Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск адрэагаваў на заклік ЗША, пазьбягаць транзыт празь Беларусь


Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства транспарту Беларусі і Мытны камітэт адрэагавалі на інфармацыю Міністэрства гандлю ЗША. Намесьнік міністра транспарту і камунікацыяў Беларусі Ўладзімер Уласень абверг інфармацыю, распаўсюджаную ўрадам ЗША, які заклікаў свае фірмы не карыстацца беларускім транзытам, а абмінаць тэрыторыю Беларусі, паколькі там існуе пагроза канфіскацыі ня толькі тавараў, але й транспартных сродкаў. З абвяржэньнем гэтай інфармацыі выступіў і Мытны камітэт Беларусі.

У распаўсюджанай Міністэрствам гандлю ЗША інфармацыі сьцьвярджаецца, што тавары і транспартныя сродкі замежных фірмаў на тэрыторыі Беларусі могуць быць захопленыя, а потым прададзеныя ў спэцыяльных крамах. Нагодай для канфіскацыі могуць быць памылкі друку, недахоп подпісаў на дакумэнтах, нязначныя неадпаведнасьці інвэнтару і грузу. Такія высновы зробленыя з апошняга досьведу, які паказвае, што колькасьць канфіскаваных у Беларусі грузаў павялічваецца. Таму амэрыканскі ўрад рэкамэндаваў сваім кампаніям абмінаць Беларусь падчас транзытных перавозак. Намесьнік міністра транспарту і камунікацыяў Беларусі Ўладзімер Уласень заявіў сёньня аб беспадстаўнасьці такіх абвінавачаньняў:

(Уласень: ) “Беларускі транзыт небясьпечны толькі для нядобрасумленных перавозчыкаў і экспартэраў. Калі груз правільна аформлены, у нас практычна няма ніякай небясьпекі. На тэрыторыі Беларусі цалкам гарантуецца захаванасьць грузаў. Калі ж ёсьць нейкія пытаньні па мытных справах, то, прабачце, гэта не маё пытаньне”.

Спадар Уласень паведаміў, што Беларусь зацікаўленая ў росьце транзыту праз сваю тэрыторыю. За мінулы год даходы ад гэтага віду дзейнасьці склалі 570 мільёнаў даляраў, зь іх 185 мільёнаў за транзыт трубаправодным транспартам.

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі ў сваю чаргу распаўсюдзіў заяву наконт таго, што інфармацыя Міністэрства гандлю ЗША грунтуецца нібыта на непраўдзівых зьвестках. Пры гэтым прэсавая служба мытнага камітэту паведаміла, што за першае паўгодзьдзе гэтага году заведзена 314 справаў аб мытных парушэньнях падчас транзыту тавараў празь Беларусь. Па частцы зь іх была ўжытая канфіскацыя грузу, якая разглядаецца мытнікамі як выключная мера, а транспартныя сродкі канфіскуюцца толькі тады, калі ў іх выяўленыя тайнікі для кантрабандных грузаў.

Тым ня менш, незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што ўрад ЗША мае падставы для рэкамэндацый аб’яжджаць Беларусь, паколькі апошнім часам кошт канфіскаваных у Беларусі тавараў складаў каля 70 мільёнаў даляраў на год, што зьяўляецца вельмі вялікай сумай. Прычым, скардзяцца на дробныя прыдзіркі і канфіскацыі ня толькі заходнія перавозчыкі, але і ўсходнія.

(Злотнікаў: ) “Я толькі нядаўна чуў ад таджыцкіх бізнэсоўцаў, што толькі ненармальны будзе правозіць каштоўныя рэчы празь Беларусь”.

Паводле інфармацыі Леаніда Злотнікава, транзыт празь Беларусь істотна скараціўся за апошнія гады. Тым часам, паводле прадстаўнікоў Мінтрансу Беларусі, сытуацыя пачала выпраўляцца, сёлета за першае паўгодзьдзе транзыт празь Беларусь вырас у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 16%.
XS
SM
MD
LG