляматычнага корпусу ў пастаўцы агітацыйнай літаратуры ў Беларусь і фінансаваньні апазыцыі. 8 верасьня амбасада выступіла з заявай, у якой выказвае сваю заклапочанасьць з нагоды беспадстаўных і хлусьлівых зьвестак аб незаконных дзеяньнях супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі ЗША, што нібыта мелі месца на працягу 2000—2001 гадоў.

“Сэрыя нядаўніх зманлівых заяваў, што зьявілася ў адной зь менскіх газэт і была агучаная на шэрагу дзяржаўных тэлевізійных каналаў, уяўляе сабой небясьпечны ланцуг дэзынфармацыі”, — гаворыцца ў заяве. Афіцыйныя СМІ, адзначаецца ў дакумэнце, “зрабілі намёк на тое, што нешта падобнае адбываецца і сёньня. Амбасада заяўляе аб сваёй прыхільнасьці ажыцьцяўленьню дыпляматычнай дзейнасьці адкрыта, празрыста і ў поўнай адпаведнасьці зь Венскай канвэнцыяй”.

Нагадаю, 26 жніўня тыднёвік “Обозреватель” надрукаваў інтэрвію ананімнай дзяўчыны Насьці, якая нібыта мела “раман” з аташэ амэрыканскай амбасады. Паводле Насьці, дыплямат распавядаў ёй, што супрацоўнікі амбасады пад выглядам “харчовых дэсантаў” у Вільню дастаўлялі адтуль напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году агітацыйную літаратуру і грошы для апазыцыі. А сам аташэ намякаў дзяўчыне, што ў Беларусі хутка будзе рэвалюцыя. Тэму гэтую падхапілі і яшчэ больш разьвілі Першы нацыянальны канал і ОНТ. Яны наагул абяцалі паказаць тэлевізійнае інтэрвію гэтай самай Насьці. Праўда, дагэтуль не паказалі.

Заснавальнік тыднёвіка “Обозреватель” Сяргей Атрошчанка публікаваць “Адказ Амбасады ЗША на дэзынфармацыю” не зьбіраецца:

(Атрошчанка: ) “Незразумела, якую газэту яны маюць на ўвазе. Яны не згадваюць “Обозреватель”. Яны маюць на ўвазе публікацыю ў “Обозревателе”, дзе гаворыцца, што Насьця сустракалася з супрацоўнікам амбасады? Яны могуць пацьвердзіць альбо абвяргаюць гэты факт, што сустрэчы былі? Калі яны кажуць “ілжывыя”, у якой частцы яны ілжывыя? Па ўлётках ілжывыя? Няхай яны дакладна адкажуць, што яны маюць на ўвазе — “Обозреватель” альбо не “Обозреватель”.

Заснавальнік “Обозревателя” спадар Атрошчанка паведаміў таксама, што чакае адказу ад былога амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака, да якога зьвярнуўся зь лістом.

У заяве амэрыканскай амбасады нагадваецца: “Прэзыдэнт Буш і Дзяржсакратар Райс неаднаразова заяўлялі, што народ Беларусі заслугоўвае неад''емнага права кожнага свабоднага народу — вызначаць уласную будучыню і абіраць кіраўніцтва свабодным і дэмакратычным шляхам”.

"Злучаныя Штаты будуць і надалей падтрымліваць шырокае кола аб’яднанняў па ўсёй Беларусі, якія маюць на мэце спрыяньне разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, павышэньне павагі да вяршэнства закону і правоў чалавека, а таксама садзейнічаць росту незалежных сродкаў масавай інфармацыі", гаворыцца ў заяве Амбасады ЗША ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG