Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з аўтараў помніка Скарыну заяўляе пра парушэньне сваіх аўтарскіх правоў


Ганна Соусь, Менск. Алесь Камлюк, адзін з архітэктараў помніка Францішку Скарыну, заяўляе аб парушэньні сваіх аўтарскіх правоў з той прычыны, што ў яго ніхто не пытаўся згоды на ўстаноўку помніка ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Алесь Камлюк лічыць, што найлепшым месцам для помніка Скарыну была б пляцоўка ля Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, дзе раней і плянавалася ўсталяваць помнік першадрукару.

Архітэктар Алесь Камлюк сьцьвярджае, што ён разам з Алесем Дранцам зьяўляецца аўтарам помніку беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. Ён лічыць, што ягоныя аўтарскія правы былі парушаныя, паколькі ў яго не запыталіся згоды, калі ўсталёўвалі помнік.

(Камлюк: ) “Усё ж гэта павінна быць месца ля Акадэміі. Лепшага месца ў Менску для гэтага помніка няма. Там лепш стасуецца — памеры, форма, усё зроблена на тое месца. З самага пачатку пачыналі ўдвух працаваць над гэтым. Прайшлі чатыры туры. Наш помнік выбралі як найлепшы”.

Я запаталася ў скульптара Алеся Дранца, аўтара помніка: ці пыталіся ягонай згоды, каб усталяваць помнік ля новага будынку бібліятэкі?

(Дранец: ) “Я не гатовы цяпер і лічу, што няма сэнсу ўздымаць гэтае пытаньне”.

Алесь Дранец гэтаксама ня стаў камэнтаваць заявы спадара Камлюка аб парушэньні ягоных аўтарскіх правоў. Пры гэтым дадаў, што гадоў пяць таму спадар Камлюк даваў сваю згоду на ўсталяваньне помніка ля бібліятэкі.

Высьветлілася і наступная акалічнасьць. Цяпер архітэктарамі помніка Скарыну афіцыйна зьяўляюцца Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў, якія распрацавалі праект комплексу Нацыянальнай бібліятэкі. Такім чынам, атрымліваецца, што імя Алеся Камлюка ў складзе аўтарскага калектыву ня згадваецца.

Але вернемся да гісторыі манумэнту. Чаму ўсё ж помнік Скарыну ў свой час ня быў усталяваны ля будынку Акадэміі Навук? Згадвае мастацтвазнаўца Пятро Васілеўскі:

(Васілеўскі: ) “Нечакана тагачасны прэзыдэнт Акадэміі навук заявіў, што Скарына ня быў навукоўцам, і маўляў, тут яму ня месца. І ўвогуле, ён будзе парушаць гарманічны архітэктурны ансамбаль. Тады Скарыну вырашылі перанесьці і паставіць побач з будынкам новай бібліятэкі. Такім чынам, пытаньне пра помнік Скарыну адцягвалася на вельмі няпэўны час. І каб гэты будынак ня быў зьвязаны з асабістым прэстыжам Аляксандра Рыгоравіча, яго б будавалі яшчэ дзесяць гадоў”.

Старшыня рэспубліканскай манумэнтальнай рады скульптар Іван Місько ўпэўнены, што помнік Скарыну вельмі ўдала спалучаецца з будынкам бібліятэкі і навакольнай архітэктурай:

(Місько: ) “Гэта лепш, чым было б там. Сёньня раскрываецца выдатная панарама гораду. Запрацавала абсалютна па-іншаму мазаіка на дамах, якую Кішчанка зрабіў разам са сваёй творчай групай. Яна цэласна ўлілася ў адзіны ансамбаль разам зь бібліятэкай”.

А паводле мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, помнік Скарыну, так бы мовіць, “перастаяў” свой час:

(Харэўскі: ) “Задуманы і зроблены пры канцы 1980-х… Цяперашняе ўвасабленьне праз больш чым 15 гадоў сьведчыць пра нейкую анахранічнасьць гэтага помніка. Цяпер пастаўлены на краі гораду, гэты помнік страціў вельмі шмат. Найперш, несумаштабны з гэтым гіганцкім будынкам, гэтак званым “брыльянтам”. Не адразу зьяўляецца асацыяцыя, што гэта за чалавек. Здалёк яго можна прыняць і за скульптуру Сталіна, якая стаяла на тым самым праспэкце. І сам вобраз Скарыны, які пазнаецца хіба што толькі па вусах. А вусы цяпер ыу многіх нашых знаных дзеячаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG